§12. Беларускія землі ў складзе Рэчы Паспалітай у другой палове XVI -- XVII ст.

Пытанні і заданні

 1. Канкрэтызуйце паняцці Рэч Паспалітая, інкарпарацыя, сенат, пасольская ізба, ліберум вета, Пакта канвента, Генрыхавы артыкулы, канфедэрацыя гістарычнымі з’явамі або фактамі і растлумачце сувязі паміж імі.
2. Пералічыце фактары, якія садзейнічалі заключэнню дзяржаўнай уніі ВКЛ з Польшчай. Складзіце схему.
3. Што сведчыць аб федэратыўнай будове Рэчы Паспалітай?
4. Растлумачце ўзаемасувязь паміж прыняццем акта Люблінскай уніі і падрых­тоўкай Статута ВКЛ 1588 г. Выкарыстайце вытрымку са Статута: «Усе, якія б яны ні былі, статуты… звязаныя з набыццём ці ўладаннем пазямельнай маёмасцю, што дасталася паляку ў Літве якім бы ні было спосабам… як супярэчныя наогул праву, справядлівасці, узаемнай братэрскай любові і Уніі, роўна як і агульнаму злучэнню, ніякай сілы мець не павінны».
5. Вызначце, што абумовіла выказванне ўдзельніка перамоў ВКЛ з Польшчай у Любліне віленскага ваяводы Мікалая Радзівіла Рудага: «На нашым храбце быў вораг, калі мы ехалі сюды, жадаючы пастанаваіць з вамі унію, якая б аб’яднала нас узаемнаю любоўю і, калі казаць праўду, мы пачалі імкнуцца да яе амаль бегам, тады як продкі нашыя ішлі да яе вельмі паціху».
6. Ці можна лічыць палітычны лад Рэчы Паспалітай прыкладам «шляхецкай дэмакратыі»?
7. Абмяркуйце пункт гледжання У. І. Пічэты на форму дзяржаўнага ўладкавання Рэчы Паспалітай: «Рэч Паспалітая не была дзяржавай унітарнага тыпу. Пры адзінстве ўлады каралеўскай і заканадаўчай Вялікае Княства Літоўскае і Польскае каралеўства захоўвалі поўную ўнутраную самастойнасць і працягвалі жыць сваім унутраным жыццём».
8. Складзіце характарыстыку аднаго з правіцеляў ВКЛ і Польшчы (на выбар). Выкарыстайце памятку.