§12. Беларускія землі ў складзе Рэчы Паспалітай у другой палове XVI -- XVII ст.

1. Перадумовы і прычыны аб’яднання Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства

Працэс збліжэння Вялікага Княства Літоўскага і Поль­шчы завяршыўся ўзнікненнем на палітычнай карце Еўропы новага дзяржаўнага ўтварэн­ня — ​Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Тэрмін «рэч паспалітая» (res publiсa) у перакладзе з лацінскай мовы азначае агульную справу. Саюз быў аформ­лены ў выніку падпісання акта Люблінскай уніі 1 ліпеня 1569 г. і праіснаваў да канца XVIІІ ст.

Збліжэнне краін пачалося з канца ХІV ст., калі ў выніку Крэўскай уніі склаўся дынастычны саюз. ВКЛ і Польшчай кіравалі Ягелоны: Казімір IV Ягайлавіч, Аляксандр, Жыгімонт Стары, Жыгімонт Аўгуст. Новыя уніі ХV—​ХVІ стст. садзейнічалі збліжэнню дзвюх дзяржаў.

У палітычным жыцці ВКЛ і Каралеўства Польскага вядучая роля паступова стала належаць шляхце. З 1566 г. яна рэгулярна збіралася на павятовыя соймікі, выбірала сваіх прадстаўнікоў на вальны сойм.

Галоўнай прычынай дзяржаўнай уніі паміж Каронай і Княствам стала цяжкае знешнепалітычнае становішча ВКЛ, выкліканае Лівонскай вайной. Лівонская вайна, распачатая ў 1558 г. маскоўскім царом Іванам IV, закранула інтарэсы Вялікага Княства Літоўскага. Поспехі рускіх войскаў у Прыбалтыцы вымусілі магістра Лівонскага ордэна падпісаць з ВКЛ пагадненне пра далучэнне Лівоніі да ВКЛ у якасці правінцыі. Тады ваенныя дзеянні былі перанесены на тэрыторыю сучаснай Беларусі. Маскоўская армія ў 1563 гг. захапіла Полацк і частку Падзвіння. Вялікаму Княству Літоўскаму патрабаваўся саюзнік. Ім стала Каралеўства Польскае. Ідэю уніі актыўна падтрымлівала шматлікая шляхта ВКЛ, якая дамагалася роўнасці ў палітычных правах з магнатамі. Магнатам належала ўся вярхоўная ўлада ў дзяржаве, кантралявалі яны і павятовыя соймікі.

У Польшчы сітуацыя была іншай. Там шляхта мела роўныя правы з прадстаўнікамі магнацкіх родаў. Падобны прыклад настройваў шляхціцаў Вялікага Княства Літоўскага дабівацца аднолькавых правоў з польскай шляхтай праз заключэнне уніі. Гэта яны адкрыта выказалі вялікаму князю і каралю Жыгімонту Аўгусту на палявым сойме пад Віцебскам у 1562 г.

Польскі бок імкнуўся да інкарпарацыі ВКЛ у склад Польшчы (Кароны). У гэтым ён абапіраўся на феадалаў-каталікоў і каталіцкую царкву, якія разгарнулі шырокую прапагандысцкую кампанію ў падтрымку уніі. Да таго ж палякаў непакоіла, што пасля смерці бяздзетнага Жыгімонта Аўгуста Вялікае Княства Літоўскае пажадае выбраць сабе асобнага манарха.

 

Як ужо адзначалася, у выніку Люблінскай уніі ВКЛ разам з Польшчай утварылі агульную Рэч Паспалітую. У складзе гэтай шляхецкай шматнацыянальнай дзяржавы ВКЛ існавала да канца XVIII ст.