§12. Беларускія землі ў складзе Рэчы Паспалітай у другой палове XVI -- XVII ст.

3. Адстойванне дзяржаўнай самастойнасці ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай

Рэч Паспалітая ўяўляла сабой саюз дзвюх дзяржаў. Асобнымі ў ВКЛ і Поль­шчы захоўваліся адміністрацыя, заканадаўства, суд, войска, афіцыйныя назвы дзяржаў, дзяржаўная пячатка, мова справаводства, грашовая эмісія.

Самастойнасць Княства захоўваў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стафан Баторый (1576—1586), які лічыў, што Польшча і ВКЛ з’яўляюцца раўнапраўнымі дзяржавамі. Ён імкнуўся не прызначаць палякаў гетманамі ВКЛ, склікаць агульныя соймы па чарзе то ў Кароне, то ў Княстве.

У часы Стафана Баторыя ў Вялікім Княстве Літоўскім быў зацверджаны Галоўны Трыбунал ВКЛ (1581 г.), які з’яўляўся вышэйшай судовай установай краіны. Гэта быў выбарны суд: ён складаўся з прадстаўнікоў павятовай шляхты, якія выбіраліся на адзін год. Збіраўся Трыбунал два разы на год у розных гарадах Княства. Пасяджэнні маглі праходзіць або ў Вільні, або ў Менску, або ў Новагародку.

Пасля смерці Баторыя новы кандыдат на трон Рэчы Паспалітай шведскі прынц Жыгімонт Ваза, каб заручыцца падтрымкай ВКЛ, пагадзіўся на прыняцце ІІІ Статута ВКЛ.

Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. замацоўваў і юрыдычна афармляў незалежнасць Княства. Ён абавязваў манарха вярнуць адлучаныя ад ВКЛ землі, забараняў прызначаць на дзяржаўныя пасады і надзяляць зямлёй «чужаземцаў і замежнікаў», у тым ліку палякаў, захоўваў адасобленасць дзяржавы.

Сведчаннем самастойнасці ВКЛ было тое, што і пасля Люблінскай уніі ў Княстве працягвалі рэгулярна збірацца вальныя соймы. У 1673 г. было прынята рашэнне, згодна з якім кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай павінен быў праходзіць у Гародні.