§12. Беларускія землі ў складзе Рэчы Паспалітай у другой палове XVI -- XVII ст.

2. Дзяржаўны лад і органы кіравання Рэчы Паспалітай

Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай быў вызначаны ўмовамі Люблінскай уніі. Кіраваў краінай сойм, які з’яўляўся вышэйшым органам дзяржаўнай улады. Сойм складалі кароль, сенат і пасольская ізба. Сенат утваралі прадстаўнікі каталіцкага духавенства, вышэйшыя службовыя асобы (140—150 чалавек). Пасольская ізба, або палата паслоў, уключала прадстаўнікоў шляхты: па два чалавекі ад павета (у сярэдзіне XVIII ст. колькасць соймавых паслоў складала 236 чалавек).

Соймы збіраліся, як правіла, адзін раз у два гады не больш чым на шэсць тыдняў. З 1589 г. кожны прадстаўнік сойма валодаў правам «ліберум вета» (так званай «свабоднай забароны»): калі хоць адзін з паслоў не быў згодны з канчат­ковай пастановай сойма, яна не прымалася ўвогуле. У выніку шмат соймаў у другой палове XVII — XVIII ст. былі сарваныя накладаннем «ліберум вета».

Сойм Рэчы Паспалітай выбіраў караля, склікаў апалчэнне, абвяшчаў вайну і заключаў мір, прызначаў падаткі з шляхты для вядзення вайны, надаваў шляхец­кае званне.

Паўнамоцтвы караля вызначаліся такімі актамі, як Пакта канвента, Генрыхавыя артыкулы. Пакта канвента складалася асобна для кожнага манарха, а Генрыхавыя артыкулы заставаліся нязменнымі. Пакта канвента ўяўляла сабой пагадненне паміж шляхтай Рэчы Паспалітай і новаабраным каралём. Яно фіксавала абавязкі манарха: забеспячэнне фінансавай дапамогі дзяржаве, выплата даўгоў папярэдняга караля, захоўванне шляхецкіх вольнасцяў, невыкарыстанне войска супраць шляхты і інш. Пакта канвента ўпершыню заключана ў 1573 г. разам з прыняццем Генрыхавых артыкулаў пры абранні на трон Генрыха Валуа.

Генрыхавы артыкулы прадугледжвалі свабоднае выбранне караля, свабоду хрысціянскага веравызнання, абавязакі караля склікаць сойм адзін раз у два гады, мець пры сабе сталую раду з 16 сенатараў. Каралю забаранялася абвяшчаць вайну і збіраць шляхецкае апалчэнне, уводзіць новыя падаткі і пошліны без згоды сойма. Шляхта мела права адмовіц­ца ад падпарадкавання каралю (стварыць канфедэрацыю) і выступіць са зброяй супраць яго.