§ 11. Дзяржаўная ўлада і мясцовае кіраванне ў ВКЛ у другой палове XІV – першай палове XVІ ст.

3. Судовая сістэма і заканадаўства

Фарміраванне судовай сістэмы ВКЛ залежала ад афармлення агульных прававых нормаў у краіне і перадачы судовых функцый ад вялікага князя да шляхты (землеўласнікаў).

У канцы XIV — ​першай палове XV ст. вялікія князі выдалі абласныя прывілеі асобным землям краіны, што паклала пачатак агульнадзяржаўнаму пісьмоваму праву. Ужо ў 1447 г. Казімір Ягайлавіч зацвердзіў агульназемскі прывілей, які рэгуляваў адносіны паміж манархам, Радай, вызначаў правы і абавязкі феадалаў перад дзяржавай. Ён жа надаваў вялікую ўвагу кадыфікацыі права. У 1468 г. быў зацверджаны Судзебнік. Гэты дзяржаўны акт уводзіў крымінальную адказнасць за здзейсненыя ўчынкі супраць прадстаўнікоў улады і жыхароў дзяржавы. Таксама Судзебнік афармляў права вотчын­нага суда землеўласніка (феадала) у адносінах да сялян, якія пражывалі на яго зямлі.

Перадача ў 1492 г. улады новаму князю — ​Аляксандру Казіміравічу — ​суправаджалася зацвярджэннем новага агульназемскага прывілея, у якім манарх перадаваў частку сваіх паўнамоцтваў у кіраванні дзяржавай прадстаўнікам велікакняжацкай адміністрацыі і Панам-Радзе. За феадаламі дзяржавы замацоўваліся наступныя правы: удзельнічаць у кіраванні ВКЛ, абвяшчаць вайну і заключаць мір, уводзіць новыя падаткі, выбіраць вялікага князя.

Вырашальныя змены ў дзяржаўным заканадаўстве прыпадаюць на час кіравання Жыгімонта І Старога. З яго згоды ў Княстве пачалася распрацоўка збору законаў феадальнага права — ​Статута, для стварэння якога былі прыцягнуты лепшыя знаўцы заходнееўрапейскага і мясцовага права. Праца адбывалася пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ Альбрэхта Гаштаўта. Тэкст ствараўся на старабеларускай мове і быў перакладзены на латынь.

Статут быў зацверджаны вялікім князем у 1529 г. У ім прапісваліся правы і абавязкі манарха, рэгламентавалася дзейнасць дзяржаўных органаў улады, у тым ліку Паноў-Рады і сойма. Дакумент вызначаў правы землеўласнікаў, якія маглі шукаць збеглых сялян, уводзіў тэрмін «земскай даўніны», абмяжоўваў становішча «пахожых» сялян. Статут усталёўваў прававыя нормы жыхароў ВКЛ, улічваючы заходнееўрапейскую прававую практыку свайго часу.

Аднак хутка стала зразумела, што Статут 1529 г. не адпавядае ўсім тагачасным грамадскім патрабаванням. У ВКЛ пачалася падрыхтоўка наступнага збору законаў. Вывучаўся вопыт суседніх дзяржаў, адбывалася запазычванне асобных інстытутаў судовай улады і прававых нормаў.

У 1563 г. Жыгімонт ІІ Аўгуст выдаў прывілей, якім ураўнаваў у палітычных правах усю шляхту дзяржавы. Затым у 1564 г. быў прыняты Бельскі прывілей, які датычыўся пераважна правоў феадалаў, іх магчымасці браць удзел у кіраванні дзяржавай. У 1566 г. вялікі князь літоўскі зацвердзіў новы Статут, які спрыяў уніфікацыі прававых нормаў, судовых устаноў і адміністрацыйнага падзелу ВКЛ і Каралеўства Польскага.

У адпаведнасці з прынятымі дзяржаўнымі актамі ў ВКЛ мянялася судовая сістэма. Яна ўключала саслоўныя і ўсесаслоўныя суды, якія фарміраваліся на пад­ставе розных прынцыпаў падбору суддзяў і падсудкаў.

Відавочна, што ў аснове вялікай колькасці судовых устаноў ВКЛ ляжала развіццё прававой думкі на працягу XV—XVI стст., фарміраванне саслоўных судоў і перанясенне заходнееўрапейскіх і польскіх прававых традыцый на беларуска-літоўскія землі.