§ 11. Дзяржаўная ўлада і мясцовае кіраванне ў ВКЛ у другой палове XІV – першай палове XVІ ст.

1. Змены ў дзяржаўным кіраванні і пераход да саслоўна-прадстаўнічай манархіі

Значныя змены ў кіраванні ВКЛ адбыліся з прыходам да ўлады дынастыі Ягелонаў (нашчадкаў Ягайлы). На працягу стагоддзя яе прадстаўнікі праводзілі палітыку захавання некалькіх прастолаў, імкнуліся кантраляваць цэлы рэгіён Еўропы, у які ўваходзілі ВКЛ, Польшча, Чэшскае і Венгерскае каралеўствы, Валахія і нават землі былога Тэўтонскага ордэна ў Прыбалтыцы. Ягелоны лічылі, што іх дынастыя павінна супрацьстаяць германізацыі, якую праводзілі імператары Свяшчэннай Рымскай імперыі ў Еўропе, абараняць каталіцкую царкву ад дэспатый (Асманскай імперыі, Крымскага ханства, Вялікага Княства Маскоўскага). Гэтая палітыка атрымала назву «Ягелонская ідэя».

У планах Ягелонаў ВКЛ займала асаблівае месца. З аднаго боку, Княства заставалася радзімай дынастыі, з другога боку, успрымалася як перыферыя ў палітычных планах. Ужо вялікі князь Казімір Ягайлавіч (1440—1492 гг.) абмежаваў свой кантроль над унутранай палітыкай ВКЛ. Пачала фарміравацца саслоўна-прадстаўнічая манархія. Вялікі князь заключаў міжнародныя пагадненні, прымаў і накіроўваў паслоў, абвяшчаў вайну і заключаў мір. Ён лічыўся вышэйшым кіраўніком дзяржавы. Але ўсе свае паўнамоцтвы вялікі князь ажыццяўляў не аднаасобна, а з удзелам Паноў-Рады, сойма і феадалаў, прызначаных на дзяржаўныя пасады.

Паны-Рада ВКЛ у 40-я гг. ХV ст. ператварыліся ў важны орган дзяржаўнага кіравання. У Раду ўваходзілі намеснікі асобных абласцей дзяржавы, кашталяны дзяржаўных замкаў. Пасяджэнні асвячаў вілен­скі каталіцкі біскуп. Аднак у хуткім часе галоўную ролю пачалі адыгрываць ваяводы і кашталяны Віленскага і Трокскага ваяводстваў. Такім чынам, у Панах-Радзе ВКЛ вылучылася вузкая група знатных людзей — ​«праднейшая лавіца», якая выконвала функцыі пастаянна дзеючага органа вышэйшай улады ў краіне. Пад іх кантролем знаходзіліся такія важныя пытанні, як фінансы, зацвярджэнне велікакняжацкіх дакументаў, кіраванне дзяржаўным войскам. Паступова склалася вузкая група феадалаў, прадстаўнікі якой займалі дзяржаўныя пасады.

У канцы XV ст. паўстала пытанне аб зацвярджэнні кандыдатуры будучага вялікага князя літоўскага. Казімір Ягайлавіч, які кіраваў дзяржавай 52 гады, хацеў, каб яго пераемнікам стаў сын Аляксандр. Права выбару вялікага князя было нададзена вальнаму (агульнадзяржаўнаму) сойму. У першай палове XVІ ст. роля сойма ўзрасла. Ва ўмовах амаль пастаянных войнаў з Вялікім Княствам Маскоўскім надзвычай важным стала права сойма ўводзіць ваенны падатак, права абвяшчаць вайну і заключаць мір. Значны ўплыў на афармленне вальнага сойма ВКЛ аказаў прыклад польскага сейма.