§ 11. Дзяржаўная ўлада і мясцовае кіраванне ў ВКЛ у другой палове XІV – першай палове XVІ ст.

2. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

У другой палове ХІІІ — ​ХІV стст. ВКЛ падзялялася на княствы, землі і воласці. Вылучаліся ў самастойную адзінку кіравання дзяржаўныя замкі і гарады з магдэбургскім правам.

У часы праўлення Альгерда пачалі фарміравацца буйны́я зямельныя ўладанні родзічаў князя. Прыкладам можа быць Трокскае княства, якое належала Кейстуту. Улада трокскага князя пашыралася ад рэк Дубісы і Нёмана на захадзе да ракі Бярэзіны на ўсходзе (Гародня, Коўна, Бабруйск, Свіслач). У 1370—1380-я гг. буй­ны́я зямельныя ўладанні сфарміраваў Скіргайла Альгердавіч, якому родны брат Ягайла перадаў у кіраванне Полацкае, Менскае і Кіеўскае княствы.

Аднак усе пажалаванні ўнутры дынастыі Гедзімінавічаў мелі прыжыццёвы харак­тар і не перадаваліся нашчадкам у спадчыну без асабістага дазволу вялікага князя.

У 1393—1395 гг. Вітаўт ліквідаваў буйны́я ўдзельныя княжанні ў Полацку, Віцебску, Смаленску, Кіеве, на Валыні і Падоллі. Калі мясцовыя князі аказвалі супраціўленне, то іх чакала турэмнае зняволенне. Калі прызнавалі ўладу Вітаўта, атрымлівалі больш дробныя і нязначныя княствы. Замест мясцовых уладароў вялікі князь прызначыў намеснікаў, якія поўнасцю выконвалі яго волю.

У 1413 г. была ўведзена новая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка — ​вая­водства. Замест былых княстваў з’явіліся Віленскае і Трокскае ваяводствы. Ідэю падзелу дзяржавы на ваяводствы перанялі ад Каралеўства Польскага. Ваявода выконваў адміністрацыйныя, судовыя, падатковыя, ваенныя функцыі, яго кандыдатура прызначалася вялікім князем. Ваявода прадстаўляў зямлю ў Панах-Радзе ВКЛ.

Выдзяленне новых ваяводстваў на тэрыторыі Княства адбывалася вельмі марудна. Гэтаму працэсу перашкаджаў статус асобных зямель у складзе краіны. Адзіная тэрытарыяльна-адміністрацыйная сістэма сфарміравалася ў сярэдзіне XVI ст. Паводле рэформы 1565 г. на беларускіх землях утвараліся ваяводствы (Віленскае, Трокскае, Берасцейскае, Віцебскае, Менскае, Новагародскае, Мсціслаўскае, Полацкае), падзеленыя на паветы. Часам адно ваяводства магло складацца толькі з аднаго павета — напрыклад, Полацкае і Мсціслаўскае ваяводствы.

У пісьмовых крыніцах паветы на беларуска-літоўскіх землях упамінаюцца ў XV ст. Яны складаліся з некалькіх валасцей (10—30 паселішчаў — ​сёл). Часам такая назва давалася адной буйной воласці. Па прыкладу Польшчы з 1565 г. павет стаў азначаць тэрытарыяльную адзінку ў складзе ваяводства. Такі падзел ствараў магчымасць для ўсталявання аднолькавай дзяржаўнай структуры ВКЛ і Польшчы, ураўнавання шляхты ВКЛ з польскай шляхтай у палітычных правах. Ад павета адбываліся выбары паслоў на вальны сойм, суддзяў у земскі (павятовы) суд.

У адміністрацыйным падзеле краіны засталіся ўдзельныя княствы, якія належалі нашчадкам дынастыі Гедзімінавічаў. Так, у XV ст. князі Алелькавічы атрымалі Слуц­кае і Капыльскае княствы. За нашчадкамі князя Лунгвена замацавалася Мсціслаўскае княства, за нашчадкамі Яўнута — ​Заслаўскае. І хаця ўплыў князёў Гедзімінавічаў у дзяржаве паступова змяншаўся, іх правы на асобныя тэрыторыі сталі прыкладам для буйны́х землеўласнікаў (магнатаў). З’явіліся тытульныя княствы і графствы, напры­к­лад, Радзівілаў у Мядзелі, Хадкевічаў у Ляхавічах, Гаштаўтаў у Геранёнах.

Праведзеныя адміністрацыйныя рэформы дапамаглі завяршыць цэнтралізацыю ВКЛ. Утварылася адзіная дзяржаўная сістэма кіравання. З’явіліся павятовыя соймікі і выбарныя шляхецкія суды.