§ 10. Становішча беларускіх земель у XIV — першай палове XV ст.

4. Характар і змест палітыкі Вітаўта

Кіраванне вялікага князя Вітаўта мож­на падзяліць на некалькі перыядаў. Першы перыяд характарызуецца прынясеннем асабістай прысягі польскай каралеве Ядвізе і каралю Ягайлу. Тое ж зрабілі ўсе прадстаўнікі дынастыі Гедзімінавічаў. Прысягаючы, яны кляліся быць вернымі польскім манархам і знаходзіцца з імі ў саюзе супраць знешніх ворагаў. Аднак роля Вітаўта ў дзяржаве вызначалася не толькі тытулам «вялікі князь», але і перадачай яму ўсіх паўнамоц­тваў ва ўнутранай і знешняй палітыцы, заключэнні дагавораў і размеркаванні дзяржаўных пасад. Вітаўт праводзіў палітыку ўмацавання дзяржавы, замяняючы ўдзельных князёў на намеснікаў.

Таксама Вітаўт арганізаваў буйны́ паход су­праць татараў, каб прыцягнуць да ВКЛ увагу папы рымскага, Тэўтонскага ордэна, Каралеўства Польскага. Вітаўт хацеў, каб за ВКЛ прызналі вядучую ролю ў збіранні рускіх зямель. Летам 1399 г. аб’яднанае войска Вітаўта выступіла на поўдзень да ракі Ворсклы. Яно складалася з велікакняжацкіх, нямецкіх, польскіх, рускіх палкоў і атрадаў Гедзімінавічаў. Але Вітаўт недаацаніў моц саперніка. Бітва была прайграна, а войскі ВКЛ адступілі да Кіева.

У баі загінула значная колькасць прадстаўнікоў дынастыі — ​летапісец нават склаў спіс забітых князёў, каб іх памяталі нашчадкі. Паход супраць татараў лічыўся крыжовым паходам і ўспрымаўся як свяшчэнная вайна. Паражэнне прымусіла вялікага князя пайсці на больш цесныя кантакты з Каралеўствам Польскім.

У другі перыяд адносіны паміж дзяржавамі былі аформлены ўмовамі Вілен­ска-Радамскай уніі 1401 г. Вітаўт пажыццёва заставаўся манархам ВКЛ. Пасля яго смерці лёс дзяржавы павінен быў вырашыць спецыяльны сход з удзелам польскіх і велікакняжацкіх прадстаўнікоў і польскага караля. Таксама Вітаўт пагадзіўся на ваенна-палітычны саюз з Каралеўствам Польскім супраць Тэўтонскага ордэна.

Войскі ВКЛ узялі ўдзел у Вялікай вайне 1409—1411 гг. Падчас яе 15 ліпеня 1410 г. пад Грунвальдам аб’яднанае войска Каралеўства Польскага і ВКЛ нанесла знішчальнае паражэнне ордэнскаму войску. Аднак галоўнай мэты саюзнікі так і не дасягнулі — ​замак Мальбарк, сталіца Ордэна, не быў узяты. Прымусіць рыцараў капітуляваць таксама не ўдалося. Гэта прывяло да заключэння Торуньскага міру і захавання даваеннай граніцы паміж дзяржавамі-саюзніцамі і Ордэнам. Толь­кі ў 1422 г. у склад ВКЛ была перададзена тэрыторыя Жамойці, якая разглядалася Вітаўтам як кампенсацыя за ўдзел ВКЛ у вайне з крыжакамі.

Пасля завяршэння Вялікай вайны ў 1413 г. у замку Гародля адбыўся сумесны з’езд прадстаўнікоў Каралеўства Польскага і Княства. На ім была заключана Гарадзельская унія. Дакумент рэгламентаваў адносіны паміж дзвюма дзяржавамі і вызначыў працэдуру выбараў манархаў для ВКЛ і Польшчы пасля смерці Ягайлы і Вітаўта. У ВКЛ уводзіліся абмежаванні на дзяржаўную службу для некаталікоў.

Трэці перыяд, апошнія дзесяцігоддзі кіравання Вітаўта, істотна павысілі аўтарытэт вялікага князя і яго дзяржавы. Вітаўту была прапанавана чэшская карона. На дапамогу чэхам вялікі князь выслаў войска на чале з Жыгімонтам Карыбутавічам. Унук Вітаўта Васіль Цёмны стаў вялікім князем маскоўскім, а рэгентам пры ім была дачка Вітаўта Соф’я. Нарэшце вырашылася татарскае пытанне — ​новы хан пайшоў на мірныя кантакты з ВКЛ. Падобная сітуацыя змяніла палітычныя планы Вітаўта.

Паўстала пытанне аб чэшскай кароне. Вітаўту мог дапамагчы імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі. Узамен Жыгімонт Люксембургскі прапанаваў Вітаўту ператварыць ВКЛ у каралеўства. На жаль, працэс асвячэння і дастаўкі кароны ў Вільню зацягнуўся. Вялікі князь захварэў на паляванні і памёр у Трокскім замку 27 кастрычніка 1430 г.