Print bookPrint book

§ 10. Становішча беларускіх земель у XIV — першай палове XV ст.

 1. Якія ўдзельныя княствы існавалі на беларускіх землях у пачатку XIV ст.?
2. Чым было абумоўлена ўтварэнне цэнтралізаваных дзяржаў у краінах Заходняй Еўропы?

Site: Профильное обучение
Course: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Book: § 10. Становішча беларускіх земель у XIV — першай палове XV ст.
Printed by: Гость
Date: Saturday, 18 May 2024, 8:43 AM

1. Шляхі ўваходжання беларускіх зямель у склад ВКЛ

У канцы XIII — пачатку XIV ст. вялікі князь Віцень актыўна шукаў саюзніка на беларускіх землях для барацьбы з Тэўтонскім ордэнам. Ім стала Полацкае княства.

У пачатку XIV ст. Полацкае княства таксама ваявала з Тэўтонскім ордэнам у Падзвінні. Супрацьстаянне адбывалася ў шчыльным саюзе з мясцовымі балцкімі плямёнамі і рускімі княствамі. У 1282 г. полацкія і велікакняжацкія палкі́ сумес­на дзейнічалі пад сценамі лівонскай крэпасці Дынабург (зараз — Даўгаўпілс, Латвія).

У пачатку XIV ст. у Полацку адбыліся палітычныя змены. Перад пагрозай перадачы горада пад кантроль нямецкіх рыцараў полацкі епіскап Якаў у 1307 г. заключыў дагавор з князем Віценем. Полацкае княства перайшло пад уладу вялікага князя. ВКЛ стала абаронцам не толькі Полацкай зямлі, але і праваслаўнай царквы. Пасля ўваходжання Полацкага княства ў склад ВКЛ полацкая епархія зрабілася афіцыйнай царкоўнай структурай дзяржавы. Полацкія епіскапы сталі насіць тытул архіепіскапаў.

Паступова ў склад ВКЛ былі ўключаны іншыя беларускія землі. Уваходжанне Менскага княства адбылося па частках. Спачатку перайшоў сам Менск пасля смер­ці князя Васіля ў 1346 г. Затым пасля смерці ўдзельнага князя Сямёна ў 1350-я гг. у складзе ВКЛ апынулася дастаткова вялікае Свіслацкае княства. Астатнія воласці, напрыклад, Бабруйская, былі падзелены паміж Віленскім і Трокскім княствамі ў часы кіравання Альгерда і Кейстута. Таксама ў складзе ВКЛ шляхам змены пануючай княжацкай дынастыі ў першай трэці XIV ст. апынуліся лагойскія землі.

Асобная група княстваў былой Тураўскай зямлі знаходзілася ў цесным кантакце з ВКЛ. Пінскае княства ўвайшло ў яго склад, верагодна, у выніку згасання роду мясцовых князёў. Ужо ў 1320 г. зямля належала сыну Гедзіміна — Нарымонту і яго нашчадкам.

 

Да іншых шляхоў уваходжання славянскіх зямель у склад ВКЛ адносяцца ваенныя паходы і прымусовае падпарадкаванне ўладзе вялікага князя. У 1356—1359 гг. Альгерд скарыстаўся ўнутранымі спрэчкамі ў Бранскім княстве і захапіў яго. Ён перадаў княжанне ў 1370 г. свайму сыну Дзмітрыю Альгердавічу. Разам з Бранскам у ВКЛ увайшлі Старадуб і Трубчэўск.

У пачатку XIV ст. пачаўся працэс паступовага ўключэння Смаленскага княства ў склад ВКЛ. Мясцовы князь Святаслаў Іванавіч імкнуўся захаваць незалежнасць сваёй дзяржавы, але ў выніку ваенных паходаў Альгерда страціў значную частку тэрыторыі — напрыклад, Мсціслаўскае княства было захоплена ў 1359 г. Пры Ягайлу і Вітаўце мясцовую смаленскую дынастыю замянілі намеснікі вялікага князя літоўскага.

У пачатку 1360-х гг. у складзе ВКЛ апынуліся вялікія абшары Кіеўшчыны і Севершчыны. Гэта дазволіла вялікім князям літоўскім заявіць пра сябе як збіраль­нікаў рускіх зямель і пераемнікаў улады вялікіх князёў кіеўскіх.

Пашырэнне тэрыторыі ВКЛ выклікала праблему арганізацыі кіравання асоб­нымі тэрыторыямі і дзяржавай. Кожная зямля мела свой статус і залежала ад адносін паміж мясцовымі князямі і вялікім князем. Зацверджанага парадку перадачы ўлады ў спадчыну не было. Гэта стварала магчымасць крызісу ўлады пры каранацыі новага манарха.

Так адбылося ў 1341—1345 гг., калі на прастол ВКЛ пасля смерці Гедзіміна ўзышоў адзін з яго малодшых сыноў — Яўнут. Спачатку ўладу новага вялікага князя прызналі ўсе прадстаўнікі дынастыі. Аднак яго нерашучая знешняя палітыка дазволіла Альгерду і Кейстуту захапіць уладу ў дзяржаве. Вялікім князем стаў Альгерд.

Пасля яго смерці ў 1377 г. дынастычны крызіс аднавіўся. Вялікім князем стаў Ягайла, аднак на вярхоўную ўладу ў розныя гады прэтэндавалі некалькі князёў (Кейстут, Андрэй Полацкі, Вітаўт). Ягайла шукаў розныя шляхі для кантролю над дзяржавай і ў выніку вымушаны быў скарыстацца дапамогай Польшчы.

2. Усходнеславянскія землі як аснова поліэтнічнай дзяржавы ВКЛ

У 1240-я гг. у Новагародку княжыў літоўскі князь Міндоўг. Ён накіраваў новагародскія дружыны на заваяванне Літвы і іншых балцкіх тэрыторый у Панямонні. Міндоўг падпарадкаваў сабе землі, што прылягалі да рэк Вілія і Нёман, і далучыў тэрыторыі, населеныя пераважна балтамі. У 1251—1253 гг. Міндоўг спрабаваў ператварыць Літоўскае княства ў каралеўства, але затым вымушаны быў адмовіцца ад кароны і каталіцтва, каб мець падтрымку сярод насельніцтва Судавіі, Жамойці і Аўкштайціі, якія вялі бесперапынныя войны з крыжакамі.

У 1260—1290-я гг. пры вялікіх князях Войшалку, Трайдзеню і Віценю ВКЛ актыўна супраціўлялася пранікненню ўлады Залатой Арды, галіцка-валынскіх князёў і Тэўтонскага ордэна ў рэгіёны Прыпяці і Панямоння. Ва ўмовах знешнепалітычнай небяспекі адбывалася кансалідацыя славян і балтаў вакол улады вялікіх князёў. Тыя ў сваю чаргу імкнуліся праводзіць унутраную палітыку з улікам этнічных і рэгіянальных асаблівасцяў. Важным палітычным і эканамічным цэнтрам дзяржавы ў другой палове ХІІІ ст. заставаўся Новагародак.

Да канца ХІІІ ст. стабілізаваліся і тэрыторыя дзяржавы, і этнічны склад насельніцтва. ВКЛ згубіла Жамойць. Граніца з Ордэнам праходзіла ў раёне ракі Дубісы. Вялікія князі пачалі ўзводзіць замкі як адміністрацыйныя і абарончыя цэнтры дзяржавы.

У канцы ХІІІ — першай палове XIV ст. палітыка дзяржавы была накіравана на пашырэнне тэрыторый за кошт аб’яднання славянскіх княстваў, якія не падпарадкоўваліся Залатой Ардзе і яе васалам або жадалі выйсці з-пад іх уплыву. Праз дагаворы і заключэнне шлюбных саюзаў у сферу ўплыву ВКЛ трапілі Полацкае, Менскае, Віцебскае, Валынскае княствы.

З далучэннем гэтых зямель у структуры дзяржавы з’явіліся праваслаўныя епархіі, новыя эканамічныя цэнтры. Была створана магчымасць для рэалізацыі ідэі «збірання», аб’яднання зямель былой Кіеўскай Русі вакол аднаго палітычнага цэнтра і вызвалення Усходняй Еўропы ад татара-мангольскага іга. У другой палове XIV ст. можна прасачыць імкненне да свяшчэннай вайны супраць Залатой Арды. У яе аснове ляжаў не столькі рэлігійны, колькі культурны антаганізм.

Імклівае далучэнне беларускіх зямель да ВКЛ прывяло да шэрагу палітычных змен. У 1323 г. вялікі князь Гедзімін афіцыйна перанёс сталіцу ў Вільню. На працягу яго кіравання былі заключаны шлюбы паміж прадстаўнікамі княжацкага роду і суседніх манархій. Дынастыю вялікіх князёў прызналі ва Усходняй Еўропе.

Па падліках польскіх гісторыкаў (Г. Лаўмянскі, Ю. Бардах), у канцы XV ст. славянскае насельніцтва ў дзяржаве складала каля 80 % ад агульнай колькасці жыхароў. Асноўнымі эканамічнымі і гандлёвымі цэнтрамі заставаліся Полацк, Смаленск, Кіеў. Пры гэтым сваю палітычную значнасць страцілі ўнутраныя раёны ВКЛ — Новагародак і летапісная Літва.

3. Крэўская унія і яе наступствы

У 1385 г. у Крэўскім замку Ягайла сустрэўся з польскімі пасламі, і ў хуткім часе была заключана унія (саюз) паміж Польскім каралеўствам і ВКЛ.

Адной з умоў уніі стала патрабаванне буйны́х польскіх феадалаў, каб вялікі князь ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай. У наступным годзе ўмовы уніі пачалі выконвацца. Ягайла хрысціўся ў Кракаве, ажаніўся з Ядвігай і быў каранаваны пад імем Уладзіслава ІІ. Дынастычны шлюб Ягайлы азначаў уключэнне ВКЛ у склад Каралеўства Польскага. Ягайла выдаў у 1387 г. у Вільні прывілей, які даваў дадатковыя эканамічныя правы феадалам каталіцкага веравызнання.

На беларускіх землях пачалася актыўная барацьба супраць палітыкі Ягайлы. Супраць яго выступіла кааліцыя з трох князёў — ​Андрэя Полацкага, Дзмітрыя Бран­скага і Глеба Смаленскага. І хаця яны былі пераможаны, у такіх умовах вялікаму князю цяжка было захоўваць уладу ў ВКЛ. Паміж Ягайлам і Вітаўтам пачаліся перамовы, якія скончыліся ў 1392 г. Востраўскім пагад­неннем і згодай Вітаўта ўзяць уладу ў ВКЛ.

4. Характар і змест палітыкі Вітаўта

Кіраванне вялікага князя Вітаўта мож­на падзяліць на некалькі перыядаў. Першы перыяд характарызуецца прынясеннем асабістай прысягі польскай каралеве Ядвізе і каралю Ягайлу. Тое ж зрабілі ўсе прадстаўнікі дынастыі Гедзімінавічаў. Прысягаючы, яны кляліся быць вернымі польскім манархам і знаходзіцца з імі ў саюзе супраць знешніх ворагаў. Аднак роля Вітаўта ў дзяржаве вызначалася не толькі тытулам «вялікі князь», але і перадачай яму ўсіх паўнамоц­тваў ва ўнутранай і знешняй палітыцы, заключэнні дагавораў і размеркаванні дзяржаўных пасад. Вітаўт праводзіў палітыку ўмацавання дзяржавы, замяняючы ўдзельных князёў на намеснікаў.

Таксама Вітаўт арганізаваў буйны́ паход су­праць татараў, каб прыцягнуць да ВКЛ увагу папы рымскага, Тэўтонскага ордэна, Каралеўства Польскага. Вітаўт хацеў, каб за ВКЛ прызналі вядучую ролю ў збіранні рускіх зямель. Летам 1399 г. аб’яднанае войска Вітаўта выступіла на поўдзень да ракі Ворсклы. Яно складалася з велікакняжацкіх, нямецкіх, польскіх, рускіх палкоў і атрадаў Гедзімінавічаў. Але Вітаўт недаацаніў моц саперніка. Бітва была прайграна, а войскі ВКЛ адступілі да Кіева.

У баі загінула значная колькасць прадстаўнікоў дынастыі — ​летапісец нават склаў спіс забітых князёў, каб іх памяталі нашчадкі. Паход супраць татараў лічыўся крыжовым паходам і ўспрымаўся як свяшчэнная вайна. Паражэнне прымусіла вялікага князя пайсці на больш цесныя кантакты з Каралеўствам Польскім.

У другі перыяд адносіны паміж дзяржавамі былі аформлены ўмовамі Вілен­ска-Радамскай уніі 1401 г. Вітаўт пажыццёва заставаўся манархам ВКЛ. Пасля яго смерці лёс дзяржавы павінен быў вырашыць спецыяльны сход з удзелам польскіх і велікакняжацкіх прадстаўнікоў і польскага караля. Таксама Вітаўт пагадзіўся на ваенна-палітычны саюз з Каралеўствам Польскім супраць Тэўтонскага ордэна.

Войскі ВКЛ узялі ўдзел у Вялікай вайне 1409—1411 гг. Падчас яе 15 ліпеня 1410 г. пад Грунвальдам аб’яднанае войска Каралеўства Польскага і ВКЛ нанесла знішчальнае паражэнне ордэнскаму войску. Аднак галоўнай мэты саюзнікі так і не дасягнулі — ​замак Мальбарк, сталіца Ордэна, не быў узяты. Прымусіць рыцараў капітуляваць таксама не ўдалося. Гэта прывяло да заключэння Торуньскага міру і захавання даваеннай граніцы паміж дзяржавамі-саюзніцамі і Ордэнам. Толь­кі ў 1422 г. у склад ВКЛ была перададзена тэрыторыя Жамойці, якая разглядалася Вітаўтам як кампенсацыя за ўдзел ВКЛ у вайне з крыжакамі.

Пасля завяршэння Вялікай вайны ў 1413 г. у замку Гародля адбыўся сумесны з’езд прадстаўнікоў Каралеўства Польскага і Княства. На ім была заключана Гарадзельская унія. Дакумент рэгламентаваў адносіны паміж дзвюма дзяржавамі і вызначыў працэдуру выбараў манархаў для ВКЛ і Польшчы пасля смерці Ягайлы і Вітаўта. У ВКЛ уводзіліся абмежаванні на дзяржаўную службу для некаталікоў.

Трэці перыяд, апошнія дзесяцігоддзі кіравання Вітаўта, істотна павысілі аўтарытэт вялікага князя і яго дзяржавы. Вітаўту была прапанавана чэшская карона. На дапамогу чэхам вялікі князь выслаў войска на чале з Жыгімонтам Карыбутавічам. Унук Вітаўта Васіль Цёмны стаў вялікім князем маскоўскім, а рэгентам пры ім была дачка Вітаўта Соф’я. Нарэшце вырашылася татарскае пытанне — ​новы хан пайшоў на мірныя кантакты з ВКЛ. Падобная сітуацыя змяніла палітычныя планы Вітаўта.

Паўстала пытанне аб чэшскай кароне. Вітаўту мог дапамагчы імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі. Узамен Жыгімонт Люксембургскі прапанаваў Вітаўту ператварыць ВКЛ у каралеўства. На жаль, працэс асвячэння і дастаўкі кароны ў Вільню зацягнуўся. Вялікі князь захварэў на паляванні і памёр у Трокскім замку 27 кастрычніка 1430 г.

5. Грамадзянская вайна 1432–1439 гг. і яе вынікі

Пасля смерці Вітаўта 27 кастрычніка 1430 г. абранне будучага вялікага князя літоўскага павінен быў ажыццявіць спецыяльны савет, у які ўваходзілі прадстаўнікі Польшчы і ВКЛ. Аднак польскі кароль Ягайла самастойна прыняў рашэнне і перадаў уладу ў Княстве свайму малодшаму брату Свідрыгайлу. Новага вялікага князя падтрымалі не ўсе феадалы ВКЛ. Каталіцкая знаць лічыла, што ён зашмат увагі надае ўсходнім і паўднёвым землям дзяржавы, так званым «рускім». Спрэчкі за падольскія землі прывялі ў 1432 г. да афіцыйнай вайны паміж ВКЛ і Польшчай.


У Ашмянах 1 верасня 1432 г. адбыўся замах на вялікага князя Свідрыгайлу. Змоўшчыкаў узначаліў брат Вітаўта северскі князь Жыгімонт Кейстутавіч. Хаця забіць князя не ўдалося, у Вільні быў абвешчаны пераход улады да Жыгімонта. Яму прысягнулі заходнія землі Княства і Паны-Рада ВКЛ. Змова была падтрымана польскім бокам, які спадзяваўся на заканчэнне канфлікта на Валыні і перадачу Падолля ў склад Польскага каралеўства. Асноўныя баявыя дзеянні адбыліся на Валыні і Падоллі. Рашаючая бітва адбылася пад Вількамірам (цяпер Укмерге, Літва) на рацэ Святой 1 верасня 1435 г. Яна завяршылася перамогай войска Жыгімонта Кейстутавіча.

Грамадзянская вайна 1432—1439 гг. была абумоўлена розніцай у маёмасных правах, у першую чаргу на зямлю, для феадалаў ВКЛ. Таксама ўзнікла праблема кіравання дзяржавай, абумоўленая канфесійнымі і тэрытарыяльнымі абмежаваннямі. Узнікла няроўнасць паміж феадаламі розных зямель Княства. Тыя, хто быў каля вялікага князя, меў больш магчымасцей для кар’ернага і маёмаснага росту. Так, узмацніліся прадстаўнікі віленскай і трокскай знаці, якая ў большасці складалася з этнічна літоўскіх феадальных родаў. Праваслаўныя феадалы былі абмежаваны ў правах. Таксама паўстала праблема статусу ВКЛ у адносінах з Польскім каралеўствам: васал ці самастойная дзяржава?

Грамадзянская вайна ў першай палове XV ст. з’яўлялася вынікам нявырашанасці сацыяльна-палітычных праблем у дзяржаве. З новым князем звязваліся вялікія надзеі.

6. Асаблівасці ўнутрыпалітычнага развіцця і знешнепалітычнага становішча ВКЛ у XV – першай палове XVI ст.

Час кіравання Казіміра Ягайлавіча з’яўляецца ўнікальным перыядам у гісторыі ВКЛ. За 52 гады была сфарміравана палітычная эліта, якая гатова была ўзяць на сябе кіраванне дзяржавай і адчувала патрэбу ў рашучых дзеяннях. З прыходам да ўлады новага вялікага князя Аляксандра ў ліпені 1492 г. пачаўся новы этап развіцця Княства, якое ваявала з Маскоўскай і Малдаўскай дзяржавамі і зведала на сабе набегі крымскіх татар. А ў канцы 1501 г. Паны-Рада ВКЛ вымушана была пагадзіцца на каранацыю Аляксандра ў якасці караля Польшчы.

Феадалы Вялікага Княства Літоўскага падзяліліся на дзве групы. У першую ўваходзілі тыя, хто находзіўся ў апазіцыі да Аляксандра і імкнуўся захаваць самастойнасць дзяржавы, у другую — тыя, хто падтрымліваў манарха і ствараў апазіцыю самім Панам-Радзе ўнутры ВКЛ. Да апошніх адносіўся князь Міхал Глінскі. Займаючы з 1499 г. прыдворныя пасады, у тым ліку маршалка, ён быў набліжаным саветнікам пры вялікім князі. Ён мог пашырыць свой уплыў у дзяржаве праз заняцце новых пасад (напрыклад, гетмана пасля перамогі ў Клецкай бітве) ці пашырэнне маёмасці. Аднак 19 жніўня 1506 г. вялікі князь памёр, і палітычны ўплыў Глінскага ў дзяржаве значна аслабеў.

У стасунках з новым манархам Жыгімонтам Старым Глінскі спрабаваў вярнуць сабе былое палітычнае становішча і добрае імя, паколькі яго абвінавацілі ў забойстве Аляксандра. Ён патрабаваў велікакняжацкага суда, але Жыгімонт Стары не жадаў з ім нават сустракацца.

У пачатку 1508 г. Глінскі пачаў адкрыты мяцеж супраць улады Вялікага Княства Літоўскага. Ужо 2 лютага ў Гародні быў забіты праціўнік Глінскага — троцкі ваявода Ян Забярэзінскі. Войскі Глінскага аблажылі Менск, выпалілі Клецкае, Копыльскае і Слуцкае княствы, узялі Мазыр.

На баку Глінскага выступіла маскоўскае войска, а сам князь заключыў дамовы з маскоўскімі, малдаўскімі і крымскімі пасламі. Сваімі дзеяннямі ён імкнуўся паказаць новаму манарху няздольнасць палітычнай эліты ВКЛ да рашучых дзеянняў па адстойванні інтарэсаў дзяржавы. Аднак ужо ў наступным годзе стала зразумелым, што мяцеж не ахопіць усю дзяржаву. Глінскага падтрымалі пераважна яго родзічы і набліжаныя да Глінскіх феадалы. Маскоўская дзяржава была не зацікаўлена весці зацяжную вайну. Гэта падштурхнула князя да ад’езду на выгнанне, а яго гарады перайшлі пад уладу вялікага князя.

Мяцеж Глінскага падштурхнуў феадалаў Княства да ўпарадкавання правоў і абавязкаў манарха ў адносінах да падданых дзяржавы, дакладнага прапісання функцый органаў улады, аб чым сведчаць адпаведныя артыкулы Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 г.

Пытанні і заданні

 1. Вызначце, што дапамагло ВКЛ распаўсюдзіць сваю ўладу на Цэнтральную і Усходнюю Беларусь.
2. Назавіце прычыны дынастычнага крызісу ў ВКЛ. Што стала прычынай грамадзянскай вайны 1432—1439 гг.?
3. Якія праблемы маглі быць вырашаны падчас унутрыпалітынага канфлікту?
4. Якая альтэрнатыва гістарычнага развіцця ВКЛ існавала пры княжанні Свідрыгайлы Альгердавіча?
5. Ахарактарызуйце асобу князя Міхала Глінскага.
6. Якія дзяржаўныя пасады і становішча пры двары давалі М. Глінскаму магчымасць умешвацца ў кіраванне дзяржавай пасля смерці князя Аляксандра?
7. Якую пазіцыю ў канфлікце Рады і князя Міхала Глінскага займаў Жыгімонт Стары?
8. Які лёс напаткаў Міхала Глінскага і яго родных у Маскоўскай дзяржаве?
9. Як вы можаце ахарактарызаваць палітычнае амплуа Міхала Глінскага: авантурыст ці кар’ерыст? Патлумачце.
10. Падрыхтуйце артыкул у фармаце Вікіпедыі аб унутрыпалітычным становішчы ў ВКЛ у ХІV—ХVстст. Падбярыце ілюстрацыі да яго.
11. Чаму ў ХІV—ХVстст. адбываецца збліжэнне ВКЛ і Польшчы?
12. Этнічная аснова Вялікага Княства Літоўскага (дамінуючы ў краіне народ) змянялася па меры тэрытарыяльнага росту самой дзяржавы. Гэта можна прасачыць па табліцы «Эвалюцыя этнічнага характару ВКЛ».

Вызначце, якія землі складалі этнічную аснову ВКЛ.