§ 10. Становішча беларускіх земель у XIV — першай палове XV ст.

1. Шляхі ўваходжання беларускіх зямель у склад ВКЛ

У канцы XIII — пачатку XIV ст. вялікі князь Віцень актыўна шукаў саюзніка на беларускіх землях для барацьбы з Тэўтонскім ордэнам. Ім стала Полацкае княства.

У пачатку XIV ст. Полацкае княства таксама ваявала з Тэўтонскім ордэнам у Падзвінні. Супрацьстаянне адбывалася ў шчыльным саюзе з мясцовымі балцкімі плямёнамі і рускімі княствамі. У 1282 г. полацкія і велікакняжацкія палкі́ сумес­на дзейнічалі пад сценамі лівонскай крэпасці Дынабург (зараз — Даўгаўпілс, Латвія).

У пачатку XIV ст. у Полацку адбыліся палітычныя змены. Перад пагрозай перадачы горада пад кантроль нямецкіх рыцараў полацкі епіскап Якаў у 1307 г. заключыў дагавор з князем Віценем. Полацкае княства перайшло пад уладу вялікага князя. ВКЛ стала абаронцам не толькі Полацкай зямлі, але і праваслаўнай царквы. Пасля ўваходжання Полацкага княства ў склад ВКЛ полацкая епархія зрабілася афіцыйнай царкоўнай структурай дзяржавы. Полацкія епіскапы сталі насіць тытул архіепіскапаў.

Паступова ў склад ВКЛ былі ўключаны іншыя беларускія землі. Уваходжанне Менскага княства адбылося па частках. Спачатку перайшоў сам Менск пасля смер­ці князя Васіля ў 1346 г. Затым пасля смерці ўдзельнага князя Сямёна ў 1350-я гг. у складзе ВКЛ апынулася дастаткова вялікае Свіслацкае княства. Астатнія воласці, напрыклад, Бабруйская, былі падзелены паміж Віленскім і Трокскім княствамі ў часы кіравання Альгерда і Кейстута. Таксама ў складзе ВКЛ шляхам змены пануючай княжацкай дынастыі ў першай трэці XIV ст. апынуліся лагойскія землі.

Асобная група княстваў былой Тураўскай зямлі знаходзілася ў цесным кантакце з ВКЛ. Пінскае княства ўвайшло ў яго склад, верагодна, у выніку згасання роду мясцовых князёў. Ужо ў 1320 г. зямля належала сыну Гедзіміна — Нарымонту і яго нашчадкам.

 

Да іншых шляхоў уваходжання славянскіх зямель у склад ВКЛ адносяцца ваенныя паходы і прымусовае падпарадкаванне ўладзе вялікага князя. У 1356—1359 гг. Альгерд скарыстаўся ўнутранымі спрэчкамі ў Бранскім княстве і захапіў яго. Ён перадаў княжанне ў 1370 г. свайму сыну Дзмітрыю Альгердавічу. Разам з Бранскам у ВКЛ увайшлі Старадуб і Трубчэўск.

У пачатку XIV ст. пачаўся працэс паступовага ўключэння Смаленскага княства ў склад ВКЛ. Мясцовы князь Святаслаў Іванавіч імкнуўся захаваць незалежнасць сваёй дзяржавы, але ў выніку ваенных паходаў Альгерда страціў значную частку тэрыторыі — напрыклад, Мсціслаўскае княства было захоплена ў 1359 г. Пры Ягайлу і Вітаўце мясцовую смаленскую дынастыю замянілі намеснікі вялікага князя літоўскага.

У пачатку 1360-х гг. у складзе ВКЛ апынуліся вялікія абшары Кіеўшчыны і Севершчыны. Гэта дазволіла вялікім князям літоўскім заявіць пра сябе як збіраль­нікаў рускіх зямель і пераемнікаў улады вялікіх князёў кіеўскіх.

Пашырэнне тэрыторыі ВКЛ выклікала праблему арганізацыі кіравання асоб­нымі тэрыторыямі і дзяржавай. Кожная зямля мела свой статус і залежала ад адносін паміж мясцовымі князямі і вялікім князем. Зацверджанага парадку перадачы ўлады ў спадчыну не было. Гэта стварала магчымасць крызісу ўлады пры каранацыі новага манарха.

Так адбылося ў 1341—1345 гг., калі на прастол ВКЛ пасля смерці Гедзіміна ўзышоў адзін з яго малодшых сыноў — Яўнут. Спачатку ўладу новага вялікага князя прызналі ўсе прадстаўнікі дынастыі. Аднак яго нерашучая знешняя палітыка дазволіла Альгерду і Кейстуту захапіць уладу ў дзяржаве. Вялікім князем стаў Альгерд.

Пасля яго смерці ў 1377 г. дынастычны крызіс аднавіўся. Вялікім князем стаў Ягайла, аднак на вярхоўную ўладу ў розныя гады прэтэндавалі некалькі князёў (Кейстут, Андрэй Полацкі, Вітаўт). Ягайла шукаў розныя шляхі для кантролю над дзяржавай і ў выніку вымушаны быў скарыстацца дапамогай Польшчы.