§ 10. Становішча беларускіх земель у XIV — першай палове XV ст.

2. Усходнеславянскія землі як аснова поліэтнічнай дзяржавы ВКЛ

У 1240-я гг. у Новагародку княжыў літоўскі князь Міндоўг. Ён накіраваў новагародскія дружыны на заваяванне Літвы і іншых балцкіх тэрыторый у Панямонні. Міндоўг падпарадкаваў сабе землі, што прылягалі да рэк Вілія і Нёман, і далучыў тэрыторыі, населеныя пераважна балтамі. У 1251—1253 гг. Міндоўг спрабаваў ператварыць Літоўскае княства ў каралеўства, але затым вымушаны быў адмовіцца ад кароны і каталіцтва, каб мець падтрымку сярод насельніцтва Судавіі, Жамойці і Аўкштайціі, якія вялі бесперапынныя войны з крыжакамі.

У 1260—1290-я гг. пры вялікіх князях Войшалку, Трайдзеню і Віценю ВКЛ актыўна супраціўлялася пранікненню ўлады Залатой Арды, галіцка-валынскіх князёў і Тэўтонскага ордэна ў рэгіёны Прыпяці і Панямоння. Ва ўмовах знешнепалітычнай небяспекі адбывалася кансалідацыя славян і балтаў вакол улады вялікіх князёў. Тыя ў сваю чаргу імкнуліся праводзіць унутраную палітыку з улікам этнічных і рэгіянальных асаблівасцяў. Важным палітычным і эканамічным цэнтрам дзяржавы ў другой палове ХІІІ ст. заставаўся Новагародак.

Да канца ХІІІ ст. стабілізаваліся і тэрыторыя дзяржавы, і этнічны склад насельніцтва. ВКЛ згубіла Жамойць. Граніца з Ордэнам праходзіла ў раёне ракі Дубісы. Вялікія князі пачалі ўзводзіць замкі як адміністрацыйныя і абарончыя цэнтры дзяржавы.

У канцы ХІІІ — першай палове XIV ст. палітыка дзяржавы была накіравана на пашырэнне тэрыторый за кошт аб’яднання славянскіх княстваў, якія не падпарадкоўваліся Залатой Ардзе і яе васалам або жадалі выйсці з-пад іх уплыву. Праз дагаворы і заключэнне шлюбных саюзаў у сферу ўплыву ВКЛ трапілі Полацкае, Менскае, Віцебскае, Валынскае княствы.

З далучэннем гэтых зямель у структуры дзяржавы з’явіліся праваслаўныя епархіі, новыя эканамічныя цэнтры. Была створана магчымасць для рэалізацыі ідэі «збірання», аб’яднання зямель былой Кіеўскай Русі вакол аднаго палітычнага цэнтра і вызвалення Усходняй Еўропы ад татара-мангольскага іга. У другой палове XIV ст. можна прасачыць імкненне да свяшчэннай вайны супраць Залатой Арды. У яе аснове ляжаў не столькі рэлігійны, колькі культурны антаганізм.

Імклівае далучэнне беларускіх зямель да ВКЛ прывяло да шэрагу палітычных змен. У 1323 г. вялікі князь Гедзімін афіцыйна перанёс сталіцу ў Вільню. На працягу яго кіравання былі заключаны шлюбы паміж прадстаўнікамі княжацкага роду і суседніх манархій. Дынастыю вялікіх князёў прызналі ва Усходняй Еўропе.

Па падліках польскіх гісторыкаў (Г. Лаўмянскі, Ю. Бардах), у канцы XV ст. славянскае насельніцтва ў дзяржаве складала каля 80 % ад агульнай колькасці жыхароў. Асноўнымі эканамічнымі і гандлёвымі цэнтрамі заставаліся Полацк, Смаленск, Кіеў. Пры гэтым сваю палітычную значнасць страцілі ўнутраныя раёны ВКЛ — Новагародак і летапісная Літва.