§ 9. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага

4. Дзейнасць першых вялікіх князёў па фарміраванні тэрыторыі ВКЛ

Знешняя палітыка ВКЛ у ХІІІ ст. была вельмі зменлівай. Нямецкая каланізацыя Прусіі і зямель куршаў, яцвягаў, судавы, жамойтаў выклікала вялікі паток перасяленцаў у ВКЛ. Сялілі іх пераважна ў гарадах, ствараючы адмысловыя раёны — напрыклад, «прускі канец» у Гародні. У 1280-я гг. адбывалася буйна́я іміграцыя яцвягаў. Нават яцвяжскі князь Скудра перайшоў на службу да вялікага князя Трайдзеня. Палітыка вялікіх князёў у апошняй трэці ХІІІ ст. была накіравана на пашырэнне тэрыторыі дзяржавы за кошт зямель яцвягаў і аўкш­тайтаў.

Паступова крыжакі выцеснілі ВКЛ з Жамойці. Пачаліся пастаянныя памежныя сутычкі з Тэўтонскім ордэнам. Абодва бакі арганізоўвалі дробныя ваенныя выправы (рэйды) па ўсёй даўжыні граніцы. Для абароны яны пачалі будаваць крэпасці-замкі, умацоўваць гарады, узводзіць вежы-данжоны. Рэйды крыжакоў прыносілі ВКЛ значныя чалавечыя страты.

Але больш істотная пагроза зыходзіла ад буйны́х паходаў, наладжаных галіцка-валынскімі князямі сумесна з мангола-татарамі. Так, у 1274 г. адбылася выправа на гарады Панямоння — Ваўкавыск, Слонім і Новагародак. Войску ВКЛ удалося захаваць Новагародак. Манголы адступілі ад Ваўкавыска і Слоніма. Гэта быў іх самы вялікі і апошні паход на беларускія землі.

У канцы ХІІІ ст. да ўлады ў ВКЛ прыйшоў князь Віцень. Яго палітыка свед­чыла аб спробах узмацнення абараназдольнасці дзяржавы. Пачалося будаў­ніцтва мураваных замкаў у ВКЛ з поўдня на поўнач. Былі ўзведзены вежы Новагародка.

Працэс стварэння «каменнага пояса» ВКЛ завяршыўся пры вялікім князю Гедзіміне з пабудовай верхняга замка-рэзідэнцыі ў Вільні.

Летапісы сцвярджаюць пра абавязак усіх дарослых мужчын удзельнічаць у абароне сваёй зямлі, выгнанні з яе ворагаў. Працэсы сумеснай абароны ад знешніх ворагаў садзейнічалі правядзенню ўнутранай каланізацыі беларускіх зямель, стварэнню новых гарадоў, развіццю гандлю.

Поліэтнічны характар дзяржавы быў абумоўлены існаваннем у Панямон­ні балта-славянскага памежжа, актыўным перамяшчэннем насельніцтва з іншых зямель у ВКЛ.