§ 9. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага

1. Праблема летапіснай Літвы

Спрэчкі паміж прыхільнікамі розных канцэпцый утварэння Вялікага Княства Літоўскага і ролі ў ім славян і балтаў працягваюцца па сённяшні дзень.

Неабходна размяжоўваць гістарычную Літву, гэта значыць Літву, якая ўпамінаецца ў старажытных пісьмовых крыніцах, і сучасную Літву (Літоўская Рэспубліка). Літва як гістарычны тэрмін з’яўляецца ў пісьмовых крыніцах у ХІ—ХІІ стст. Пад ёй разумеецца як тэрыторыя (літоўская зямля), так і супольнасць людзей (племя літва).

У канцы Х — пачатку ХІ ст. хрысціяне актыўна праводзілі місіянерскую дзейнасць на ўсход ад Рыма. Пад 1009 г. у Кведлінбургскіх аналах згадваецца забойства «на мяжы Русі і Літвы» каталіцкага місіянера з Кверфурта Бруна. Дакладна месца, дзе гэта адбылося, вызначыць немагчыма.

Усходнеславянскія княствы праводзілі сваю каланізацыйную палітыку ў напрамку летапіснай Літвы. Вядомы паходы кіеўскага князя Яраслава Мудрага ў 1040-я гг. і, магчыма, заснаванне ім горада Новагародка. З літвой ваяваў у 1132 г. сумесна з гарадзенскім князем Усеваладкам князь Мсціслаў Уладзіміравіч. Хадзіў на літву ў 1159 г. менскі князь Валадар Глебавіч. Таксама ў ХІІ ст. актывізаваліся напады плямён літвы на славянскія землі Русі: адбылося каля паўсотні паходаў.

Аднак не ўсе славянскія княствы канфліктавалі з літвой. Полацкая зямля праводзіла сумесныя паходы з літоўскімі дружынамі ў Падзвінні. Сустракаюцца звесткі пра заключэнне ў першай палове ХІІІ ст. дамоваў паміж яцвягамі, мазавецкімі і галіцка-валынскімі князямі. У перамовах прымалі ўдзел у якасці пасрэднікаў ваенныя правадыры літвы. Сярод іх пад 1219 г. узгадваецца імя князя Міндоўга, а ўжо ў 1238 г. летапіс называе «Літву Міндоўга», з якой супернікі яго выганяюць у Новагародак.

Такім чынам, у пісьмовых крыніцах тэрмін «літва» на працягу ХІ—ХІІІ стст. праходзіць своеасаблівую эвалюцыю. Пад ім аўтары разумелі тэрыторыю, якая размешчана на памежжы сучасных краін — Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі. У 30—40-я гг. ХІІІ ст. Літва паўстае як уладанне князя Міндоўга. Менавіта за яе, а таксама і за іншыя балцкія землі Панямоння, разгарнулася барацьба паміж балцкімі князямі і новагародскімі дружынамі на чале з Міндоўгам, з аднаго боку, і Тэўтонскім ордэнам, з другога.