Print bookPrint book

§ 9. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага

   

Site: Профильное обучение
Course: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Book: § 9. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага
Printed by: Госць
Date: Saturday, 18 May 2024, 1:20 PM

1. Праблема летапіснай Літвы

Спрэчкі паміж прыхільнікамі розных канцэпцый утварэння Вялікага Княства Літоўскага і ролі ў ім славян і балтаў працягваюцца па сённяшні дзень.

Неабходна размяжоўваць гістарычную Літву, гэта значыць Літву, якая ўпамінаецца ў старажытных пісьмовых крыніцах, і сучасную Літву (Літоўская Рэспубліка). Літва як гістарычны тэрмін з’яўляецца ў пісьмовых крыніцах у ХІ—ХІІ стст. Пад ёй разумеецца як тэрыторыя (літоўская зямля), так і супольнасць людзей (племя літва).

У канцы Х — пачатку ХІ ст. хрысціяне актыўна праводзілі місіянерскую дзейнасць на ўсход ад Рыма. Пад 1009 г. у Кведлінбургскіх аналах згадваецца забойства «на мяжы Русі і Літвы» каталіцкага місіянера з Кверфурта Бруна. Дакладна месца, дзе гэта адбылося, вызначыць немагчыма.

Усходнеславянскія княствы праводзілі сваю каланізацыйную палітыку ў напрамку летапіснай Літвы. Вядомы паходы кіеўскага князя Яраслава Мудрага ў 1040-я гг. і, магчыма, заснаванне ім горада Новагародка. З літвой ваяваў у 1132 г. сумесна з гарадзенскім князем Усеваладкам князь Мсціслаў Уладзіміравіч. Хадзіў на літву ў 1159 г. менскі князь Валадар Глебавіч. Таксама ў ХІІ ст. актывізаваліся напады плямён літвы на славянскія землі Русі: адбылося каля паўсотні паходаў.

Аднак не ўсе славянскія княствы канфліктавалі з літвой. Полацкая зямля праводзіла сумесныя паходы з літоўскімі дружынамі ў Падзвінні. Сустракаюцца звесткі пра заключэнне ў першай палове ХІІІ ст. дамоваў паміж яцвягамі, мазавецкімі і галіцка-валынскімі князямі. У перамовах прымалі ўдзел у якасці пасрэднікаў ваенныя правадыры літвы. Сярод іх пад 1219 г. узгадваецца імя князя Міндоўга, а ўжо ў 1238 г. летапіс называе «Літву Міндоўга», з якой супернікі яго выганяюць у Новагародак.

Такім чынам, у пісьмовых крыніцах тэрмін «літва» на працягу ХІ—ХІІІ стст. праходзіць своеасаблівую эвалюцыю. Пад ім аўтары разумелі тэрыторыю, якая размешчана на памежжы сучасных краін — Рэспублікі Беларусь і Літоўскай Рэспублікі. У 30—40-я гг. ХІІІ ст. Літва паўстае як уладанне князя Міндоўга. Менавіта за яе, а таксама і за іншыя балцкія землі Панямоння, разгарнулася барацьба паміж балцкімі князямі і новагародскімі дружынамі на чале з Міндоўгам, з аднаго боку, і Тэўтонскім ордэнам, з другога.

2. Утварэнне ВКЛ як поліэтнічнай дзяржавы

1237—1240 гг. сталі вызначаль­нымі для Усходняй Еўропы. Буйны́я арміі мангола-татараў уварваліся ў межы рускіх княстваў і нанеслі ім знішчальныя паражэнні. Быў разбураны Кіеў. Адначасова манголы спалілі і разрабавалі Тураў. Пацярпела таксама Берасцейшчына. Ваенныя паражэнні абумовілі масавае перамяшчэнне насельніцтва, якое сыходзіла на поўнач, у Беларускае Панямонне.

У першай палове ХІІІ ст. узрасла роля балцкага племені літвы. Яно актыўна ваявала з мазавецкімі, галіцка-валынскімі, новагарод­скімі князямі. Беларускія землі ў той час яшчэ знаходзіліся ў стане раздробленасці. Мясцовыя княжацкія роды страцілі сваю моц. Знешнепалітычная пагроза прымушала шукаць больш аўтарытэтных князёў, каб аб’яднаць сілы для адпору знешняму ворагу. Ім стаў літоўскі князь Міндоўг. Ён вядомы не толькі як палкаводзец, але і як дыпламат: удзельнічаў у перамовах паміж галіцка-валынскімі і яцвяжскімі князямі. У сярэдзіне 1240-х гг. Міндоўг стаў княжыць у Новагарод­ку і пачаў актыўную палітыку па падпарадкаванні новых тэрыторый.

Новагародскія баяры і балцкія князі падтрымалі палітыку Міндоўга. Для ўмацавання сваёй улады і супраціўлення нямецкім рыцарам князь пагадзіўся на перамовы з Папам Рымскім. Пры пасрэдніцтве магістра Лівонскага ордэна ён прыняў хрышчэнне павод­ле каталіцкага абраду і каранаваўся каралём Літвы ў 1253 г.

Але саюз Міндоўга з рыцарамі не меў папулярнасці ні ў Новагародку, ні сярод балтаў. Тады князь пайшоў на палітычны крок. Ён адмовіўся ад хрышчэння і кароны, а частку сваёй дзяржавы з Новагародкам перадаў сыну Войшалку. За сабой пакінуў кантроль над балцкімі тэрыторыямі (Нальшчаны, Аўкштайція і Жамойць). Перамога балтаў над нямецкімі рыцарамі каля возера Дурбе ў 1260 г. стала яго апошнім палітычным поспехам. Праз тры гады Міндоўг быў забіты князямі-змоўшчыкамі. 

З 1253 па 1263 г. Новагародскае княства знаходзілася пад уплывам галіцка-валынскіх князёў. Дынастыя, заснаваная Данілам Галіцкім, паступова стала самай аўтарытэт­най у рэгіёне. Князям удавалася дамаўляцца нават з мангольскімі ханамі. Адначасова прадстаўнікі гэтай дынастыі мелі кантакты з заходнееўрапейскімі дзяржавамі.

У такіх умовах вяртанне Войшалка ў 1264 г. з манаства на княжацкі прастол было вынікам сумеснага рашэння яго, новагародскіх баяр і балцкіх князёў. Яны разам выступілі ў абарону сваёй новай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага.

 

Вялікае Княства Літоўскае ад самага свайго стварэння было поліэтнічнай (шматнацыянальнай) дзяржавай. Яе ядром у сярэдзіне ХІІІ ст. сталі землі Новагародскага княства і землі Літвы пад кіраваннем князя Міндоўга. Пазней у склад дзяржавы былі ўключаны балцкія тэрыторыі, населеныя яцвягамі, аўкштайтамі, жамойтамі і інш. Адбылося перасяленне часткі прусаў на беларускія землі. У склад ВКЛ паступова ўвайшлі землі суседніх княстваў (Полацкага, Менскага, Турава-Пін­скага, Віцебскага), што заклала падмурак для сумеснага палітычнага, эканамічнага і культурнага развіцця.

Працэсы аб’яднання зямель у абставінах сумеснай абароны ад знешніх ворагаў стварылі ўмовы для развіцця ВКЛ, умацавання яго абараназдольнасці і фарміравання новых гарадоў. Аслабленне знешняй пагрозы з боку Галіцка-Валын­-скага княства і манголаў, стабілізацыя граніцы з Тэўтонскім ордэнам дазволілі праводзіць больш актыўную знешнюю палітыку ва ўсходнім і паўночным кірунках. З ХІV ст. ВКЛ пачало пашырацца ў асноўным за кошт славянскіх княстваў.

3. Асноўныя канцэпцыі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага

У сучаснай навуцы існуюць некалькі канцэпцый утварэння Вялікага Княства Літоўскага. Яны абумоўлены рознымі падыходамі вучоных да гістарычнага мінулага. Вялікі ўплыў на іх аказвалі палітычныя падзеі ў сучасных ім краінах (нацыятворчыя працэсы і фарміраванне знешніх граніц у ХХ ст.). 

Меркаванні даследчыкаў грунтуюцца на двух базавых палажэннях: першае — пра падпарадкаванасць у ВКЛ у другой палове XIII ст. балтаў славянам ці славян балтам у сацыяльна-палітычных адносінах; другое — сумесная барацьба славян і балтаў супраць знешніх ворагаў (Тэўтонскага ордэна, Галіцка-Валынскага княства, мангола-татараў), якая спрыяла ўтварэнню новай шматэтнічнай дзяржавы.

У апошні час вучоныя прыйшлі да высновы аб складанасці працэсу ўтварэння ВКЛ. Ваенна-палітычныя падзеі нельга разглядаць без уліку працэсаў перамяшчэння насельніцтва, сацыяльна-эканамічнага развіцця Панямоння. Аб’яднан­не беларускіх і балцкіх зямель у адну дзяржаву — ​вынік сацыяльна-эканамічных з’яў, якія тады адбываліся. Беларускія землі знаходзіліся на стадыі ўмацавання феадальных адносін, а балцкія плямёны перажывалі этап зараджэння феадалізму, які супаў з працэсам утварэння дзяржавы.

4. Дзейнасць першых вялікіх князёў па фарміраванні тэрыторыі ВКЛ

Знешняя палітыка ВКЛ у ХІІІ ст. была вельмі зменлівай. Нямецкая каланізацыя Прусіі і зямель куршаў, яцвягаў, судавы, жамойтаў выклікала вялікі паток перасяленцаў у ВКЛ. Сялілі іх пераважна ў гарадах, ствараючы адмысловыя раёны — напрыклад, «прускі канец» у Гародні. У 1280-я гг. адбывалася буйна́я іміграцыя яцвягаў. Нават яцвяжскі князь Скудра перайшоў на службу да вялікага князя Трайдзеня. Палітыка вялікіх князёў у апошняй трэці ХІІІ ст. была накіравана на пашырэнне тэрыторыі дзяржавы за кошт зямель яцвягаў і аўкш­тайтаў.

Паступова крыжакі выцеснілі ВКЛ з Жамойці. Пачаліся пастаянныя памежныя сутычкі з Тэўтонскім ордэнам. Абодва бакі арганізоўвалі дробныя ваенныя выправы (рэйды) па ўсёй даўжыні граніцы. Для абароны яны пачалі будаваць крэпасці-замкі, умацоўваць гарады, узводзіць вежы-данжоны. Рэйды крыжакоў прыносілі ВКЛ значныя чалавечыя страты.

Але больш істотная пагроза зыходзіла ад буйны́х паходаў, наладжаных галіцка-валынскімі князямі сумесна з мангола-татарамі. Так, у 1274 г. адбылася выправа на гарады Панямоння — Ваўкавыск, Слонім і Новагародак. Войску ВКЛ удалося захаваць Новагародак. Манголы адступілі ад Ваўкавыска і Слоніма. Гэта быў іх самы вялікі і апошні паход на беларускія землі.

У канцы ХІІІ ст. да ўлады ў ВКЛ прыйшоў князь Віцень. Яго палітыка свед­чыла аб спробах узмацнення абараназдольнасці дзяржавы. Пачалося будаў­ніцтва мураваных замкаў у ВКЛ з поўдня на поўнач. Былі ўзведзены вежы Новагародка.

Працэс стварэння «каменнага пояса» ВКЛ завяршыўся пры вялікім князю Гедзіміне з пабудовай верхняга замка-рэзідэнцыі ў Вільні.

Летапісы сцвярджаюць пра абавязак усіх дарослых мужчын удзельнічаць у абароне сваёй зямлі, выгнанні з яе ворагаў. Працэсы сумеснай абароны ад знешніх ворагаў садзейнічалі правядзенню ўнутранай каланізацыі беларускіх зямель, стварэнню новых гарадоў, развіццю гандлю.

Поліэтнічны характар дзяржавы быў абумоўлены існаваннем у Панямон­ні балта-славянскага памежжа, актыўным перамяшчэннем насельніцтва з іншых зямель у ВКЛ.

 

Пытанні і заданні

 1. Ахарактарызуйце падыходы даследчыкаў да лакалізацыі летапіснай Літвы.
2. Як складваліся ўзаемаадносіны паміж племенем літва і ўсходнеславянскімі княствамі?
3. Растлумачце розніцу ў назвах «літва», «летапісная Літва», «Літва Міндоўга».
4. Вызначце знешнепалітычныя ўмовы ўтварэння ВКЛ. Каго можна на­з­ваць стваральнікам ВКЛ? Чаму?
5. Як вы лічыце, па якіх прычынах працэс утварэння ВКЛ пачаўся з Новагарод­скага княства, а не з Полацкага? Прывядзіце доказы свайго пункту гледжання.
6. Чым абумоўлены розныя падыходы да пытання ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага? Ахарактарызуйце асноўныя канцэпцыі яго ўзнікнення.
7. Назавіце меры, якія прадпрымалі князі для ўмацавання абараназдольнасці ВКЛ у другой палове ХІІІ ст. 
8. Чым быў вызначаны поліэтнічны характар ВКЛ?
9. Ахарактарызуйце княжанне Міндоўга, Войшалка, Трайдзеня, Віценя з дапамогай табліцы.

10. Уявіце, што вы блогер, які вядзе сеткавы гістарычны дзённік. Падрыхтуй­це пост аб жыцці і дзейнасці аднаго з першых вялікіх князёў літоўскіх
з ілюстрацыямі, малюнкамі, схемамі.