§ 9. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага

3. Асноўныя канцэпцыі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага

У сучаснай навуцы існуюць некалькі канцэпцый утварэння Вялікага Княства Літоўскага. Яны абумоўлены рознымі падыходамі вучоных да гістарычнага мінулага. Вялікі ўплыў на іх аказвалі палітычныя падзеі ў сучасных ім краінах (нацыятворчыя працэсы і фарміраванне знешніх граніц у ХХ ст.). 

Меркаванні даследчыкаў грунтуюцца на двух базавых палажэннях: першае — пра падпарадкаванасць у ВКЛ у другой палове XIII ст. балтаў славянам ці славян балтам у сацыяльна-палітычных адносінах; другое — сумесная барацьба славян і балтаў супраць знешніх ворагаў (Тэўтонскага ордэна, Галіцка-Валынскага княства, мангола-татараў), якая спрыяла ўтварэнню новай шматэтнічнай дзяржавы.

У апошні час вучоныя прыйшлі да высновы аб складанасці працэсу ўтварэння ВКЛ. Ваенна-палітычныя падзеі нельга разглядаць без уліку працэсаў перамяшчэння насельніцтва, сацыяльна-эканамічнага развіцця Панямоння. Аб’яднан­не беларускіх і балцкіх зямель у адну дзяржаву — ​вынік сацыяльна-эканамічных з’яў, якія тады адбываліся. Беларускія землі знаходзіліся на стадыі ўмацавання феадальных адносін, а балцкія плямёны перажывалі этап зараджэння феадалізму, які супаў з працэсам утварэння дзяржавы.