§ 9. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага

2. Утварэнне ВКЛ як поліэтнічнай дзяржавы

1237—1240 гг. сталі вызначаль­нымі для Усходняй Еўропы. Буйны́я арміі мангола-татараў уварваліся ў межы рускіх княстваў і нанеслі ім знішчальныя паражэнні. Быў разбураны Кіеў. Адначасова манголы спалілі і разрабавалі Тураў. Пацярпела таксама Берасцейшчына. Ваенныя паражэнні абумовілі масавае перамяшчэнне насельніцтва, якое сыходзіла на поўнач, у Беларускае Панямонне.

У першай палове ХІІІ ст. узрасла роля балцкага племені літвы. Яно актыўна ваявала з мазавецкімі, галіцка-валынскімі, новагарод­скімі князямі. Беларускія землі ў той час яшчэ знаходзіліся ў стане раздробленасці. Мясцовыя княжацкія роды страцілі сваю моц. Знешнепалітычная пагроза прымушала шукаць больш аўтарытэтных князёў, каб аб’яднаць сілы для адпору знешняму ворагу. Ім стаў літоўскі князь Міндоўг. Ён вядомы не толькі як палкаводзец, але і як дыпламат: удзельнічаў у перамовах паміж галіцка-валынскімі і яцвяжскімі князямі. У сярэдзіне 1240-х гг. Міндоўг стаў княжыць у Новагарод­ку і пачаў актыўную палітыку па падпарадкаванні новых тэрыторый.

Новагародскія баяры і балцкія князі падтрымалі палітыку Міндоўга. Для ўмацавання сваёй улады і супраціўлення нямецкім рыцарам князь пагадзіўся на перамовы з Папам Рымскім. Пры пасрэдніцтве магістра Лівонскага ордэна ён прыняў хрышчэнне павод­ле каталіцкага абраду і каранаваўся каралём Літвы ў 1253 г.

Але саюз Міндоўга з рыцарамі не меў папулярнасці ні ў Новагародку, ні сярод балтаў. Тады князь пайшоў на палітычны крок. Ён адмовіўся ад хрышчэння і кароны, а частку сваёй дзяржавы з Новагародкам перадаў сыну Войшалку. За сабой пакінуў кантроль над балцкімі тэрыторыямі (Нальшчаны, Аўкштайція і Жамойць). Перамога балтаў над нямецкімі рыцарамі каля возера Дурбе ў 1260 г. стала яго апошнім палітычным поспехам. Праз тры гады Міндоўг быў забіты князямі-змоўшчыкамі. 

З 1253 па 1263 г. Новагародскае княства знаходзілася пад уплывам галіцка-валынскіх князёў. Дынастыя, заснаваная Данілам Галіцкім, паступова стала самай аўтарытэт­най у рэгіёне. Князям удавалася дамаўляцца нават з мангольскімі ханамі. Адначасова прадстаўнікі гэтай дынастыі мелі кантакты з заходнееўрапейскімі дзяржавамі.

У такіх умовах вяртанне Войшалка ў 1264 г. з манаства на княжацкі прастол было вынікам сумеснага рашэння яго, новагародскіх баяр і балцкіх князёў. Яны разам выступілі ў абарону сваёй новай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага.

 

Вялікае Княства Літоўскае ад самага свайго стварэння было поліэтнічнай (шматнацыянальнай) дзяржавай. Яе ядром у сярэдзіне ХІІІ ст. сталі землі Новагародскага княства і землі Літвы пад кіраваннем князя Міндоўга. Пазней у склад дзяржавы былі ўключаны балцкія тэрыторыі, населеныя яцвягамі, аўкштайтамі, жамойтамі і інш. Адбылося перасяленне часткі прусаў на беларускія землі. У склад ВКЛ паступова ўвайшлі землі суседніх княстваў (Полацкага, Менскага, Турава-Пін­скага, Віцебскага), што заклала падмурак для сумеснага палітычнага, эканамічнага і культурнага развіцця.

Працэсы аб’яднання зямель у абставінах сумеснай абароны ад знешніх ворагаў стварылі ўмовы для развіцця ВКЛ, умацавання яго абараназдольнасці і фарміравання новых гарадоў. Аслабленне знешняй пагрозы з боку Галіцка-Валын­-скага княства і манголаў, стабілізацыя граніцы з Тэўтонскім ордэнам дазволілі праводзіць больш актыўную знешнюю палітыку ва ўсходнім і паўночным кірунках. З ХІV ст. ВКЛ пачало пашырацца ў асноўным за кошт славянскіх княстваў.