§ 8. Княствы на тэрыторыі Беларусі ў перыяд раздробленасці

4. Княствы Панямоння, Пабужжа і Пасожжа

Утварэнне ўдзельных княстваў у Верхнім Панямонні ўскладнялася актыўнымі палітычнымі і ваеннымі працэсамі паміж балцкім і славянскім насельніцтвам. Кіеўскія, а затым і ўладзіміра-валын­скія князі хадзілі ў паходы на яцвягаў. Усё ХІ ст. было напоўнена ваенным супраць­стаяннем з балцкім племенем літва, што знайшло адлюстраванне на старонках літаратурных твораў. У ХІІ ст. у Панямонні з’явіліся палітычныя і эканамічныя цэнтры, напрыклад, Гародня, Ваўкавыск, Новагародак.

Гарадзенскае княства, размешчанае на адлегласці ад буйны́х феадальных цэн­траў Беларусі, мела шчыльныя кантакты з Кіевам: заключаліся шлюбы, гарадзен­скія князі прымалі ўдзел у агульных ваенных паходах. У XII ст. узгадваецца наяўнасць у княстве сваёй дынастыі — ​Усеваладкавічаў. Гародня ўпершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1127 г.

Удзельныя княствы Панямоння (Гарадзенскае, Новагародскае, Ваўкавыскае, Слонімскае) з’яўляліся памежжам, дзе балта-славянскія кантакты мелі характар і эканамічнага супрацоўніцтва, і ваеннага супрацьстаяння. Гэтага рэгіёна не дасягнула мангольскае нашэсце, таму хутка Новагародак ператварыўся ў цэнтр збірання славянскіх і балцкіх зямель будучага Вялікага Княства Літоўскага.

У Сярэднім Пабужжы знаходзіліся такія гарады, як Берасце, Камянец, Кобрын. Размяшчаліся яны на берагах Заходняга Буга. Галоўным горадам было Берасце. Першы ўспамін аб гэтым горадзе адносіцца да 1019 г., калі сыны Уладзіміра Святаславіча вялі барацьбу за велікакняжацкі прастол. Праз Сярэдняе Пабужжа праходзілі гандлёвыя шляхі, якія злучалі Валынь, Мазовію і землі яцвягаў. Хаця Берасцейская зямля ніколі не выступала цэнтрам асобнага княства, але яна з’яўлялася важным эканамічным рэгіёнам. У канцы ХІ — ​першай палове ХІІ ст. зямля знаходзілася ў складзе Тураўскага княства, а пазней перайшла пад уплыў Галіц­ка-Валынскага княства. Затым мазавецкія князі імкнуліся захапіць гарады Пабуж­жа. Але галоўнай небяспекай у 1240-я гг. стала мангольскае нашэсце.

Землі Беларускага Пасожжа ў ХІІ—​ХІІІ стст. знаходзіліся ў складзе Смален­скага і Чарнігаўскага княстваў. Спачатку ў склад Смаленскага княства ўваходзілі Мсціслаў, Крычаў, Прупой (Прапойск, пазней Слаўгарад). Затым у 1116 г. трапілі ў залежнасць Орша і Копысь. Пазней смаленскія князі змагаліся за Пасожжа з Чарнігаўскім княствам, але ў 1240-я гг. пачаўся заняпад княства.

Гомель, Чачэрск і Рэчыца, якія знаходзяцца ў ніжнім цячэнні Сажа, у ХІІ—​ХІІІ стст. належалі Чарнігаўскаму княству. Гомель упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1142 г.

Перыяд раздробленасці дазволіў у ХІІ — ​пачатку ХІІІ ст. правесці актыўную каланізацыю балцкіх зямель, садзейнічаў з’яўленню новых гарадоў. Аднак з прыходам манголаў і нямецкіх рыцараў узнікла патрэба ў новым ваенна-палітычным саюзе, здольным даць адпор знешняй агрэсіі.