Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 8. Княствы на тэрыторыі Беларусі ў перыяд раздробленасці

 1. Якія палітычныя цэнтры на беларускіх землях вы ведаеце?
2. Што такое ўдзельнае княства?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Падручнік: § 8. Княствы на тэрыторыі Беларусі ў перыяд раздробленасці
Надрукаваны: Гость
Дата: Субота 18 Травень 2024 2:34

1. Прычыны і пачатак раздробленасці

Раздробленасць — ​гэта сістэма ўдзель­ных княстваў з самастойнымі княжацкімі дынастыямі. Распад Кіеўскай Русі на асобныя княствы быў абумоўлены развіццём феадальных адносін і ўмацаваннем асобных гарадоў як феадальных цэнтраў. Ва ўмовах панавання натуральнай гаспадаркі адсутнічалі трывалыя, пастаянныя эканамічныя сувязі паміж землямі. Таксама парушылася практыка перадачы княжацкага прастола ў спадчыну. У выніку некаторыя князі пачалі ўсобіцы з-за старшынства, уцягваючы ў ваенныя дзеянні іншых князёў. Паступова цэнтральная ўлада слабла. Статус галоўнага горада ў княстве стаў залежаць больш ад царкоўнага, а не палітычнага кантролю над тэрыторыяй дзяржавы.

Распаду Кіеўскай Русі паспрыяла рашэнне, прынятае ў 1097 г. на з’ездзе князёў у г. Любеч (на тэрыторыі сучаснай Украіны), на якім вырашалася пытанне спадчыннай прыналежнасці зямель, спынення міжусобіц. З’езд абвясціў: «Кожны трымае вотчыну сваю». Так, Тураўская зямля засталася за кіеўскім князем Святаполкам Ізяславічам. Полацкія князі на з’ездзе не прысутнічалі. Але Полацкае княства ў пачатку ХІІ ст. стала падзяляцца на дробныя княствы, або «воласці».

2. Удзельныя княствы Полацкай зямлі

Пасля 1101 г. Полацкае княства апынулася падзеленым паміж сынамі Усяслава Брачыславіча. Менская воласць была перададзена Глебу Усяславічу яшчэ пры жыцці бацькі. Кантроль над Полацкам і вярхоўны тытул князя полацкага перайшлі да Барыса. Іншыя сыны атрымалі Друцк, Лукомль і Віцебск. Умацаванне кожнага ўдзельнага княства магло адбывацца за кошт далучэння суседніх тэрыторый або каланізацыі балцкіх зямель. Менавіта паходы ў зем­лі балтаў па рэках Вілія і Заходняя Дзвіна дазволілі Полацкаму княству значна павялічыць сваю тэрыторыю.

Актыўную ваенную палітыку пасля смерці Уся­слава Брачыславіча працягваў менскі князь Глеб. Ён здзейсніў паходы ў землі дрыгавічоў, якія знаходзіліся пад кантролем Кіева. Гэтыя падзеі выклікалі два паходы кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха на Менск — у 1116 і 1118 гг. У выніку ў 1119 г. князь Глеб быў палонены і вывезены ў Кіеў, дзе хутка памёр.

У часы кіравання Мсціслава Уладзіміравіча, сына Манамаха, адбылася прымусовая высылка ў 1129 г. полацкіх князёў у Візантыю з мэтай канчат­ковага ўключэння Полацкай зямлі ў склад Кіеўскай Русі. Там яны служылі ў войску, а праз некалькі гадоў некаторыя з іх вярнуліся на радзіму. З 1139 г. амаль усё Полацкае княства зноў апынулася пад уладай Уся­славічаў.

Да 1180-х гг. кантроль над Полацкам пераходзіў ад менскіх князёў Глебавічаў да віцебскіх князёў Васількавічаў. Полацкае княства паступова слабела, некаторыя яго часткі трапілі пад уладу Смаленска. У канцы ХІІ — пачатку ХІІІ ст. полацкія князі вымушаны былі ўступіць у барацьбу з нямецкімі рыцарамі ў Падзвінні. Былі страчаны замкі Герцыке і Кукенойс. Полацкі князь Уладзімір у 1216 г. падрыхтаваў буйны́ паход на горад Рыгу, аднак раптоўна памёр — верагодна, быў атручаны.

У пазнейшы час разгарнулася барацьба за Полацк са смаленскімі князямі. Апошнія ўзялі пад свой кантроль гандлёвыя адносіны з нямецкімі купцамі. У 1229 г. быў падпісаны дагавор паміж Смаленскам, Полацкам, Віцебскам з Рыгай і Готлан­дам аб свабодным гандлі на Дзвіне і Балтыйскім моры.

Такім чынам, Полацкае княства прайшло доўгі шлях распаду на асобныя ўладанні. Пры захаванні аўтарытэту галоўнага горада хутка развіваліся менскі і віцебскі ўдзелы.

3. Тураўская зямля ў перыяд раздробленасці

Ад пачатку Х ст. тураўскі княжацкі пасад пераходзіў пад кантроль да кіеўскага князя або яго сына. Таму, калі мяняўся князь у Кіеве, адбывалася змена князя і ў Тураве. У першай палове XII ст. княства перайшло да роду Манамаха. У 1157 г. тураўскім князем стаў праўнук Уладзіміра Манамаха Юрый Яраславіч. Ён адмовіўся пераходзіць на іншы пасад і са­ступаць горад свайму родзічу. Кіеўскі князь два разы хадзіў паходам на Тураў, але ў 1161 г. вымушаны быў прызнаць Тураўскае княства вотчынай князя Юрыя. Так з’явілася асобная дынастыя турава-пінскіх князёў. Тураўскае княства хутка распалася на ўдзелы. Сыны Юрыя Яраславіча атрымалі Пінск, Гарадзец, Клецк. У сярэдзіне ХІІІ ст. частка Тураўскай зямлі трапіла пад уладу галіцка-валынскіх князёў, а галоўны горад быў разбураны манголамі і страціў сваё палітычнае значэнне.

4. Княствы Панямоння, Пабужжа і Пасожжа

Утварэнне ўдзельных княстваў у Верхнім Панямонні ўскладнялася актыўнымі палітычнымі і ваеннымі працэсамі паміж балцкім і славянскім насельніцтвам. Кіеўскія, а затым і ўладзіміра-валын­скія князі хадзілі ў паходы на яцвягаў. Усё ХІ ст. было напоўнена ваенным супраць­стаяннем з балцкім племенем літва, што знайшло адлюстраванне на старонках літаратурных твораў. У ХІІ ст. у Панямонні з’явіліся палітычныя і эканамічныя цэнтры, напрыклад, Гародня, Ваўкавыск, Новагародак.

Гарадзенскае княства, размешчанае на адлегласці ад буйны́х феадальных цэн­траў Беларусі, мела шчыльныя кантакты з Кіевам: заключаліся шлюбы, гарадзен­скія князі прымалі ўдзел у агульных ваенных паходах. У XII ст. узгадваецца наяўнасць у княстве сваёй дынастыі — ​Усеваладкавічаў. Гародня ўпершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1127 г.

Удзельныя княствы Панямоння (Гарадзенскае, Новагародскае, Ваўкавыскае, Слонімскае) з’яўляліся памежжам, дзе балта-славянскія кантакты мелі характар і эканамічнага супрацоўніцтва, і ваеннага супрацьстаяння. Гэтага рэгіёна не дасягнула мангольскае нашэсце, таму хутка Новагародак ператварыўся ў цэнтр збірання славянскіх і балцкіх зямель будучага Вялікага Княства Літоўскага.

У Сярэднім Пабужжы знаходзіліся такія гарады, як Берасце, Камянец, Кобрын. Размяшчаліся яны на берагах Заходняга Буга. Галоўным горадам было Берасце. Першы ўспамін аб гэтым горадзе адносіцца да 1019 г., калі сыны Уладзіміра Святаславіча вялі барацьбу за велікакняжацкі прастол. Праз Сярэдняе Пабужжа праходзілі гандлёвыя шляхі, якія злучалі Валынь, Мазовію і землі яцвягаў. Хаця Берасцейская зямля ніколі не выступала цэнтрам асобнага княства, але яна з’яўлялася важным эканамічным рэгіёнам. У канцы ХІ — ​першай палове ХІІ ст. зямля знаходзілася ў складзе Тураўскага княства, а пазней перайшла пад уплыў Галіц­ка-Валынскага княства. Затым мазавецкія князі імкнуліся захапіць гарады Пабуж­жа. Але галоўнай небяспекай у 1240-я гг. стала мангольскае нашэсце.

Землі Беларускага Пасожжа ў ХІІ—​ХІІІ стст. знаходзіліся ў складзе Смален­скага і Чарнігаўскага княстваў. Спачатку ў склад Смаленскага княства ўваходзілі Мсціслаў, Крычаў, Прупой (Прапойск, пазней Слаўгарад). Затым у 1116 г. трапілі ў залежнасць Орша і Копысь. Пазней смаленскія князі змагаліся за Пасожжа з Чарнігаўскім княствам, але ў 1240-я гг. пачаўся заняпад княства.

Гомель, Чачэрск і Рэчыца, якія знаходзяцца ў ніжнім цячэнні Сажа, у ХІІ—​ХІІІ стст. належалі Чарнігаўскаму княству. Гомель упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1142 г.

Перыяд раздробленасці дазволіў у ХІІ — ​пачатку ХІІІ ст. правесці актыўную каланізацыю балцкіх зямель, садзейнічаў з’яўленню новых гарадоў. Аднак з прыходам манголаў і нямецкіх рыцараў узнікла патрэба ў новым ваенна-палітычным саюзе, здольным даць адпор знешняй агрэсіі.

Пытанні і заданні

 1. Выкарыстоўваючы схему на с. 83, назавіце прычыны раздробленасці на беларускіх землях. 
2. Як адбываўся працэс распаду на дробныя ўладанні Полацкага і Тураўскага княстваў? 
3. Назавіце асаблівасці ўдзельнага перыяду ў Полацкім і Тураўскім княствах. 
4. Складзіце стужку часу «Перыяд раздробленасці на беларускіх землях». Якія падзеі вы адлюстравалі б на гэтай стужцы? Чаму? 
5. Прасачыце пры дапамозе табліцы асаблівасці палітычнай гісторыі вашага рэгіёна (вобласці, раёна) у ХІІ — пачатку ХІІІ ст.