§ 8. Княствы на тэрыторыі Беларусі ў перыяд раздробленасці

2. Удзельныя княствы Полацкай зямлі

Пасля 1101 г. Полацкае княства апынулася падзеленым паміж сынамі Усяслава Брачыславіча. Менская воласць была перададзена Глебу Усяславічу яшчэ пры жыцці бацькі. Кантроль над Полацкам і вярхоўны тытул князя полацкага перайшлі да Барыса. Іншыя сыны атрымалі Друцк, Лукомль і Віцебск. Умацаванне кожнага ўдзельнага княства магло адбывацца за кошт далучэння суседніх тэрыторый або каланізацыі балцкіх зямель. Менавіта паходы ў зем­лі балтаў па рэках Вілія і Заходняя Дзвіна дазволілі Полацкаму княству значна павялічыць сваю тэрыторыю.

Актыўную ваенную палітыку пасля смерці Уся­слава Брачыславіча працягваў менскі князь Глеб. Ён здзейсніў паходы ў землі дрыгавічоў, якія знаходзіліся пад кантролем Кіева. Гэтыя падзеі выклікалі два паходы кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха на Менск — у 1116 і 1118 гг. У выніку ў 1119 г. князь Глеб быў палонены і вывезены ў Кіеў, дзе хутка памёр.

У часы кіравання Мсціслава Уладзіміравіча, сына Манамаха, адбылася прымусовая высылка ў 1129 г. полацкіх князёў у Візантыю з мэтай канчат­ковага ўключэння Полацкай зямлі ў склад Кіеўскай Русі. Там яны служылі ў войску, а праз некалькі гадоў некаторыя з іх вярнуліся на радзіму. З 1139 г. амаль усё Полацкае княства зноў апынулася пад уладай Уся­славічаў.

Да 1180-х гг. кантроль над Полацкам пераходзіў ад менскіх князёў Глебавічаў да віцебскіх князёў Васількавічаў. Полацкае княства паступова слабела, некаторыя яго часткі трапілі пад уладу Смаленска. У канцы ХІІ — пачатку ХІІІ ст. полацкія князі вымушаны былі ўступіць у барацьбу з нямецкімі рыцарамі ў Падзвінні. Былі страчаны замкі Герцыке і Кукенойс. Полацкі князь Уладзімір у 1216 г. падрыхтаваў буйны́ паход на горад Рыгу, аднак раптоўна памёр — верагодна, быў атручаны.

У пазнейшы час разгарнулася барацьба за Полацк са смаленскімі князямі. Апошнія ўзялі пад свой кантроль гандлёвыя адносіны з нямецкімі купцамі. У 1229 г. быў падпісаны дагавор паміж Смаленскам, Полацкам, Віцебскам з Рыгай і Готлан­дам аб свабодным гандлі на Дзвіне і Балтыйскім моры.

Такім чынам, Полацкае княства прайшло доўгі шлях распаду на асобныя ўладанні. Пры захаванні аўтарытэту галоўнага горада хутка развіваліся менскі і віцебскі ўдзелы.