§ 7. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі Беларусі

4. Тураўскае княства

Тураўскае княства згадваецца ў летапісах пад 980 г. Тураў з’яўляўся галоўным палітычным цэнтрам дрыгавічоў. Княства расцягнулася далёка на захад, і рака Прыпяць злучала Падняпроўе, Пасожжа з Пабужжам, землямі яцвягаў і літвы. Тураўская зямля выконвала ролю славяна-балцкага памежжа. На працягу некалькіх стагоддзяў славянскія плямёны актыўна пранікалі ў Панямонне, выцясняючы балтаў далей у Прыбалтыку.

Пасля 988 г. Тураўскае княства было перададзена аднаму са старэйшых сыноў Уладзіміра — ​Святаполку. Ён лічыўся першым прэтэндэнтам на кіеўскі прастол. У 1008—1013 гг. адбыліся перамовы паміж кіеўскім князем Уладзімірам і польскім князем Баляславам. Пры ўдзеле епіскапа Рэйберна быў заключаны шлюб Святаполка з польскай князёўнай. Таму захаваліся звесткі пра заснаванне лацінскага епіскапства на тэрыторыі Беларусі, магчыма, у Тураве.

Князь Святаполк арганізаваў змову супраць Уладзіміра, свайго бацькі, а пасля ягонай смерці імкнуўся захапіць уладу ў Кіеве. Падчас міжусобнай барацьбы былі забіты князі Барыс і Глеб. Кіеўскі прастол заняў Яраслаў Мудры. Летапісцы абвінавацілі Святаполка ў забойстве братоў і празвалі яго «Акаянным». Князь пацярпеў ваенную паразу ад Яраслава Мудрага і ўцёк у Польшчу. З гэтага часу Тураўскае княства перайшло да старэйшага сына кіеўскага князя. Так было пры Яраславе Мудрым, яго сынах Ізяславе і Святаполку. Тураўскае войска разам з кіеўскім удзельнічала ў сумесных паходах супраць яцвягаў і літвы, на Полацкае і Галіцка-Валынскае княствы. Пры гэтым доўгі час Тураўская зямля не драбілася на асобныя княствы.

Пра грамадска-палітычны лад жыцця ў Тураўскім княстве звестак вельмі мала. Іпацьеўскі летапіс сведчыць аб наяўнасці ў Тураве пасадніка. Адначасовае знаходжанне ў горадзе і князя, і пасадніка на той час было незвычайнай з’явай на Русі, акрамя Ноўгарада. Але ў адрозненне ад Ноўгарада, дзе пасаднікі выбіраліся з ліку баяр на вечы, звестак пра выбарных пасаднікаў у Тураве няма. Хутчэй за ўсё пасаднік быў падначалены князю. У Тураве гараджане маглі выбіраць епіскапа. Магчыма, існавала пасада тысяцкага, які ўзначальваў гарадское апалчэнне, што было галоўнай ваеннай сілай у час адсутнасці князя з дружынай. Наяўнасць пасадніка і тысяцкага, сведчыць аб асаблівасцях грамадскага ладу Тураўскага княства ў адрозненне ад Полацкага княства. Перша­пачаткова Тураўская зямля знаходзілася ў цеснай палітычнай сувязі з Кіеўскім княствам. Толькі ў сярэдзіне ХІІ ст. у Тураве ўсталявалася сама­стойная княжацкая дынастыя. Буйным горадам Тураўскага княства быў Пінск. Ён размяшчаўся на важным водным шляху з Кіева ў Польшчу. Дзякуючы гэтаму Пінск адыгрываў важную ролю ў эканамічным і палітычным жыцці Тураўскага княства. З цягам часу Пінск узвысіўся над Туравам.

Такім чынам, на працягу VIII—XIІ стст. беларускія землі прайшлі шлях ад племянных княжанняў да фарміравання дзяржаўнасці. Полацкае і Тураўскае княствы мелі аднолькавыя магчымасці для ўтварэння самастойнай дзяржавы, уласных дынастый і пашырэння ўплыву на суседнія землі. Аднак блізкасць Турава да Кіева і знешнепалітычныя ўмовы стварылі два розныя шляхі рэалізацыі дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі.