§ 7. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі Беларусі

1. Асаблівасці фарміравання дзяржаў ва ўсходніх славян

Дзяржаваўтваральныя працэсы на тэрыторыі Беларусі ў ІХ — сярэдзіне ХІІІ ст. адпавядалі працэсам, якія адбываліся ва Усходняй Еўропе. Пэўную ролю ў іх разгортванні адыграў «шлях з вараг у грэкі», які меў не толькі гандлёвае значэнне, але і садзейнічаў фарміраванню дзяржавы ўсходніх славян.

Да асноўных канцэпцый дзяржаваўтварэння адносяцца «нарманізм» і «антынарманізм». У іх аснову пакладзена думка аб тым, што княжацкая ўлада і назва «Русь» паходзяць ад варажскіх плямён са Скандынавіі, выказаная яшчэ ў XVIII ст. гісторыкамі нямецкага паходжання А. Шлёцэрам, Г. Міллерам і інш. Навукоўцы арыентаваліся на тэкст «Аповесці мінулых гадоў». У супрацьвагу расійскі вучоны XVIII ст. М. В. Ламаносаў адзначаў славянскія вытокі развіцця дзяржавы ўсходніх славян і шукаў радзіму князя Рурыка на тэрыторыі балтыйскіх славян.

Гісторыкі ХХ ст. звяртаюць увагу на існаванне трох палітычных цэнтраў Русі: Ноўгарад, Кіеў, Полацк. На развіццё паўночнай часткі Русі моцна ўплывалі варагі, якія актыўна туды прасоўваліся, часам выкарыстоўваючы ваенную сілу і гандаль. На поўдні Усходняй Еўропы Кіеў меў актыўныя зносіны са стэпавымі плямёнамі (хазарамі) і Візантыйскай імперыяй. Гэтыя дзве часткі Русі былі аб’яднаны наўгародскім князем Алегам у 882 г. Аднак агульная дзяржава склалася не адразу. Славянскія плямёны часта не жадалі ўдзельнічаць у княжацкіх паходах на іншыя землі. А кіеўскі князь, абапіраючыся толькі на сваю дружыну, не мог кантраляваць значныя тэрыторыі.

Толькі пасля 980 г., калі Полацк трапіў у склад Кіеўскай Русі ў выніку ваеннага пахода наўгародскага князя Уладзіміра, змяніліся спосабы кіравання дзяржавай, было ўведзена хрысціянства.