Печатать книгуПечатать книгу

§ 7. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі Беларусі

   

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Книга: § 7. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі Беларусі
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 18 Май 2024, 12:37

1. Асаблівасці фарміравання дзяржаў ва ўсходніх славян

Дзяржаваўтваральныя працэсы на тэрыторыі Беларусі ў ІХ — сярэдзіне ХІІІ ст. адпавядалі працэсам, якія адбываліся ва Усходняй Еўропе. Пэўную ролю ў іх разгортванні адыграў «шлях з вараг у грэкі», які меў не толькі гандлёвае значэнне, але і садзейнічаў фарміраванню дзяржавы ўсходніх славян.

Да асноўных канцэпцый дзяржаваўтварэння адносяцца «нарманізм» і «антынарманізм». У іх аснову пакладзена думка аб тым, што княжацкая ўлада і назва «Русь» паходзяць ад варажскіх плямён са Скандынавіі, выказаная яшчэ ў XVIII ст. гісторыкамі нямецкага паходжання А. Шлёцэрам, Г. Міллерам і інш. Навукоўцы арыентаваліся на тэкст «Аповесці мінулых гадоў». У супрацьвагу расійскі вучоны XVIII ст. М. В. Ламаносаў адзначаў славянскія вытокі развіцця дзяржавы ўсходніх славян і шукаў радзіму князя Рурыка на тэрыторыі балтыйскіх славян.

Гісторыкі ХХ ст. звяртаюць увагу на існаванне трох палітычных цэнтраў Русі: Ноўгарад, Кіеў, Полацк. На развіццё паўночнай часткі Русі моцна ўплывалі варагі, якія актыўна туды прасоўваліся, часам выкарыстоўваючы ваенную сілу і гандаль. На поўдні Усходняй Еўропы Кіеў меў актыўныя зносіны са стэпавымі плямёнамі (хазарамі) і Візантыйскай імперыяй. Гэтыя дзве часткі Русі былі аб’яднаны наўгародскім князем Алегам у 882 г. Аднак агульная дзяржава склалася не адразу. Славянскія плямёны часта не жадалі ўдзельнічаць у княжацкіх паходах на іншыя землі. А кіеўскі князь, абапіраючыся толькі на сваю дружыну, не мог кантраляваць значныя тэрыторыі.

Толькі пасля 980 г., калі Полацк трапіў у склад Кіеўскай Русі ў выніку ваеннага пахода наўгародскага князя Уладзіміра, змяніліся спосабы кіравання дзяржавай, было ўведзена хрысціянства.

 

2. Дзяржаўтваральныя працэсы ва Усходняй Еўропе. Кіеўская Русь

Прыход славян на тэрыторыю сучаснай Беларусі абумовіў глыбокія змены ў жыцці мясцовага насельніцтва. Фарміраванне этнічна-тэрытарыяльных супольнасцяў крывічоў-палачан, дрыгавічоў і радзімічаў прывяло да ўзнікнення племянных цэнтраў і гарадоў.

Племянная ваенная знаць і старэйшыны атрымалі ўладныя функцыі, пачала фарміравацца сацыяльная няроўнасць. Ускладніліся ўзаемаадносіны з балцкім і фіна-ўгорскім насельніцтвам, іншымі славянскімі плямёнамі.

Усё большую ролю пачалі адыгрываць кантакты з суседзямі. Каб захаваць бяспеку гандлёвых шляхоў, абараніць мясцовыя інтарэсы ад суседзяў, не стаць іх даннікамі, узнікла патрэба ў стварэнні дзяржавы. Пачаткі фарміравання дзяржаўнасці ва Усход­няй Еўропе непасрэдна звязаны з палітычнымі, сацыяльна-эканамічнымі і этнічнымі працэсамі. У ІХ ст. на гандлёвым шляху «з вараг у грэкі» былі заснаваны ваенна-палітычныя цэнтры: Старая Ладага, Ноўгарад, Смаленск, Полацк, Кіеў. Большасць з іх ужо на той момант з’яўляліся цэнтрамі племянных княжанняў і гандлю.

Пісьмовыя крыніцы паведамляюць пра з’яўленне варажскага князя Рурыка ў Ноўгарадзе ў 860-я гг. Гэты факт даў падставу летапісцам сцвярджаць, што менавіта ад «запрашэння» варагаў бярэ пачатак дзяржаўнасць ва ўсходніх славян. Большасць гіс­торыкаў прытрымліваюцца думкі, што ў славян яшчэ да ІХ ст. існавалі ўсе перадумовы для ўзнікнення дзяржаўнасці. З’яўленне варагаў толькі паскорыла гэты працэс.

Сын Рурыка Ігар быў дзіцём, калі памёр яго бацька. Таму сваяк Рурыка князь Алег пачаў падпарадкаванне ўсходнеславянскіх плямён, якія знаходзіліся за межамі Наўгародскай зямлі. У 882 г. Алег захапіў Кіеў і назваў яго «маці гарадам рускім». Пачала фарміравацца Кіеўская Русь.

З цягам часу ўлада кіеўскіх князёў пашырылася на іншыя землі. Ужо ў канцы ІХ — ​першай палове Х ст. яны здзяйснялі паходы на Дунай і ў межы Візантыйскай імперыі, даходзілі да Волгі. Галоўнай іх мэтай з’яўлялася ваенная здабыча. Пастаянныя ваенныя паходы стварылі ўмовы для ўзвышэння княжацкай улады.

Усходнеславянскія землі былі аб’яднаны наўгародскім князем Уладзімірам Святаславічам (980—1015 гг.) толькі ў канцы Х ст. Яго дружына падпарадкавала Полацк, Тураў, Смаленск, Кіеў. Уключаныя ў склад дзяржавы Уладзіміра землі паступова атрымалі сабе князёў-намеснікаў з ліку яго сыноў кіеўскага князя. Найбольшай магутнасці Кіеўская Русь дасягнула пры князю Яраславе Мудрым (1019—1054 гг.). У 30-я гг. ХІІ ст. Русь канчаткова раскалолася на асобныя княствы. Летапісец з горыччу занатаваў: «Раздрася вся Русская зямля».

 

3. Полацкае княства – першая гістарычная форма дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі

 Першай дзяржавай, якая ўтварылася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, з’яўлялася Полацкае княства (зямля). Яно размяшчалася ў басейне ракі Дзвіны. Насельніцтва княства складалі пераважна крывічы-палачане.

Полацк вядомы па пісьмовых крыніцах з 862 г., але паселішча існавала раней. Полацкая зямля не заставалася ўбаку ад палітычнага і эканамічнага жыцця Усходняй Еўропы. Крывічы-палачане ўваходзілі ў склад аб’яднанага войска, якое на чале з кіеўскімі князямі здзяйсняла паходы на Візантыю ў канцы ІХ — ​пачатку Х ст.

Прыкладна з 960-х гг. у Полацку кіраваў першы вядомы князь — ​Рагвалод.

У 970-я гг. кіеўскі і наўгародскі князі вялі перамовы з Рагвалодам, каб заключыць з ім ваенна-палітычны саюз у барацьбе за вярхоўную ўладу ва Усход­няй Еўропе. Калі полацкі князь выбраў у саюзнікі Кіеў, то наўгародскі князь Уладзімір здзейсніў напад на Полацк.

Да 988 г. Полацкае княства знаходзілася пад непасрэднай уладай Уладзіміра. Аднак пасля ўласнага хрышчэння ён прызначыў сваіх сыноў намеснікамі ў асобныя землі. Так, ягоны сын Ізяслаў княжыў у Полацкім княстве да 1001 г.

Амаль сто гадоў на дваіх кіравалі Полацкім княствам Брачыслаў Ізя­славіч і яго сын Усяслаў Брачыславіч. На працягу ХІ ст. дзяржава значна пашырыла сваю тэрыторыю. У Полац­ку было завершана будаўніцтва Сафійскага сабора — ​сімвала роўнасці трох цэн­т­раў усходніх славян — ​Кіева, Ноўгарада, Полацка — ​і верхавенства хрысціянскай веры. Сабор стаў рэзідэнцыяй полацкага епіскапа.

Пры князю Брачыславе Полацкае княства вяло актыўную барацьбу супраць суседняга Ноўгарада, канфліктавала з кіеўскім князем Яраславам Мудрым. Сітуацыя змянілася пасля 1021 г., калі Яраслаў перамог Брачыслава ў бітве на рацэ Судаміры.

Паміж князямі быў заключаны дагавор, па якім кіеўскі князь перадаў Полац­ку два гарады: Усвяты і Віцебск. Гэты дагавор змяніў адносіны паміж князямі і ўмацаваў аўтарытэт Полацка. У Кіеве нават з’явіўся Брачыславаў двор — ​афіцыйная рэзідэнцыя полацкага князя.

Пасля смерці Брачыслава ў Полацку і Яраслава ў Кіеве адносіны паміж дзяржавамі змяніліся. Новы полацкі князь Усяслаў Брачыславіч падтрымліваў варожых Кіеву князёў, а ў 1065—1066 гг. здзейсніў паходы на Пскоў і Ноўгарад. Кіеўскі князь Ізяслаў Яраславіч са сваімі братамі сабраў аб’яднанае войска ў паход на Полацк. Зімой 1067 г. яно спаліла Менск. 3 сакавіка на рацэ Нямізе адбылася надзвычай жорсткая і крывавая бітва. Полацкае войска прайграла і адступіла. Князь Ізяслаў Яраславіч не меў сіл, каб працягваць паход на Полацк. На рацэ Аршыцы падчас перамоў Усяслава і яго сыноў падманам захапілі ў палон і вывезлі ў Кіеў. Усяслаў хутка быў вызвалены жыхарамі Кіева і вярнуўся ў Полацкую зямлю. Да сваёй смерці 14 красавіка 1101 г. ён імкнуўся ўмацоўваць Полацкае княства.

4. Тураўскае княства

Тураўскае княства згадваецца ў летапісах пад 980 г. Тураў з’яўляўся галоўным палітычным цэнтрам дрыгавічоў. Княства расцягнулася далёка на захад, і рака Прыпяць злучала Падняпроўе, Пасожжа з Пабужжам, землямі яцвягаў і літвы. Тураўская зямля выконвала ролю славяна-балцкага памежжа. На працягу некалькіх стагоддзяў славянскія плямёны актыўна пранікалі ў Панямонне, выцясняючы балтаў далей у Прыбалтыку.

Пасля 988 г. Тураўскае княства было перададзена аднаму са старэйшых сыноў Уладзіміра — ​Святаполку. Ён лічыўся першым прэтэндэнтам на кіеўскі прастол. У 1008—1013 гг. адбыліся перамовы паміж кіеўскім князем Уладзімірам і польскім князем Баляславам. Пры ўдзеле епіскапа Рэйберна быў заключаны шлюб Святаполка з польскай князёўнай. Таму захаваліся звесткі пра заснаванне лацінскага епіскапства на тэрыторыі Беларусі, магчыма, у Тураве.

Князь Святаполк арганізаваў змову супраць Уладзіміра, свайго бацькі, а пасля ягонай смерці імкнуўся захапіць уладу ў Кіеве. Падчас міжусобнай барацьбы былі забіты князі Барыс і Глеб. Кіеўскі прастол заняў Яраслаў Мудры. Летапісцы абвінавацілі Святаполка ў забойстве братоў і празвалі яго «Акаянным». Князь пацярпеў ваенную паразу ад Яраслава Мудрага і ўцёк у Польшчу. З гэтага часу Тураўскае княства перайшло да старэйшага сына кіеўскага князя. Так было пры Яраславе Мудрым, яго сынах Ізяславе і Святаполку. Тураўскае войска разам з кіеўскім удзельнічала ў сумесных паходах супраць яцвягаў і літвы, на Полацкае і Галіцка-Валынскае княствы. Пры гэтым доўгі час Тураўская зямля не драбілася на асобныя княствы.

Пра грамадска-палітычны лад жыцця ў Тураўскім княстве звестак вельмі мала. Іпацьеўскі летапіс сведчыць аб наяўнасці ў Тураве пасадніка. Адначасовае знаходжанне ў горадзе і князя, і пасадніка на той час было незвычайнай з’явай на Русі, акрамя Ноўгарада. Але ў адрозненне ад Ноўгарада, дзе пасаднікі выбіраліся з ліку баяр на вечы, звестак пра выбарных пасаднікаў у Тураве няма. Хутчэй за ўсё пасаднік быў падначалены князю. У Тураве гараджане маглі выбіраць епіскапа. Магчыма, існавала пасада тысяцкага, які ўзначальваў гарадское апалчэнне, што было галоўнай ваеннай сілай у час адсутнасці князя з дружынай. Наяўнасць пасадніка і тысяцкага, сведчыць аб асаблівасцях грамадскага ладу Тураўскага княства ў адрозненне ад Полацкага княства. Перша­пачаткова Тураўская зямля знаходзілася ў цеснай палітычнай сувязі з Кіеўскім княствам. Толькі ў сярэдзіне ХІІ ст. у Тураве ўсталявалася сама­стойная княжацкая дынастыя. Буйным горадам Тураўскага княства быў Пінск. Ён размяшчаўся на важным водным шляху з Кіева ў Польшчу. Дзякуючы гэтаму Пінск адыгрываў важную ролю ў эканамічным і палітычным жыцці Тураўскага княства. З цягам часу Пінск узвысіўся над Туравам.

Такім чынам, на працягу VIII—XIІ стст. беларускія землі прайшлі шлях ад племянных княжанняў да фарміравання дзяржаўнасці. Полацкае і Тураўскае княствы мелі аднолькавыя магчымасці для ўтварэння самастойнай дзяржавы, уласных дынастый і пашырэння ўплыву на суседнія землі. Аднак блізкасць Турава да Кіева і знешнепалітычныя ўмовы стварылі два розныя шляхі рэалізацыі дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі.

 

Пытанні і заданні

 1. Вызначце з апорай на вучэбны тэкст асноўныя канцэпцыі фарміравання дзяржаўнасці ва ўсходніх славян. Якая з канцэпцый, на ваш погляд, больш абгрунтаваная? Прывядзіце доказы свайго пункту гледжання.
2. Ці можна лічыць з’яўленне маёмаснай няроўнасці сярод усходніх славян прыкметай зараджэння ў іх дзяржаўнасці?
3. Выкажыце сваю думку аб перадумовах утварэння дзяржавы. Якія з прыведзеных у параграфе канцэпцый уяўляюцца вам найбольш правільнымі? Ці могуць яны праілюстраваць працэс узнікнення дзяржавы на беларускіх землях?
4. Патлумачце статус зямель крывічоў-палачан, дрыгавічоў у Кіеўскай Русі.
5. На падставе ментальнай карты да раздзела ІІІ вызначце, якія функцыі мела веча ў палітычным жыцці Полацкага княства і як яно ўплывала на княжацкую ўладу.
6. Запоўніце табліцу «Палітычная гісторыя Полацкага княства ў канцы Х — ​ХІ ст.» і вызначце асноўныя этапы палітычнай гісторыі Полацкага княства.

7. Паглядзіце кароткі фільм пра Усяслава Брачыславіча з цыкла «Гісторыя Беларусі. 5│History of Belarus», падрыхтаваны тэлеканалам «Беларусь 24» (https://www.youtube.com/watch?v=O746GK7y050). Якія падзеі з жыцця полацкага князя вы можаце назваць знакавымі ў гісторыі Полацкага княства? Рас­тлумачце.
8. Выкарыстоўваючы мініяцюры з Радзівілаўскага летапісу, праілюструйце гісторыю Полацкага княства Х—ХІ стст. (з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў). На іх аснове стварыце комікс (графічны раман) аб падзеях гэтага перыяду (гл. памятку).
9. Падбярыце інфармацыю аб тым, у якіх творах мастацтва ўшанавана памяць пра Усяслава Брачыславіча. Зрабіце віртуальную выставу гэтых твораў. Вызначце агульныя рысы ва ўяўленнях аб князю Усяславе розных аўтараў.