§ 6-2. Этнічныя меншасці на беларускіх землях

1. Татарскае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі

Верагодна, у першай палове XIV ст. на тэрыторыі Беларусі з’явіліся татары, якіх вялікі князь Гедзімін запрасіў на службу ў сваё войска. Конныя атрады татар неаднойчы выкарыстоўваліся ў барацьбе з крыжакамі. Татары служылі таксама ў войсках Альгерда, Ягайлы, Вітаўта. Вялікія князі літоўскія захоўвалі для татар свабоду веравызнання, надзялялі іх зямлёй, цярпіма ставіліся да татарскіх звычаяў, абрадаў, мовы.

Даволі вялікія татарскія пасяленні ў канцы XIV — XVI ст. узніклі пераважна ў заходніх і цэнтральных частках Беларусі. Татары найчасцей пражывалі ў гарадах і мястэчках. Асноўнымі цэнтрамі іх расялення былі Гародня, Берасце, Ліда, Новагародак, Менск, Клецк, Слуцк, Пінск. У гарадах татары жылі асобнымі групамі на асобных вуліцах, якія звычайна называлі татарскімі.

 Татарскае насельніцтва на землях ВКЛ у XVI—XVII стст. умоўна можна падзяліць па сацыяльна-эканамічным становішчы на тры групы. Прывілеяваную частку татар складалі князі — прамыя нашчадкі ханаў Залатой Арды. Маёмаснае становішча татарскай знаці ў значнай ступені вызначалася зямельнымі падараваннямі з боку правіцеляў, асобных феадалаў, а таксама дзяржаўнымі пасадамі і заслугамі. Знаць мела даволі вялікія надзелы зямлі, за што несла ваенную службу на карысць вялікага князя. У прававых адносінах служылыя татары-землеўласнікі паступова набліжаліся да статусу шляхты. Аднак Статут ВКЛ 1588 г. не дазваляў татарскай знаці мець прыгонных сялян-хрысціян.

Другую прывілеяваную частку татарскага насельніцтва складалі нашчадкі простых воінаў. Яны мелі меншыя зямельныя ўладанні, за карыстанне якімі павінны былі несці ваенную службу, а таксама выконваць на карысць вялікага князя ахоўную, кур’ерскую, падводную і іншыя павіннасці.

Да трэцяй, найбольш шматлікай і самай беднай групы татар адносіліся «простыя людзі». Яны паходзілі з перасяленцаў, якія на радзіме таксама былі воінамі або залежалі ад феадалаў. Іх сялілі ў гарадах і мястэчках, дзе ім у карыстанне адводзілі  невялікія надзелы зямлі для сядзібы і агародаў. Яны , як і мяшчане, выконвалі павіннасці, плацілі пагалоўны падатак. Асноўнымі заняткамі татар былі агародніцтва, жывёлагадоўля, гарбарства, возніцтва.

Ва ўмовах рэлігійнай цярпімасці татарам удалося даволі доўга захоўваць свае племянныя традыцыі, культуру, мову. Ім свабодна дазвалялася вызнаваць іслам, будаваць мячэці. З пачатку XVI і да пачатку XVII ст. большасць татар стала карыстацца ў паўсядзённым жыцці старабеларускай або польскай мовамі. На гэтых мовах з выкарыстаннем арабскага алфавіту былі напісаны свяшчэнныя кнігі беларускіх татар — кітабы. У іх апісваюцца каноны і рытуалы мусульман, нормы паводзін, традыцыі і легенды. У XVI—XVII стст. на землях Беларусі і Літвы дзейнічалі 17 мячэцяў.

У той жа час татары не мелі права ўдзельнічаць у выбарах у прадстаўнічыя органы ВКЛ, а таксама займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады.