§ 6-2. Этнічныя меншасці на беларускіх землях
1. Што азначаюць паняцці «этнічная тэрыторыя», «этнічная самасвядомасць», «этнічная меншасць»?
2. Як этнічная самасвядомасць уплывае на фарміраванне народнасці?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст. |
Книга: | § 6-2. Этнічныя меншасці на беларускіх землях |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 10 Апрель 2025, 19:12 |
1. Татарскае насельніцтва на тэрыторыі Беларусі
Верагодна, у першай палове XIV ст. на тэрыторыі Беларусі з’явіліся татары, якіх вялікі князь Гедзімін запрасіў на службу ў сваё войска. Конныя атрады татар неаднойчы выкарыстоўваліся ў барацьбе з крыжакамі. Татары служылі таксама ў войсках Альгерда, Ягайлы, Вітаўта. Вялікія князі літоўскія захоўвалі для татар свабоду веравызнання, надзялялі іх зямлёй, цярпіма ставіліся да татарскіх звычаяў, абрадаў, мовы.
Даволі вялікія татарскія пасяленні ў канцы XIV — XVI ст. узніклі пераважна ў заходніх і цэнтральных частках Беларусі. Татары найчасцей пражывалі ў гарадах і мястэчках. Асноўнымі цэнтрамі іх расялення былі Гародня, Берасце, Ліда, Новагародак, Менск, Клецк, Слуцк, Пінск. У гарадах татары жылі асобнымі групамі на асобных вуліцах, якія звычайна называлі татарскімі.
Татарскае насельніцтва на землях ВКЛ у XVI—XVII стст. умоўна можна падзяліць па сацыяльна-эканамічным становішчы на тры групы. Прывілеяваную частку татар складалі князі — прамыя нашчадкі ханаў Залатой Арды. Маёмаснае становішча татарскай знаці ў значнай ступені вызначалася зямельнымі падараваннямі з боку правіцеляў, асобных феадалаў, а таксама дзяржаўнымі пасадамі і заслугамі. Знаць мела даволі вялікія надзелы зямлі, за што несла ваенную службу на карысць вялікага князя. У прававых адносінах служылыя татары-землеўласнікі паступова набліжаліся да статусу шляхты. Аднак Статут ВКЛ 1588 г. не дазваляў татарскай знаці мець прыгонных сялян-хрысціян.
Другую прывілеяваную частку татарскага насельніцтва складалі нашчадкі простых воінаў. Яны мелі меншыя зямельныя ўладанні, за карыстанне якімі павінны былі несці ваенную службу, а таксама выконваць на карысць вялікага князя ахоўную, кур’ерскую, падводную і іншыя павіннасці.
Да трэцяй, найбольш шматлікай і самай беднай групы татар адносіліся «простыя людзі». Яны паходзілі з перасяленцаў, якія на радзіме таксама былі воінамі або залежалі ад феадалаў. Іх сялілі ў гарадах і мястэчках, дзе ім у карыстанне адводзілі невялікія надзелы зямлі для сядзібы і агародаў. Яны , як і мяшчане, выконвалі павіннасці, плацілі пагалоўны падатак. Асноўнымі заняткамі татар былі агародніцтва, жывёлагадоўля, гарбарства, возніцтва.
Ва ўмовах рэлігійнай цярпімасці татарам удалося даволі доўга захоўваць свае племянныя традыцыі, культуру, мову. Ім свабодна дазвалялася вызнаваць іслам, будаваць мячэці. З пачатку XVI і да пачатку XVII ст. большасць татар стала карыстацца ў паўсядзённым жыцці старабеларускай або польскай мовамі. На гэтых мовах з выкарыстаннем арабскага алфавіту былі напісаны свяшчэнныя кнігі беларускіх татар — кітабы. У іх апісваюцца каноны і рытуалы мусульман, нормы паводзін, традыцыі і легенды. У XVI—XVII стст. на землях Беларусі і Літвы дзейнічалі 17 мячэцяў.
У той жа час татары не мелі права ўдзельнічаць у выбарах у прадстаўнічыя органы ВКЛ, а таксама займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады.
2. Яўрэйскія абшчыны
У канцы XIV — XVI ст. адбывалася масавае перасяленне яўрэяў з краін Заходняй Еўропы, дзе яны падвяргаліся ганенням і пераследаванням. Князі ВКЛ цярпіма адносіліся да яўрэяў-перасяленцаў. Таму ў ВКЛ пацягнулася яўрэйскае насельніцтва з заходнееўрапейскіх краін. Першай пісьмовай крыніцай, якая сведчыць аб перасяленні яўрэяў на беларускія землі, з’яўляецца грамата князя Вітаўта ад 1388 г. берасцейскім яўрэям аб парадку разгляду судовых спраў паміж хрысціянамі і яўрэямі, а таксама самімі яўрэямі.
Яўрэйскае насельніцтва сялілася пераважна ў гарадах і мястэчках Беларусі. З XV ст. усім яўрэям, што жылі ў ВКЛ, была «пажалавана» грамата на Магдэбургскае права. Да 1495 г. на тэрыторыі Беларусі вядомы два гарады з аселым яўрэйскім насельніцтвам — Бярэсце і Гародня. Як і ў краінах Заходняй Еўропы, яўрэі жылі ізалявана ў асобных кварталах. У XVI ст. аформілася яўрэйская абшчына — кагал.
У 1560-я гг. у Беларусі пражывала, па прыблізных падліках, каля 20 тыс. яўрэяў, а ў 1628 г. — каля 40 тыс. У першай палове XVII ст. яны складалі ад 2 да 10 % насельніцтва асобных гарадоў і мястэчак.
У аснове духоўнага жыцця беларускіх яўрэяў ляжала вельмі старажытная рэлігія — іўдаізм, якая ўзнікла ў II тыс. да н. э. Галоўнымі рэлігійнымі кнігамі для іўдзеяў былі Талмуд і Стары Запавет Бібліі. Яўрэі праводзілі абрады ў сінагогах і размаўлялі паміж сабой на мове ідыш.
Але ў ВКЛ для яўрэяў існавалі пэўныя абмежаванні. Яны не маглі набываць зямлю ва ўласнасць, займацца сельскай гаспадаркай, служыць у шляхецкім войску. Паводле Статутаў ВКЛ 1566 і 1588 гг. яўрэі не мелі права займаць дзяржаўныя пасады, валодаць прыгоннымі сялянамі. Гэтыя абмежаванні датычыліся іўдзеяў. Яўрэі, якія прынялі хрысціянства, нічым не адрозніваліся ў сваіх правах ад шляхты ці мяшчан. Нашчадкі яўрэяў-хрысціян маглі быць залічаны нават у саслоўе шляхты.
Яўрэі паспяхова займаліся рамяством, гандлем, прадпрымальніцтвам, умелі арганізаваць такія важныя дзяржаўныя справы, як збор падаткаў і гандлёвых пошлін, крэдытарская дзейнасць і аказанне медыцынскай дапамогі. Калі вялікі князь Аляксандр Казіміравіч у 1495 г. выгнаў яўрэяў за межы краіны і канфіскаваў іх маёмасць, то ў ВКЛ парушылася грашовае абарачэнне. У 1503 г. яўрэям было дазволена вярнуцца ў Княства.
3. Іншыя народы на тэрыторыі Беларусі
У XIІ—XIII стст. на землях ВКЛ пачалі рассяляцца нешматлікія групы палякаў. Крэўская унія 1385 г. абумовіла рост польскага насельніцтва на этнічных беларускіх землях, асабліва ў заходніх раёнах. Яно складвалася з прастаўнікоў малазямельнай шляхты, духавенства, гандляроў, рамеснікаў, ваеннапалонных і інш. Ад палякаў ВКЛ запазычыла адміністрацыйны падзел на ваяводствы, права гарадоў на самакіраванне, грыгарыянскі каляндар, назвы шэрагу населеных пунктаў.
На ўсім працягу існавання ВКЛ на землях Беларусі пражывалі літоўцы. Звесткі аб іх перасяленні на пераважна заходнія землі адносяцца да XIII—XIV стст. Крыжацкая агрэсія пацясніла балцкае насельніцтва на ўсход, і асобныя групы літоўцаў рассяліліся на ўсходнеславянскіх тэрыторыях.
Тэратыярыяльная блізкасць размяшчэння, наяўнасць падобных рыс у матэрыяльнай і духоўнай культуры, дынастычныя шлюбы абумовілі рассяленне на тэрыторыі Беларусі выхадцаў з Маскоўскай дзяржавы. Напрыклад, у 1350 г. вялікі князь Альгерд ажаніўся з цвярской княжной Ульянай, разам з якой на пастаяннае жыхарства ў Вільню пераехалі прыбліжаныя да яе асобы. Вялікі князь Вітаўт пасля паходу на Пскоў у 1405 г. прывёў адтуль ваеннапалонных, якіх пасяліў у Гародні. У XV—XVI стст. у ВКЛ людзі з Маскоўскай дзяржавы перасяляліся і добраахвотна. Сярод іх — рускі першадрукар Іван Фёдараў, сяляне і гараджане, якія ратаваліся ад феадальнага прыгнёту.
У XV ст. на Беларусі з’явіліся цыганы. Упершыню яны ўзгадваюцца ў 1501 г. у прывілеі вялікага князя літоўскага Аляксандра Казіміравіча. Тады цыганскі войт Васіль і цыганы атрымалі права весці вандроўнае жыццё ў ВКЛ, мець уласны суд. Цыганы сябе называлі «ромы» і мелі славу добрых каняводаў, кавалёў, ювеліраў, спевакоў, танцораў. Яны выдатна дрэсіравалі мядзведзяў. Большасць цыган вяла вандроўны лад жыцця. Галоўным месцам збору асобных груп цыган была Зэльва (раённы цэнтр у сучаснай Гродзенскай вобласці). Князі ў другой палове XVI ст. спрабавалі зрабіць вандроўных цыган аселым насельніцтвам. Аднак тыя не прыжыліся на вёсцы, а ішлі ў гарады і мястэчкі, дзе звычайна займалі ўскраіны. Толькі ў XVIII ст. з’явіліся аселыя цыганы-рамеснікі ў мястэчку Мір на Гарадзеншчыне.
Такім чынам, насельніцтва сучасных беларускіх тэрыторый было поліэтнічным, яго пераважную частку складалі беларусы, але былі прадстаўлены і розныя па сваёй колькасці этнічныя меншасці.
Пытанні і заданні
1. Вызначце сутнасць паняцця «поліэтнічная дзяржава». Растлумачце сувязь паміж дзяржаўнай палітыкай і фарміраваннем ВКЛ як поліэтнічнай дзяржавы.
2. Растлумачце, чаму ў кітабах вялікага князя Вітаўта называлі «апорай ісламу на Захадзе».
3. Як вы думаеце, чаму ў Статуце ВКЛ 1588 г. цыган назвалі «шкодным элементам»?
4. Складзіце параўнальную табліцу «Этнічныя меншасці ў ВКЛ». Крытэрыі для параўнання вызначце самастойна або ў групах.
5. Вызначце, якія правы мелі этнічныя меншасці на тэрыторыі Беларусі. У якой з меншасцяў было больш прывілеяванае становішча?