§ 6-1. Побыт насельніцтва Беларусі ў XІV – XVІ стст.

1. Умовы жыцця насельніцтва Беларусі

У XIV—XVI стст. жыццё насельнікаў беларускіх зямель моцна залежала ад прыродна-кліматычных умоў і гаспадарчай дзейнасці. На поўначы Беларусі, дзе шмат азёр, узвышшаў і нізін, пераважалі невялікія вёскі, прыстасаваныя да мясцовага рэльефу. Шматдворныя сёлы былі распаўсюджаны на поўдні — Палессі, асабліва на Брэстчыне. На ўсходзе, за рэкамі Пціч і Убарць, рассцілаліся малазаселеныя прасторы балот і лясоў. Тут пераважаў скучана-гнездавы тып рассялення. На заходніх беларускіх землях адзначалася высокая шчыльнасць насельніцтва.

Жыццё сялян працякала размерана, традыцыйна. На працягу стагоддзяў яно амаль не змянялася і было сканцэнтравана вакол сям’і, якая з’яўлялася найбольш устойлівай формай сумеснага жыцця. Дзякуючы сям’і ўзнаўлялася грамадства. Працоўная дзейнасць членаў сям’і спрыяла стварэнню матэрыяльных каштоўнасцей. Сем’і ў той час былі вялікімі, яны складаліся з некалькіх шлюбных пар. Так лягчэй было весці гаспадарку і выконваць павіннасці, выхоўваць дзяцей, даглядаць старых і хворых. У вялікай сям’і пад адным дахам жылі кроўныя сваякі трох-чатырох пакаленняў. Гэта значна палягчала працэс перадачы вопыту, сямейных правілаў паводзін, традыцый народа, сямейна-бытавых абрадаў, выхавання дзяцей. Малыя сем’і, якія складаліся з адной шлюбнай пары і іх дзяцей, сустракаліся рэдка і былі больш характэрны для заможных сялян, мяшчан і шляхты.

З 5–6 гадоў дзяцей прывучалі да сялянскай працы. Хлопчыкі дапамагалі бацькам па гаспадарцы, а дзяўчынкі займаліся хатнімі справамі, няньчылі малодшых дзяцей, дапамагалі старым і хворым, працавалі з маці ў полі ці на агародзе. Шлюбны ўзрост пачынаўся ў мужчын у 16—18 гадоў, у жанчын — у 14—16. Уступленне ў шлюб адбывалася са згоды бацькоў абедзвюх сем’яў, а таксама з дазволу мясцовага феадала. Маладыя чакалі канца царкоўнага посту, каб абвянчацца і справіць вяселле. Права на развод таксама давала царква, але разводы былі вельмі рэдкай з’явай у той час.

Жыццё мяшчан было больш дынамічным і складаным. Мяшчане займаліся не толькі гаспадарчай дзейнасцю, але і працавалі на ўзвядзенні ўмацаванняў, будаўніцтве цэркваў, добраўпарадкаванні вуліц.