§ 6-1. Побыт насельніцтва Беларусі ў XІV – XVІ стст.
1. Якія саслоўі ВКЛ з’яўляліся носьбітамі беларускай народнай культуры?
2. Якія функцыі сям’і вы ведаеце?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст. |
Книга: | § 6-1. Побыт насельніцтва Беларусі ў XІV – XVІ стст. |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 10 Апрель 2025, 19:12 |
1. Умовы жыцця насельніцтва Беларусі
У XIV—XVI стст. жыццё насельнікаў беларускіх зямель моцна залежала ад прыродна-кліматычных умоў і гаспадарчай дзейнасці. На поўначы Беларусі, дзе шмат азёр, узвышшаў і нізін, пераважалі невялікія вёскі, прыстасаваныя да мясцовага рэльефу. Шматдворныя сёлы былі распаўсюджаны на поўдні — Палессі, асабліва на Брэстчыне. На ўсходзе, за рэкамі Пціч і Убарць, рассцілаліся малазаселеныя прасторы балот і лясоў. Тут пераважаў скучана-гнездавы тып рассялення. На заходніх беларускіх землях адзначалася высокая шчыльнасць насельніцтва.
Жыццё сялян працякала размерана, традыцыйна. На працягу стагоддзяў яно амаль не змянялася і было сканцэнтравана вакол сям’і, якая з’яўлялася найбольш устойлівай формай сумеснага жыцця. Дзякуючы сям’і ўзнаўлялася грамадства. Працоўная дзейнасць членаў сям’і спрыяла стварэнню матэрыяльных каштоўнасцей. Сем’і ў той час былі вялікімі, яны складаліся з некалькіх шлюбных пар. Так лягчэй было весці гаспадарку і выконваць павіннасці, выхоўваць дзяцей, даглядаць старых і хворых. У вялікай сям’і пад адным дахам жылі кроўныя сваякі трох-чатырох пакаленняў. Гэта значна палягчала працэс перадачы вопыту, сямейных правілаў паводзін, традыцый народа, сямейна-бытавых абрадаў, выхавання дзяцей. Малыя сем’і, якія складаліся з адной шлюбнай пары і іх дзяцей, сустракаліся рэдка і былі больш характэрны для заможных сялян, мяшчан і шляхты.
З 5–6 гадоў дзяцей прывучалі да сялянскай працы. Хлопчыкі дапамагалі бацькам па гаспадарцы, а дзяўчынкі займаліся хатнімі справамі, няньчылі малодшых дзяцей, дапамагалі старым і хворым, працавалі з маці ў полі ці на агародзе. Шлюбны ўзрост пачынаўся ў мужчын у 16—18 гадоў, у жанчын — у 14—16. Уступленне ў шлюб адбывалася са згоды бацькоў абедзвюх сем’яў, а таксама з дазволу мясцовага феадала. Маладыя чакалі канца царкоўнага посту, каб абвянчацца і справіць вяселле. Права на развод таксама давала царква, але разводы былі вельмі рэдкай з’явай у той час.
Жыццё мяшчан было больш дынамічным і складаным. Мяшчане займаліся не толькі гаспадарчай дзейнасцю, але і працавалі на ўзвядзенні ўмацаванняў, будаўніцтве цэркваў, добраўпарадкаванні вуліц.
2. Жыллё і ўмовы пражывання
У XIV—XV стст. у вёсках пераважала скучанае (бессістэмнае) размяшчэнне пабудоў. Сялянскі двор, які складаўся з жылой сядзібы і гаспадарчых пабудоў, мог быць замкнёным, ці вяночным, або рассеяным. Але ў ХVІ ст., пасля аграрнай рэформы Жыгімонта ІІ Аўгуста, пачала фарміравацца пагонная (вулічная) планіроўка населеных пунктаў. Цяпер жылы дом размяшчаўся ў адзін рад з гаспадарчымі пабудовамі, або ў два рады насупраць надзелаў зямлі.
Наяўнасць і колькасць гаспадарчых будынкаў (стайні, хлявы, гумны, млыны, піўніцы і інш.) залежалі ад заможнасці ўладальніка. У бедных сялян побач з хатай размяшчаліся толькі гумно і хлеў. Комплексы гаспадарчых будынкаў сустракаліся пры дварах багатай шляхты.
3. Адзенне
У XV—XVI стст. склаліся асаблівасці беларускага адзення. Аснову мужчынскага і жаночага касцюмаў складала белая палатняная кашуля (сарочка). Паверх яе жанчыны апраналі андарак (суконную доўгую саматканую спадніцу з паласатай ці клетчатай тканіны), фартух, гарсэт (безрукаўку). Галаву прыкрывалі наміткамі, хусткамі, чапцамі (каптурамі).
Мужчыны апраналі нагавіцы (штаны), кашулю, кафтан і каляровы пояс, а на галаву надзявалі капялюш або шапку.
У халодную пару года і мужчыны, і жанчыны выкарыстоўвалі аднолькавае верхняе адзенне: суконныя світы, аўчынныя кажухі. Абуткам служылі скураныя ці лыкавыя лапці, скураныя боты, чаравікі, валёнкі.
Адзенне заможных людзей адлюстроўвала іх статус, знатнасць і багацце. Мясцовыя шаўцы ўмелі вырабляць з замежных тканін выдатныя касцюмы. Знатнасць падкрэслівалася не толькі пышнасцю адзення, але і яго колькасцю на чалавеку.
4. Харчаванне
Аснову харчовага рацыёну складалі прадукты земляробства, агародніцтва, жывёлагадоўлі. Дадатковымі крыніцамі ежы былі некаторыя промыслы, якія давалі мёд, рыбу, мяса дзічыны, грыбы, арэхі, ягады. На Палессі і ў Паазер’і пераважна ўжывалі рыбу, у раўнінных раёнах — жыта, пшаніцу, у лясных раёнах — прадукты промыслаў.
У сялян пераважала ежа на расліннай аснове: хлеб, кашы і прываркі (боршч, капуста, крупеня, кулеш). Гародніну ўжывалі свежай, клалі ў запас. У XVIІІ ст. на беларускіх землях упершыню з’явілася бульба.
На святы гатавалі мясныя стравы са свініны, бараніны, ялавічыны, птушкі. Найчасцей гаспадыні рыхтавалі мачанку (з мясам і падлівай), халадзец (студзень). Таксама спажывалі малочныя прадукты ў натуральным выглядзе.
Паколькі беларусы шмат ужывалі хлеба, квашаных і салёных прадуктаў, то гэта абумовіла вялікую колькасць спажываемых напіткаў. Пілі квас, бярозавы і кляновы сокі, кісялі, медавуху, піва. Гарэлка да XVIІ—XVIІІ стст. выкарыстоўвалася, як правіла, у якасці лекавага сродку пры хваробах сэрца, вачэй і інш.
5. Вольны час
Баўленне вольнага часу сялян і незаможных мяшчан залежала ад народнага календара. Абапіраючыся на бацькоўскія традыцыі і веру, людзі трымалі ў памяці шматлікія парады і забароны. Яны ведалі, калі можна было брацца за тую ці іншую працу, а калі, наадварот, трэба было адкласці яе, калі можна было весяліцца, а калі — устрымацца ад забаў.
Пасля 1 студзеня надыходзіла ўрачыстае зімовае святкаванне, якое доўжылася два тыдні, — Каляды. Яно ахоплівала некалькі свят і суправаджаліся абрадамі, гульнямі, песнямі. У сакавіку ці ў канцы лютага спраўлялася Масленіца — свята заканчэння зімы. У апошні дзень Масленага тыдня гукалі вясну.
Надыход вясны звязвалі са старадаўнім святам Камаедзіцай, калі заканчвалася спячка мядзведзя, і ён вылазіў з бярлогі. На Камаедзіцу гатавалі і елі камы (гарохавую кашу).
Самым галоўным вясновым святам лічыўся Вялікдзень (Пасха), на дзясяты дзень пасля якога наведвалі могілкі і паміналі нябожчыкаў. Гэты дзень назвалі Радаўніцай. У пачатку мая адзначалі свята першага выгану кароў — Юрый (Ягорый, Георгій).
На лета прыпадалі асноўныя работы па нарыхтоўцы сена, уборцы ўраджая. Таму вольнага часу ў сялян было мала. У чэрвені дзень летняга сонцастаяння беларусы здаўна адзначалі як Купалле. У паданнях расказвалася, што ў купальскую ноч расліны размаўляюць паміж сабой, дрэвы пераходзяць з месца на месца, а рэкі свецяцца прывідным святлом. Вельмі пашыранай на купальскім свяце была варажба. Дзяўчаты і хлопцы загадвалі, што чакае іх у будучыні. У жніўні спраўлялася адно са свят хлеба — Трэці Спас. Шмат дзе спраўлялі Дажынкі — свята заканчэння жніва.
Восенню, у верасні, пасля завяршэння асноўных сельскагаспадарчых работ, пачыналіся сялянскія вяселлі. Таксама адзначалася Узвіжанне — свята «закрывання» зямлі на зіму. У гэты дзень не хадзілі ў лес, бо верылі, што там збіраліся ў клубкі гадзюкі і вужы, каб схавацца ў норы перад зімоваю парою. Лічылася, што ў гэты дзень можна сустрэць цара гадзюк, у якога на галаве нібыта меліся залатыя рожкі.
Кастрычнік знаменаваў пераход да зімы. Да свята Пакровы (14 кастрычніка) сяляне стараліся закончыць палявыя работы. Завяршаліся сялянскія вяселлі. У народзе казалі: «Пакрова прайшла — дзеўка замуж не пайшла».
У лістападзе і снежні вёска на нейкі час вызвалялася ад сельскагаспадарчых работ. У гэты перыяд дзяўчаты збіраліся на вячоркі, для чаго наймалі хату на ўсю зіму ў якой-небудзь удавы або ў беднай сям’і. У ходзе вячорак пралі кудзелю і спявалі. Да дзяўчат прыходзілі хлопцы, каб паглядзець на іх і паслухаць іх спевы. Акрамя таго, на працягу зімы дзяўчаты ладзілі тры альбо чатыры вялікія вечарыны, для чаго запрашалі музыкаў.
Такім чынам, залежнасць жыцця і працы селяніна ад прыродных стыхій вымушала яго выконваць разнастайныя абрады, прымеркаваныя да пэўных падзей і ў строга рэгламентаваны час. Адпаведна чатыром порам года існавалі чатыры вялікія святы: зімой — Каляды, вясной — Вялікдзень, летам — Купалле, восенню — Пакровы, вакол якіх групаваліся іншыя.
Увогуле традыцыйная культура Беларусі XIV—XVI стст. адпавядала духоўным патрэбам, густам і талентам народа.
Пытанні і заданні
1. Ахарактарызуйце ўмовы жыцця насельніцтва Беларусі ў XIV—XVI стст.
2. Вызначце, якімі фактарамі было абумоўлена існаванне вялікіх сялянскіх сем’яў.
3. Пералічыце асаблівасці традыцыйнага народнага жылля беларусаў.
4. Назавіце асноўныя элементы народнага касцюма беларусаў.
5. Вызначце, якія рысы гаспадарчай дзейнасці і побыту беларусаў праявіліся ў харчаванні насельніцтва Беларусі ХІV—ХVІ стст.
6. Параўнайце харчовы рацыён беларусаў ХІV—ХVІ стст. з сучасным. Якія змены вы заўважылі?
7. Як бавілі вольны час сяляне на працягу каляндарнага года? 8. Падрыхтуйце паведамленне або прэзентацыю аб асаблівасцях харчавання (адзення, жылля) у вашай мясцовасці.