§ 6. Фарміраванне беларускай народнасці

1. Сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя перадумовы фарміравання беларускай народнасці

Народнасць — ​гэта супольнасць людзей, якая склалася гістарычна і характарызуецца адзінствам паходжання, адзінай мовай, тэрыторыяй, матэрыяльнай і духоўнай культурай, псіхічным складам, этнічнай самасвядомасцю. Беларуская народнасць пачала фарміравацца ў канцы ХІІІ — ​пачатку ХІV ст. Завяршыўся гэты працэс у XVI ст.

Фарміраванню беларускай народнасці спрыяла аб’яднанне беларускіх зямель у межах Вялікага Княства Літоўскага. Моцная цэнтральная ўлада, якая ўсталявалася ў канцы XIV — ​пачатку XV ст., станоўча ўплывала на развіццё эканамічных сувязяў паміж рознымі часткамі краіны. Паступова землі страчвалі свае ўнутраныя правы.

Пэўную ролю ва ўтварэнні беларускай народнасці адыграў геаграфічны фактар — ​размяшчэнне беларускіх зямель амаль у цэнтры ВКЛ. Гэта спрыяла захаван­ню тэрытарыяльнага адзінства беларускага этнасу. Паступова сфарміравалася агульнае заканадаўства, якое было прадстаўлена агульнадзяржаўнымі прывілеямі, Судзебнікам 1468 г. і Статутамі ВКЛ. Галоўнай эканамічнай перадумовай складвання беларускай народнасці сталі змены, якія адбыліся ў развіцці сельскай гаспадаркі і рамяства ў XІV—​XVI стст. Паступова ішло разбурэнне натуральнага характару гаспадаркі. Сяляне ўцягваліся ў таварна-грашовыя адносіны. Пашырыўся абмен паміж горадам і вёскай. Усталявалася сетка сухапутных дарог, што спрыяла развіццю гандлю.

Таксама ў XVI ст. аформілася саслоўная структура беларускага грамадства. Да асноўных класаў і саслоўяў беларускага этнасу адносіліся феадалы — ​шляхта; духавенства; гараджане — ​мяшчане; сялянства. Правы шляхецкага саслоўя знайшлі афармленне ў Статутах 1529, 1566 і 1588 гг., мяшчан — ​у магдэбургскіх граматах на самакіраванне гарадоў. З усталяваннем прыгоннага права ў XVI ст. канчат­кова ператварылася ў саслоўе беларускае сялянства.

Такім чынам, беларуская народнасць як самастойная этнасацыяльная супольнасць утварылася ў выніку ўзаемадзеяння складаных сацыяльна-эканамічных, палітычных і этнічных працэсаў у XIV—XVI стст.