§ 6. Фарміраванне беларускай народнасці
1. Якія канцэпцыі паходжання беларусаў вы ведаеце?
2. Успомніце з курса грамадазнаўства, што такое «характар».
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст. |
Книга: | § 6. Фарміраванне беларускай народнасці |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 10 Апрель 2025, 19:13 |
Оглавление
- 1. Сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя перадумовы фарміравання беларускай народнасці
- 2. Складванне этнічнай тэрыторыі і агульнай мовы беларускага этнасу
- 3. Гіпотэзы паходжання назвы «Белая Русь»
- 4. Саманазвы беларусаў
- 5. Адзінства матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускай народнасці
- Пытанні і заданні
1. Сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя перадумовы фарміравання беларускай народнасці
Народнасць — гэта супольнасць людзей, якая склалася гістарычна і характарызуецца адзінствам паходжання, адзінай мовай, тэрыторыяй, матэрыяльнай і духоўнай культурай, псіхічным складам, этнічнай самасвядомасцю. Беларуская народнасць пачала фарміравацца ў канцы ХІІІ — пачатку ХІV ст. Завяршыўся гэты працэс у XVI ст.
Фарміраванню беларускай народнасці спрыяла аб’яднанне беларускіх зямель у межах Вялікага Княства Літоўскага. Моцная цэнтральная ўлада, якая ўсталявалася ў канцы XIV — пачатку XV ст., станоўча ўплывала на развіццё эканамічных сувязяў паміж рознымі часткамі краіны. Паступова землі страчвалі свае ўнутраныя правы.
Пэўную ролю ва ўтварэнні беларускай народнасці адыграў геаграфічны фактар — размяшчэнне беларускіх зямель амаль у цэнтры ВКЛ. Гэта спрыяла захаванню тэрытарыяльнага адзінства беларускага этнасу. Паступова сфарміравалася агульнае заканадаўства, якое было прадстаўлена агульнадзяржаўнымі прывілеямі, Судзебнікам 1468 г. і Статутамі ВКЛ. Галоўнай эканамічнай перадумовай складвання беларускай народнасці сталі змены, якія адбыліся ў развіцці сельскай гаспадаркі і рамяства ў XІV—XVI стст. Паступова ішло разбурэнне натуральнага характару гаспадаркі. Сяляне ўцягваліся ў таварна-грашовыя адносіны. Пашырыўся абмен паміж горадам і вёскай. Усталявалася сетка сухапутных дарог, што спрыяла развіццю гандлю.
Таксама ў XVI ст. аформілася саслоўная структура беларускага грамадства. Да асноўных класаў і саслоўяў беларускага этнасу адносіліся феадалы — шляхта; духавенства; гараджане — мяшчане; сялянства. Правы шляхецкага саслоўя знайшлі афармленне ў Статутах 1529, 1566 і 1588 гг., мяшчан — у магдэбургскіх граматах на самакіраванне гарадоў. З усталяваннем прыгоннага права ў XVI ст. канчаткова ператварылася ў саслоўе беларускае сялянства.
Такім чынам, беларуская народнасць як самастойная этнасацыяльная супольнасць утварылася ў выніку ўзаемадзеяння складаных сацыяльна-эканамічных, палітычных і этнічных працэсаў у XIV—XVI стст.
2. Складванне этнічнай тэрыторыі і агульнай мовы беларускага этнасу
Тэрыторыя, на якой сфарміравалася беларуская народнасць, склалася да XVI ст. Паўночная мяжа этнічных зямель — на поўнач ад Браслава, Азярышча, Нешчарды — амаль поўнасцю супадала з дзяржаўнай граніцай ВКЛ з Лівонскім ордэнам, пскоўскімі і наўгародскімі землямі.
Пасля Крэўскай уніі 1385 г. заходняя мяжа Беларусі з Польшчай у асноўным усталявалася. Але тут меўся своеасаблівы рэгіён поліэтнічнага насельніцтва (беларусы, палякі, літоўцы, яцвягі, украінцы) — Заходняе Падляшша, якое прымыкала да Гарадзенскай і Берасцейскай зямель.
Паўднёвы рэгіён Беларусі — Палессе — быў геаграфічна размежаваны з Украінай па басейне ракі Прыпяць з яе паўднёвымі прытокамі.
Найбольш зменлівымі ў ХIV—ХVI стст. былі ўсходнія межы ВКЛ. Тут у перыяд максімальнага пашырэння ВКЛ у яго ўваходзілі бранскія, смаленскія і некаторыя іншыя землі. Таму насельніцтва гэтых княстваў было часова ўцягнута ў этнічныя працэсы, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі.
У гэты час склаліся асаблівасці старабеларускай мовы. Яе асновай стала сярэднебеларуская група гаворак. Сярод гукавых змяненняў асабліва заўважнымі сталі дзеканне, цеканне, цвёрдае вымаўленне гука «р», аканне, яканне, выкарыстанне прыстаўных зычных і галосных гукаў у пачатку слова.
Дзяржаўны статус старабеларускай мовы садзейнічаў яе ўзбагачэнню новымі словамі, якія адлюстроўвалі розныя бакі палітычнага і сацыяльна-эканамічнага жыцця. Сфарміраваліся новыя тэрміны: назвы павіннасцяў і падаткаў, службовых асоб і органаў дзяржаўнай улады. У мову траплялі запазычанні з іншых моў: напрыклад, слова «праца» прыйшло з польскай, слова «дойлід» — з літоўскай, а слова «дах» — з нямецкай.
3. Гіпотэзы паходжання назвы «Белая Русь»
У бібліятэцы Англіканскага ўніверсітэта ў Дубліне (Ірландыя) захоўваецца рукапіс, што датуецца другой паловай ХІІІ ст. Даследчыкі лічаць, што гэта самая ранняя крыніца, у якой упершыню згадваецца тэрмін «Белая Русь».
У Іпацьеўскім летапісе пад 1305 г. таксама ўзгадваецца Белая Русь. Заходнія раёны нашай краіны да ХІХ ст. называлі «Літвой», «Чорнай Руссю», «Руссю Літоўскй».
Чаму Русь «белая»? Яшчэ ў сярэдзіне XVI ст. падарожнік і дыпламат Сігізмунд Герберштэйн тлумачыў гэта вялікай колькасцю снегу, які тут выпадае. Паводле другой версіі, назва паходзіць ад белага колеру адзення або вобліку мясцовых жыхароў — светлага колеру твару, валасоў. Складанасць праблемы заключаецца ў тым, што слова «белы» ўжываецца найперш за ўсё ў сімвалічным, пераносным сэнсе. Таму гісторыкі выказваюць розныя меркаванні: «белая» – значыць вольная, незалежная ад мангола-татар, хрысціянская.
,
4. Саманазвы беларусаў
Аб фарміраванні этнічнай самасвядомасці народа сведчыць з'яўленне яго назваў і саманазваў. У дачыненні да насельніцтва Беларусі ўжываліся розныя назвы. Найбольш пашыранымі былі «русіны», «рускі люд», «рускі народ». Саманазвы таксама былі рознымі. Напрыклад, Францыск Скарына за межамі дзяржавы ў адных дакументах называў сябе «ліцвінам», у другіх — «русінам», а ў трэціх — проста «палачанінам».
Самай пашыранай саманазвай беларускага народа ў ХІІІ—ХVІІІ стст. лічыцца «рускія», што было абумоўлена гістарычнай памяццю аб Старажытнарускай дзяржаве і значнай роляй у грамадстве праваслаўнай царквы. Гэтая саманазва аддзяляла беларусаў ад іншага насельніцтва ВКЛ і Рэчы Паспалітай, найперш неславянскага.
«Ліцвінамі» лічылі жыхароў Віленскага і Трокскага ваяводстваў і тых ураджэнцаў Княства, якія знаходзіліся па-за межамі краіны. Напрыклад, у дакуменце 1623 г. адзначалася: «…прыехаў з Полацка да Пскова на гасцінны нямецкі двор гандлёвы ліцвін Спырыдонка Кандрацьеў», ці «родам ліцвін Гродцкого [Гарадзенскага] павету, цяглага мужыка сын». З другой паловы ХVІ ст. ліцвінамі называлі прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя, незалежна ад іх паходжання.
Тэрмін «беларусцы» сустракаецца ў пісьмовых крыніцах з ХVІІ ст., напрыклад, у кантэкстах такога кшталту: «Выхадзец з Мсціслаўскага павета беларусец Сцяпанка Цімафееў» (1633 г.). Так у Расіі называлі палонных з беларускіх зямель.
Фарміраванне беларускай народнасці праявілася ў складванні асобнага менталітэту — характэрных асаблівасцей успрымання чалавекам навакольнага свету і яго разумення. У кожнага народа — свой менталітэт. Характар беларусаў вызначалі такія агульначалавечыя рысы, як любоў да радзімы і сям’і, ушанаванне продкаў і прыроды, устойлівасць старажытных абрадаў, спалучэнне язычніцтва з хрысціянствам, імкненне гарманічна падладзіць працу і адпачынак пад пэўныя перыяды года, высокая духоўнасць, цярпімасць, патрыятызм, шчырасць.
Беларусы заўсёды былі вялікімі міралюбамі, працавітымі, спагадлівымі, гасціннымі, спачувальнымі да чужых бед людзьмі. Невыпадкова ў нашай духоўнай спадчыне мала вершаў, паэм, песень, звязаных з войнамі, забойствамі, сутыкненнямі. Затое шырока прадстаўлены балады, чарадзейныя казкі, у якіх услаўляецца кемлівасць, гумар, вынаходлівасць, асуджаецца несумленна нажытае багацце, распуснае жыццё.
5. Адзінства матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускай народнасці
На працягу XIV—XVI стст. складваліся агульныя рысы ў гаспадарчай дзейнасці жыхароў беларускіх зямель. Асноўнымі іх заняткамі былі земляробства, жывёлагадоўля, рамяство. Галоўнымі землеапрацоўчымі прыладамі з’яўляліся валовая ці радзей конная саха, матыка, серп, барана. Зерне малацілі цапамі. Двухпольны севазварот паступова змяніўся трохпольным (азімыя, яравыя культуры, папар), пад ворыва займаліся новыя землі. Сяляне вырошчвалі жыта, пшаніцу, проса, авёс, грэчку, боб, гарох, каноплі, лён і іншыя культуры.
Дапаможнымі заняткамі да земляробства былі промыслы: збіральніцтва, паляванне, бортніцтва, рыбалоўства. У XIV—XVI стст. пашырыліся некаторыя віды промыслаў, якія больш за іншыя былі звязаны з працай на заказ ці з рынкам: апрацоўка дрэва, выраб жалеза, паташу, шкла, смалы.
Кліматычныя асаблівасці, традыцыі, сацыяльна-эканамічныя ўмовы жыцця садзейнічалі ўтварэнню на беларускіх землях своеасаблівых тыпаў паселішчаў і жытла людзей. Да новых тыпаў паселішчаў, якія сфарміраваліся да канца ХVI ст., адносіліся мястэчкі (паселішчы пераходнага тыпу паміж вёскай і горадам), фальваркі (цэнтры гаспадаркі феадалаў), засценкі (пасяленні шляхты за межамі палёў вёскі), ваколіцы (абнесеныя плотам пасяленні шляхты за вёскай).
Большасць сялян Беларусі жылі ў драўляных дамах з двума ці трыма памяшканнямі (святліца, сенцы, клець). Дамы на «падрубе» (фундаменце) пераважалі ў паўночных раёнах, зрубы на зямлі ці на драўляных плахах часцей будаваліся на поўдні. Страха накрывалася саломай або драніцай, вокны закрываліся засоўкай, бычыным пузыром, зрэдку шклом. Жылыя дамы заможных мяшчан ці шляхты былі больш складанымі, часам двухпавярховымі, абаграваліся кафельнымі «галандкамі», мелі шкляныя вокны, дашчаную падлогу і г. д.
Вусная народная творчасць (фальклор) заўсёды раскрывала ўспрыняцце людзьмі навакольнага свету, іх пачуцці і спадзяванні. Найбольш пашыранымі жанрамі фальклору былі песні, казкі, загадкі, выслоўі, прыказкі і прымаўкі.
Асобную групу складалі абрадавыя песні. У залежнасці ад змен у прыродзе і сельскагаспадарчай дзейнасці яны былі веснавымі, летнімі, восеньскімі, зімовымі. Асабліва вылучалася сямейна-абрадавая паэзія, якая несла моцны эмацыянальны зарад. Самымі шматлікімі былі вясельныя песні. Яны гучалі часцей за ўсё ўвосень, калі завяршаліся палявыя работы. У вясельных песнях выкарыстоўваліся многія сімвалы-параўнанні. Жаніх атаясамліваўся з месяцам, голубам, яварам, нявеста — з зоркай, бярозай. Найбольш радаваліся нашы продкі нараджэнню дзіцяці.
Вельмі папулярнымі ў народзе былі казкі. У адрозненне ад песень яны пабудаваны на выдумцы, якая ў фантастычнай форме адлюстроўвала барацьбу герояў з пачварамі, што ўвасаблялі варожыя чалавеку сілы прыроды і грамадства. У загадках, прыказках праяўляліся гістарычны вопыт народа, яго адносіны да грамадскіх падзей і нават да надвор’я.
Абрадавыя песні, карагоды суправаджаліся граннем на музычных інструментах, такіх як гуслі, труба, рог, дудкі. Прыкладна ў ХVI ст. атрымаў шырокае распаўсюджанне традыцыйны духавы мужчынскі інструмент — дуда. Яна выкарыстоўвалася ў народных абрадах, напрыклад, на хрэсьбінах, вяселлях. Пазней з’явіліся цымбалы, скрыпіцы, ліра. Народныя танцы насілі масавы характар, пераважалі карагоды. Яны суправаджаліся драматургічнымі дзеяннямі: імітаваліся звычкі жывёл і птушак, адлюстроўваліся працоўныя працэсы.
Мастацкі густ народа выяўляўся ў дойлідстве, ганчарстве, ткацтве, мастацкай разьбе, вышыўцы, пляценні. Значнае месца займалі рамёствы, звязаныя з вырабам адзення, абутку, апрацоўкай скуры, тканін. У часы караля Стафана Баторыя на беларускіх землях атрымаў пашырэнне мужчынскі зімовы галаўны ўбор — магерка. Яе спачатку насілі шляхціцы, пазней — сяляне і мяшчане. Маляўнічымі ўзорамі ўпрыгожвалі святочнае жаночае адзенне — кашулі, спадніцы, фартухі. З прадметаў хатняга ўжытку найбольш багата аздабляліся ручнікі, якія былі атрыбутамі шматлікіх абрадаў.
Такім чынам, народная культура беларусаў грунтавалася на іх матэрыяльнай вытворчай дзейнасці, адпавядала духоўным патрэбам, густам і талентам народа, забяспечвала пераемнасць і развіццё культурных традыцый, жыццёвага вопыту.
Пытанні і заданні
1. Ахарактарызуйце працэс фарміравання беларускай народнасці з дапамогай схемы.
2. Дакажыце, што ў XVI ст. завяршыўся працэс фарміравання беларускай народнасці. Выкарыстайце ментальную карту да раздзела ІІ .
3. Як вы лічыце, чаму Леў Сапега надаваў вялікае значэнне факту стварэння і выдання Статута ВКЛ 1588 г. на «ўласнай мове»?
4. Назавіце асаблівасці старабеларускай мовы і менталітэту беларускага народа.
5. Параўнайце розныя гіпотэзы паходжання назвы «Белая Русь». Як вы лічыце, якая з іх найбольш аргументаваная? Якія аднолькавыя рысы ў іх можна вылучыць? Абгрунтуйце свой пункт гледжання. 6. Пазнаёмцеся з артыкуламі «Белая Русь» на беларускай і рускай мовах у вольнай энцыклапедыі Вікіпедыя. Вызначце, якія адрозненні ёсць у артыкулах. Як вы лічыце, чаму? На падставе дадатковых крыніц інфармацыі падрыхтуйце паведамленне аб паходжанні назвы «Белая Русь».
7. Вызначце асаблівасці традыцыйнай матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў у XIV—XVI стст. Складзіце ментальную карту або схему «Асаблівасці народнай культуры». Кожны кірунак культурнага жыцця дапоўніце прыкладам.
8. Назавіце асноўныя жанры народнай творчасці, раскрыйце яе тэматыку. Выкарыстайце веды па беларускай літаратуры. 9. Падрыхтуйце буклет, флаер, плакат (папяровы або электронны варыянт), які б адлюстроўваў асаблівасці фарміравання беларускай народнасці.