§ 5-1. Засяленне славянамі тэрыторыі Беларусі

1. «Вялікае перасяленне народаў» і пачатак рассялення славян

У IV—VIІ стст. адбываюцца масавыя міграцыі плямён, якія атрымалі назву «вялікае перасяленне народаў». Перасяленне было выклікана ростам колькасці насельніцтва ў выніку пераходу да аселага жыцця. Таксама прычынай масавага перамяшчэння плямён стала з’яўленне моцных ваенных дружын для заваявання і рабавання чужых зямель. Садзейнічалі міграцыям і кліматычныя змены: з канца IV ст. пачалося моцнае пахаладанне.

Распачалі «вялікае перасяленне народаў» плямёны гунаў і германцаў. Але затым вядучая роля ў перамяшчэнні плямён перайшла да старажытных славян, якія ў VІ—VIІІ стст. раздзяліліся на тры групы: заходнія, усходнія, паўднёвыя. Ад славян паходзяць многія сучасныя народы.

Большасць гісторыкаў лічыць, што славяне трапілі на беларускія землі з поўдня. У паўночную частку Беларусі славяне прыйшлі з поўначы.

Вядома, што славяне занялі цэнтральныя і паўночныя рэгіёны тэрыторыі сучаснай Беларусі ў VI—VII стст. Да іх прыходу большую частку беларускіх зямель займалі плямёны балтаў. Славяне мелі колькасную перавагу над імі, вылучаліся ваяўнічасцю і актыўнасцю. Узаемаадносіны паміж імі былі як мірнымі, так і варожымі. Але агульнае індаеўрапейскае паходжанне, падабенства гаспадарчых заняткаў, язычніцтва садзейнічалі славянізацыі балтаў.