Печатать книгуПечатать книгу

§ 5-1. Засяленне славянамі тэрыторыі Беларусі

   

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Книга: § 5-1. Засяленне славянамі тэрыторыі Беларусі
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 10 Апрель 2025, 19:12

1. «Вялікае перасяленне народаў» і пачатак рассялення славян

У IV—VIІ стст. адбываюцца масавыя міграцыі плямён, якія атрымалі назву «вялікае перасяленне народаў». Перасяленне было выклікана ростам колькасці насельніцтва ў выніку пераходу да аселага жыцця. Таксама прычынай масавага перамяшчэння плямён стала з’яўленне моцных ваенных дружын для заваявання і рабавання чужых зямель. Садзейнічалі міграцыям і кліматычныя змены: з канца IV ст. пачалося моцнае пахаладанне.

Распачалі «вялікае перасяленне народаў» плямёны гунаў і германцаў. Але затым вядучая роля ў перамяшчэнні плямён перайшла да старажытных славян, якія ў VІ—VIІІ стст. раздзяліліся на тры групы: заходнія, усходнія, паўднёвыя. Ад славян паходзяць многія сучасныя народы.

Большасць гісторыкаў лічыць, што славяне трапілі на беларускія землі з поўдня. У паўночную частку Беларусі славяне прыйшлі з поўначы.

Вядома, што славяне занялі цэнтральныя і паўночныя рэгіёны тэрыторыі сучаснай Беларусі ў VI—VII стст. Да іх прыходу большую частку беларускіх зямель займалі плямёны балтаў. Славяне мелі колькасную перавагу над імі, вылучаліся ваяўнічасцю і актыўнасцю. Узаемаадносіны паміж імі былі як мірнымі, так і варожымі. Але агульнае індаеўрапейскае паходжанне, падабенства гаспадарчых заняткаў, язычніцтва садзейнічалі славянізацыі балтаў.

2. Асноўныя канцэпцыі паходжання славян

Сваю назву славяне атрымалі ад «слова», гэта значыць яны «валодалі словам», разумелі адно аднаго. А вось пытанне пра іх прарадзіму (тэрыторыю, дзе яны першапачаткова жылі) у гістарычнай навуцы застаецца спрэчным. Існуюць тры падыходы да гэтай праблемы. Адна група вучоных лічыць, што прарадзімай славян з’яўляліся тэрыторыі ў сярэднім цячэнні Дуная. Другая група даследчыкаў, найперш польскіх, размяшчае старажытных славян у міжрэччы Одэра і Віслы. Трэцяя група адносіць прарадзіму славян да зямель паміж Заходнім Бугам і Дняпром, уключаючы поўдзень Беларусі. Паводле думкі сучасных спецыялістаў, фарміраванне славян адбывалася ў першай палове I тыс. н. э., і гэта версія на падставе новых археалагічных знаходак з’яўляецца даволі абгрунтаванай.

 

3. Старажытнарымскія, візантыйскія, арабскія і старажытнарускія крыніцы аб славянах

Назва «славяне» замацавалася ў VІ ст., раней выкарыстоўваліся розныя іншыя назвы. Рымскія аўтары ў І—ІІ стст. пісалі пра плямёны «венедаў». Магчыма, гэта самая старажытная назва славян. Вучоныя мяркуюць, што так славян называлі іх суседзі. Вядомы рымскі гісторык Тацыт (І ст.) адзначаў, што венеды былі падобны на старажытных германцаў і займалі вялізныя абшары ад Дуная да Балтыйскага мора. Гоцкі гісторык Іардан у першай палове VI ст. размяшчаў венедаў на тэрыторыі сучаснай Польшчы. Ад іх, на думку аўтара, пайшлі склавіны і анты. Месцам пражывання склавінаў ён лічыў землі паміж Дунаем і Днястром, а антаў — паміж Днястром і Дняпром.

У VI ст. славяне рассяліліся на вялікай тэрыторыі ад Эльбы да Дуная, Дняпра, Дона і Чорнага мора. Яны сталі небяспечнымі суседзямі Візантыі. Візантыйскі гісторык Пракопій Кесарыйскі, падрабязна апісваючы жыццё і норавы старажытных славян, быў вельмі ўражаны іх узаемападтрымкай, смеласцю і ваяўнічасцю.

У канцы VI ст. быў складзены візантыйскі ваенны трактат «Страцегікон», які ўтрымліваў звесткі па вядзенні вайны супраць славян. Гісторыкі мяркуюць, што стваральнікам гэтай працы быў імператар Маўрыкій.

Пазней, у сярэдзіне Х ст., візантыйскі імператар Канстанцін Парфірародны напісаў кнігу для сваіх нашчадкаў «Аб кіраванні дзяржавай». У адным з яе раздзелаў гаворыцца аб русах, якія прыбываюць у Канстанцінопаль (Царград) на лодках. Цікава, што рабілі гэтыя лодкі крывічы, а пасля дастаўлялі русам.

Важныя звесткі аб славянах былі сабраны ўсходнімі географамі ІХ—ХІІ стст., якія валодалі арабскай і персідскай мовамі. Арабскія аўтары надавалі розны сэнс тэрмінам «славяне» і «русы». Яны пісалі аб трох усходнеславянскіх цэнтрах: «Куябе», «Славіі» і «Артаніі». Першыя два цэнтры даследчыкі суадносяць з Кіевам і Ноўгарадам, а трэці раён — загадкавы. У крыніцах запісана: «Артанцы па вадзе спускаюцца да Куябы, каб гандляваць». Існуе гіпотэза, што Арта знаходзілася на тэрыторыі паўночнай Беларусі. Менавіта там, каля Лукомля, Оршы, Полацка, археолагі знайшлі скарбы арабскіх манет.

 

Пытанні і заданні

 1. Назавіце прычыны «вялікага перасялення народаў».
2. Калі і на якія групы раздзяліліся старажытныя славяне?
3. Вызначце сутнасць тэорыі «балцкага субстрату».
4. Назавіце прычыны, якія садзейнічалі частковай славянізацыі балтаў і выцясненню большай іх часткі ва Усходнюю Прыбалтыку.
5. Ахарактарызуйце вядомыя канцэпцыі прарадзімы славян. Падрыхтуйце схему.
6. Запоўніце табліцу «Старажытнарымскія, візантыйскія і арабскія крыніцы аб славянах»:


На аснове табліцы прадрыхтуйце славесны партрэт славяніна.