§ 4. Рэлігійныя ўяўленні і духоўная культура старажытнага насельніцтва Беларусі

4. Першабытнае мастацтва

Разам з узнікненнем у чалавека рэлігійных уяўленняў з’явілася першабытнае мастацтва. Некаторыя навукоўцы лічаць, што яно паходзіць ад магічных абрадаў, звязаных з паляваннем. Верагодна, мужчыны перад паляваннем малявалі на зямлі выяву жывёлы, якую хацелі забіць, цэліліся ў яе і выконвалі вакол малюнка рытуальны танец, імітуючы ў ім рухі паляўнічага. Усе гэтыя дзеянні, на думку першабытных людзей, павінны былі забяспечыць ім удалае паляванне.

Самыя раннія помнікі мастацтва на тэрыторыі Беларусі вядомы з часоў палеа­літу. Гэта нанясенне чалавекам арнаменту на прадметы. На стаянцы ў Юравічах археолагі знайшлі абломак біўня маманта, які быў аздоблены спалучэннем зігзагаў, шасцівугольнікаў і гарызантальных рысак. Таксама ў палеаліце чалавек пачаў вырабляць упрыгажэнні. Для іх выкарыстоўваліся зубы жывёл, ракавіны з прасвідраванымі адтулінамі, касцяныя трубачкі.

Пазней, у неаліце, мастацтва набыло больш разнастайныя формы. Ужо сталі сустракацца прымітыўныя выявы чалавека. Таксама ў Юравічах знайшлі пасудзіну з выявай мужчыны з качкай. На косці з возера Вячэра (Любанскі раён Мінскай вобл.) былі выгравіраваны схематычныя выявы мужчын, адзін з якіх трымае ў руцэ рэч, падобную да сякеры. Майстэрства старажытных скульптараў бачнае таксама ў чалавекападобных выявах са стаянкі Асавец Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобл. (драўляны і касцяны ідалы). Вучоныя лічаць, што для гэтага перыяду характэрныя толькі мужчынскія выявы.

Найбольш распаўсюджанымі формамі першабытнага мастацтва на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца арнаменты на керамічных вырабах. Арнаменту, што ўпрыгожваў вырабы, часам надаваўся магічны характар.

Мяркуючы па археалагічных знаходках, арнамент на гліняным посудзе вядомы з часоў неаліту. Арнамен­таванне керамікі дасягнула росквіту ў канцы гэтага перыяду. Узоры першапачаткова ўяўлялі сабой адбіткі канца палачкі з наматаным шнуром, пальцаў, розных завостраных прадметаў. Затым з’явіліся новыя малюнкі — ​зігзагі, ялінкі, ромбы, трохвугольнікі, шматграннікі, якія ўтва­ралі адмысловыя кампазіцыі (часцей на шыйках пасудзін). На сценках гаршкоў рабілі схематычныя выявы жывёл. Удасканаленне прылад працы ў бронзавым веку дазволіла звярнуць увагу на іх знешняе афармленне. Шырока распаўсюджаныя каменныя свідраваныя сякеры шліфавалі і часам аздаблялі валікамі, выступамі і нарэзкамі.

Распаўсюджанне вытворчай гаспадаркі і з’яўленне культу Сонца ўплывалі на мастацтва. Так, заштрыхаваныя трохвугольнікі з’яўляліся сімвалам багіні неба і знакам зямлі. Арнамент у выглядзе паўкругоў з кропкамі па перыметры мог абазначаць зерне, якое арашаецца нябеснай вільгаццю. Дождж сімвалізаваўся зігзагам. Сімваламі салярных божастваў былі адзінарныя або двайныя крыжападобныя фігуры. Даследчыкі адзначаюць, што некаторыя матывы арнаменту керамікі брон­завага веку захаваліся да нашага часу ў беларускай народнай вышыўцы.

У гэты час насельнікі тэрыторыі Беларусі аздаблялі сваё цела і вопратку — 
​з’явіліся разнастайныя металічныя ўпрыгажэнні: дыядэмы, грыўні, бранзалеты, пярсцёнкі, скроневыя кольцы з медзі. Гэты метал з-за сваёй малой распаўсюджанасці, колеру і бляску, хутчэй за ўсё, лічыўся каштоўным. Прыгожа выглядалі бронзавыя жаночыя падвескі, якія нагадвалі сярпок месяца. Сучасныя даследчыкі называюць іх «лунніцамі».

Таксама продкі беларусаў выраблялі акулярападобныя падвескі і скроневыя кольцы з косці і бурштыну. З часам упрыгажэнні страцілі свой магічны сэнс, набыўшы эстэтычную і сацыяльную функцыі. У жалезным веку дэкор гэтых прадметаў стаў больш разнастайным. Новай рысай можна лічыць аздабленне чалавекам дэталей адзення — ​прадметаў, якія мелі функцыянальнае прызначэнне (фібулы, шпількі і г. д.), выраб прадметаў са шкла. Як сведчаць археалагічныя знаходкі, упрыгажэнні на тэрыторыі Беларусі былі як мясцовымі, так і прывазнымі.