§ 4. Рэлігійныя ўяўленні і духоўная культура старажытнага насельніцтва Беларусі

1. Формы рэлігійных уяўленняў у першабытных людзей

У эпоху палеаліту ўзровень інтэлектуальнага развіцця старажытных людзей дасягнуў такой ступені, калі ўзнікае неабходнасць у пэўных адчуваннях і поглядах, якія да­зваляюць стварыць уяўленне пра карціну свету і патлумачыць месца чалавека ў ім. У гэты момант з’явіліся рэлігійныя вераванні і першабытнае мастацтва.

Паколькі на тэрыторыі Беларусі адсутнічаюць горы, то ў нас няма наскальных роспісаў або выяваў на сценах пячор, як у Заходняй Еўропе. Даступнымі спосабамі адлюстравання навакольнага свету, перадачы тагачасных рэлігійных поглядаў былі выраб упрыгажэнняў, касцяных статуэтак, нанясенне выяў на косткі.

На многіх археалагічных стаянках Еўропы знойдзены касцяныя фігуркі жанчын, якіх называюць «палеалітычнымі Венерамі». Адна такая статуэтка знойдзена непадалёку ад Беларусі на стаянцы Елісеевічы ў Бранскай вобласці Расіі. Яна адрозніваецца ад падобных знаходак ва Усходняй Еўропе больш дасканалай прапорцыяй формаў. Галава ў статуэткі была, магчыма, адбітая або адсутнічала з самага пачатку.

На мезалітычных стаянках Беларусі амаль няма знаходак рогу і косці, якія маглі стаць матэрыялам для арнаментавання. Па гэтай прычыне навукоўцам цяжка што-небудзь сказаць пра рэлігію ў згаданы перыяд.

На падставе археалагічных раскопак вучоныя вызначылі, што ў перыяд неаліту ўшаноўваліся пэўныя жывёлы — ​напрыклад, лось, качка, чапля і інш. Лічыц­ца, што выявы качак маглі быць адлюстраваннем культу Сонца. У той час былі пашыраны амулеты, зробленыя з прасвідраваных зубоў мядзведзя і дзіка. Хутчэй за ўсё яны павінны былі перадаць людзям сілу і спрыт гэтых звяроў.

Пераход да земляробства садзейнічаў пашырэнню ў бронзавым веку культу сонца, паколькі менавіта ад яго залежаў рост раслін і будучы ўраджай. Таксама людзі ўшаноўвалі дождж і звязаныя з ім навальніцы і маланкі.

Рэлігія ў бронзавым веку грунтавалася на веры ў існаванне душы і духаў, якім падпарадкоўваюцца ўсе навакольныя прадметы і з’явы. Важнае месца ў такіх уяўленнях займаў культ продкаў. Найбольш яскрава ён праяўляўся ў пахавальных абрадах. Пра шанаванне продкаў сведчаць выявы людзей на кераміцы, статуэткі.

Паколькі ў бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі з’явіліся індаеўрапейскія плямёны, то тут праявіліся некаторыя агульныя рысы індаеўрапейскай міфалогіі. Адной з іх з’яўляецца ўшанаванне дзённага неба, якое лічылі вярхоўным бажаством. У гэты перыяд яшчэ захоўвалася значная роля палявання, таму важнае месца адводзілася падземнаму бажаству, якое было апекуном звяроў, вытокаў рэк і крыніц, замагільнага свету і памерлых. Пасля з’яўлення жывёлагадоўлі гэтае бажаство стала апекавацца свойскай жывёлай. Да ранейшага ўвасаблення падземнага бажаства ў выглядзе змяі, ваўка або мядзведзя дадаўся вобраз быка.

Працягваў існаваць культ жывёл, аб чым сведчыць вядомы звычай нашэння амулетаў з прасвідраваных зубоў дзіка, мядзведзя, ваўка, лася, бабра. З’явіліся таксама скульп­турныя выявы звяроў, птушак і змей. Таксама важнае значэнне ў бронзавым веку атрымаў культ агню.

У бронзавым веку істотна змяніўся пахавальны абрад — атрымаў пашырэнне звычай спальваць нябожчыкаў і насыпаць над пахаваннем курган. Сам абрад крэмацыі з’яўляўся часткай культу агню, веры ў ачышчальную моц полымя.

Такім чынам, гаспадарчыя заняткі, удасканаленне сацыяльных адносін, назапашванне ведаў аб навакольным свеце фарміравалі адпаведны светапогляд чалавека. Яго спробы растлумачыць сутнасць тых ці іншых прыродных і жыццёвых з’яў (маланка, сон, дыханне і інш.) ператварыліся ў першыя рэлігійныя ўяўленні: веру ў існаванне душ і духаў (анімізм) — ​фантастычных, звышнатуральных, звыш­пачуццёвых вобразаў, якія кіруюць усімі прадметамі і з’явамі матэрыяльнага свету, уключаючы і чалавека. Гэта значыць, што душа ёсць у кожнай жывой істоце, у кожным прадмеце, з’яве прыроды.

Праявай анімізму выступае вера ў звышнатуральныя ўласцівасці прадметаў (фетышызм), звышнатуральную значнасць для роду той ці іншай жывёлы ці расліны (татэмізм).

Уяўленне аб тым, што душы памерлых працягваюць сваё існаванне ў якасці духаў і могуць аказваць уплыў на лёсы жывых, датычыцца і анімізму, і татэмізму. Толькі ў першым выпадку продак уяўляўся не ў выглядзе расліны або жывёлы, а як дух памерлага. Гэтыя вераванні прадугледжвалі наяўнасць спосаба ўзаемадзеяння са звышнатуральнымі сіламі, каб дабіцца іх дапамогі і апякунства. Гэта з’явілася адной з падстаў для фарміравання магіі.

Каб душы продкаў былі задаволены, а паляванне або лоўля рыбы атрымліваліся ўдалымі, узнікла патрэба ў правядзенні магічных абрадаў. З цягам часу функцыя іх арганізатара засяродзілася ў руках аднаго з суродзічаў — мага (вешчуна, чараўніка). Магія — вера ў здольнасць чалавека асобным чынам уздзейнічаць на людзей, жывёл, расліны і іншыя з’явы прыроды. Як правіла, магічныя ўяўленні і дзеянні ўзнікаюць тады, калі чалавек не ўпэўнены ў сваіх уласных сілах, сутыкаецца з праблемамі, вырашэнне якіх залежыць не столькі ад яго, колькі ад мноства знешніх фактараў. Таму магія ўжывалася ў найбольш адказныя моманты чалавечага жыцця: пры паляванні на буйнога звера, сяўбе, ваенных дзеяннях, лячэнні хвароб і г. д.

Фетышызм — пакланенне нежывым прадметам, надзеленым звышнатуральнымі ўласцівасцямі. З аб’ектаў прыроды фетышамі рабіліся тыя, якія мелі незвычайную форму і таму ўражвалі людзей. Гэта мог быць дуб, абпалены маланкай, камень, які нагадваў чалавека або звера, і г. д. Таксама ў якасці фетышаў маглі ўспрымацца прадметы, якія адыгрывалі нейкую значную ролю ў чалавечым жыцці, напрыклад, дрэва, што дапамагло схавацца ад ворагаў, крыніца, якая давала людзям ваду. Звышнатуральныя якасці маглі прыпісвацца агню, вадзе, зямлі і іншым прыродным аб’ектам і з’вам. У гэтым выпадку яны ператвараліся ў фетышы. Найчасцей ролю фетышаў выконвалі пэўныя вырабы. У залежнасці ад свайго цудадзейнага прызначэння яны падзяляюцца на амулеты, талісманы і ідалы. Фетышызм пазней стаў адным з элементаў сусветных рэлігій. У хрысціян, напрыклад, ён знайшоў адлюстраванне ў веры ў звышнатуральныя ўласцівасці крыжа.

Рэлігійныя вераванні змешваліся паміж сабой, таму адначасова ўшаноўвалі сямейна-родавых і племянных апекуноў, розных духаў, правадыроў. Паступова склаўся політэізм — сукупнасць вераванняў, заснаваная на веры ў некалькіх багоў. У жалезным веку сфарміраваўся пантэон (сукупнасць багоў). З пераходам да родавай абшчыны ўзрасла роля бога-грамавіка, які лічыўся апекуном ваеннай справы, распараджальнікам навальніц, маланак і дажджу. Пакланяліся людзі і богу сонца.