Друкаваць увесь падручнікДрукаваць увесь падручнік

§ 4. Рэлігійныя ўяўленні і духоўная культура старажытнага насельніцтва Беларусі

 1. Што такое рэлігія? Калі яна ўзнікла?
2. Назавіце прычыны ўзнікнення рэлігіі і яе функцыі.
3. На падставе якіх звестак вучоныя змаглі даказаць, што ў першабытных людзей існавалі рэлігійныя ўяўленні?

  

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст.
Падручнік: § 4. Рэлігійныя ўяўленні і духоўная культура старажытнага насельніцтва Беларусі
Надрукаваны: Гость
Дата: Пятніца 17 Травень 2024 11:29

1. Формы рэлігійных уяўленняў у першабытных людзей

У эпоху палеаліту ўзровень інтэлектуальнага развіцця старажытных людзей дасягнуў такой ступені, калі ўзнікае неабходнасць у пэўных адчуваннях і поглядах, якія да­зваляюць стварыць уяўленне пра карціну свету і патлумачыць месца чалавека ў ім. У гэты момант з’явіліся рэлігійныя вераванні і першабытнае мастацтва.

Паколькі на тэрыторыі Беларусі адсутнічаюць горы, то ў нас няма наскальных роспісаў або выяваў на сценах пячор, як у Заходняй Еўропе. Даступнымі спосабамі адлюстравання навакольнага свету, перадачы тагачасных рэлігійных поглядаў былі выраб упрыгажэнняў, касцяных статуэтак, нанясенне выяў на косткі.

На многіх археалагічных стаянках Еўропы знойдзены касцяныя фігуркі жанчын, якіх называюць «палеалітычнымі Венерамі». Адна такая статуэтка знойдзена непадалёку ад Беларусі на стаянцы Елісеевічы ў Бранскай вобласці Расіі. Яна адрозніваецца ад падобных знаходак ва Усходняй Еўропе больш дасканалай прапорцыяй формаў. Галава ў статуэткі была, магчыма, адбітая або адсутнічала з самага пачатку.

На мезалітычных стаянках Беларусі амаль няма знаходак рогу і косці, якія маглі стаць матэрыялам для арнаментавання. Па гэтай прычыне навукоўцам цяжка што-небудзь сказаць пра рэлігію ў згаданы перыяд.

На падставе археалагічных раскопак вучоныя вызначылі, што ў перыяд неаліту ўшаноўваліся пэўныя жывёлы — ​напрыклад, лось, качка, чапля і інш. Лічыц­ца, што выявы качак маглі быць адлюстраваннем культу Сонца. У той час былі пашыраны амулеты, зробленыя з прасвідраваных зубоў мядзведзя і дзіка. Хутчэй за ўсё яны павінны былі перадаць людзям сілу і спрыт гэтых звяроў.

Пераход да земляробства садзейнічаў пашырэнню ў бронзавым веку культу сонца, паколькі менавіта ад яго залежаў рост раслін і будучы ўраджай. Таксама людзі ўшаноўвалі дождж і звязаныя з ім навальніцы і маланкі.

Рэлігія ў бронзавым веку грунтавалася на веры ў існаванне душы і духаў, якім падпарадкоўваюцца ўсе навакольныя прадметы і з’явы. Важнае месца ў такіх уяўленнях займаў культ продкаў. Найбольш яскрава ён праяўляўся ў пахавальных абрадах. Пра шанаванне продкаў сведчаць выявы людзей на кераміцы, статуэткі.

Паколькі ў бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі з’явіліся індаеўрапейскія плямёны, то тут праявіліся некаторыя агульныя рысы індаеўрапейскай міфалогіі. Адной з іх з’яўляецца ўшанаванне дзённага неба, якое лічылі вярхоўным бажаством. У гэты перыяд яшчэ захоўвалася значная роля палявання, таму важнае месца адводзілася падземнаму бажаству, якое было апекуном звяроў, вытокаў рэк і крыніц, замагільнага свету і памерлых. Пасля з’яўлення жывёлагадоўлі гэтае бажаство стала апекавацца свойскай жывёлай. Да ранейшага ўвасаблення падземнага бажаства ў выглядзе змяі, ваўка або мядзведзя дадаўся вобраз быка.

Працягваў існаваць культ жывёл, аб чым сведчыць вядомы звычай нашэння амулетаў з прасвідраваных зубоў дзіка, мядзведзя, ваўка, лася, бабра. З’явіліся таксама скульп­турныя выявы звяроў, птушак і змей. Таксама важнае значэнне ў бронзавым веку атрымаў культ агню.

У бронзавым веку істотна змяніўся пахавальны абрад — атрымаў пашырэнне звычай спальваць нябожчыкаў і насыпаць над пахаваннем курган. Сам абрад крэмацыі з’яўляўся часткай культу агню, веры ў ачышчальную моц полымя.

Такім чынам, гаспадарчыя заняткі, удасканаленне сацыяльных адносін, назапашванне ведаў аб навакольным свеце фарміравалі адпаведны светапогляд чалавека. Яго спробы растлумачыць сутнасць тых ці іншых прыродных і жыццёвых з’яў (маланка, сон, дыханне і інш.) ператварыліся ў першыя рэлігійныя ўяўленні: веру ў існаванне душ і духаў (анімізм) — ​фантастычных, звышнатуральных, звыш­пачуццёвых вобразаў, якія кіруюць усімі прадметамі і з’явамі матэрыяльнага свету, уключаючы і чалавека. Гэта значыць, што душа ёсць у кожнай жывой істоце, у кожным прадмеце, з’яве прыроды.

Праявай анімізму выступае вера ў звышнатуральныя ўласцівасці прадметаў (фетышызм), звышнатуральную значнасць для роду той ці іншай жывёлы ці расліны (татэмізм).

Уяўленне аб тым, што душы памерлых працягваюць сваё існаванне ў якасці духаў і могуць аказваць уплыў на лёсы жывых, датычыцца і анімізму, і татэмізму. Толькі ў першым выпадку продак уяўляўся не ў выглядзе расліны або жывёлы, а як дух памерлага. Гэтыя вераванні прадугледжвалі наяўнасць спосаба ўзаемадзеяння са звышнатуральнымі сіламі, каб дабіцца іх дапамогі і апякунства. Гэта з’явілася адной з падстаў для фарміравання магіі.

Каб душы продкаў былі задаволены, а паляванне або лоўля рыбы атрымліваліся ўдалымі, узнікла патрэба ў правядзенні магічных абрадаў. З цягам часу функцыя іх арганізатара засяродзілася ў руках аднаго з суродзічаў — мага (вешчуна, чараўніка). Магія — вера ў здольнасць чалавека асобным чынам уздзейнічаць на людзей, жывёл, расліны і іншыя з’явы прыроды. Як правіла, магічныя ўяўленні і дзеянні ўзнікаюць тады, калі чалавек не ўпэўнены ў сваіх уласных сілах, сутыкаецца з праблемамі, вырашэнне якіх залежыць не столькі ад яго, колькі ад мноства знешніх фактараў. Таму магія ўжывалася ў найбольш адказныя моманты чалавечага жыцця: пры паляванні на буйнога звера, сяўбе, ваенных дзеяннях, лячэнні хвароб і г. д.

Фетышызм — пакланенне нежывым прадметам, надзеленым звышнатуральнымі ўласцівасцямі. З аб’ектаў прыроды фетышамі рабіліся тыя, якія мелі незвычайную форму і таму ўражвалі людзей. Гэта мог быць дуб, абпалены маланкай, камень, які нагадваў чалавека або звера, і г. д. Таксама ў якасці фетышаў маглі ўспрымацца прадметы, якія адыгрывалі нейкую значную ролю ў чалавечым жыцці, напрыклад, дрэва, што дапамагло схавацца ад ворагаў, крыніца, якая давала людзям ваду. Звышнатуральныя якасці маглі прыпісвацца агню, вадзе, зямлі і іншым прыродным аб’ектам і з’вам. У гэтым выпадку яны ператвараліся ў фетышы. Найчасцей ролю фетышаў выконвалі пэўныя вырабы. У залежнасці ад свайго цудадзейнага прызначэння яны падзяляюцца на амулеты, талісманы і ідалы. Фетышызм пазней стаў адным з элементаў сусветных рэлігій. У хрысціян, напрыклад, ён знайшоў адлюстраванне ў веры ў звышнатуральныя ўласцівасці крыжа.

Рэлігійныя вераванні змешваліся паміж сабой, таму адначасова ўшаноўвалі сямейна-родавых і племянных апекуноў, розных духаў, правадыроў. Паступова склаўся політэізм — сукупнасць вераванняў, заснаваная на веры ў некалькіх багоў. У жалезным веку сфарміраваўся пантэон (сукупнасць багоў). З пераходам да родавай абшчыны ўзрасла роля бога-грамавіка, які лічыўся апекуном ваеннай справы, распараджальнікам навальніц, маланак і дажджу. Пакланяліся людзі і богу сонца.

2. Міфалогія

 

У першабытным грамадстве міфалогія з’яўлялася асноўным спосабам асэнсавання чалавекам навакольнага свету. Былі шырока распаўсюджаны міфы пра дрэвы (дуб, бярозу) і расліны (папараць-кветку), пра паходжанне асобных рэк, азёр, балот. Існавалі шматлікія паданні пра русалак, лесавікоў, дамавікоў. 

Беларуская міфалогія захавалася ў традыцыйнай народнай культуры і знайшла сваё адлюстраванне ў фальклоры. Элементы міфалогіі прысутнічаюць у казках, замовах, купальскіх, вясельных песнях, пахавальных галашэннях. Напрыклад, чарадзейныя казкі ўтрымліваюць характарыстыку міфічных персанажаў, каляндарна-абрадавая паэзія адлюстроўвае міфічны змест абрадаў, да якіх яна адносіцца, а замовы даюць магічныя словы-формулы. Міфы, нават самыя фантастычныя, дапамагаюць асэнсаваць гісторыю беларускай народнай культуры.

Шмат міфаў у беларусаў прысвечаны душам памерлых продкаў — дзядам. Існуюць міфы, якія сведчаць пра існаванне старажытных вераванняў аб нашых продках у абліччы жывёл. Кіравалі светам старэйшыя багі. За імі стаяў шэраг ніжэйшых божастваў і духаў, якія былі ў старэйшых на паслугах. Кожны з багоў
і божастваў меў сваё прызначэнне і пэўным чынам уплываў на жыццё чалавека. Беларусы аднолькава шанавалі і добрых, і злых багоў, але перавагу аддавалі першым за іх «людскасць», набліжанасць да людзей.

Значнае месца ў міфалогіі беларусаў адведзена міфам пра чараўнікоў — ​людзей, якія маглі паспрачацца з духамі або прымусіць іх выконваць волю чалавека.

 

3. Культ продкаў

З развіццём родаплемянной арганізацыі зараджаецца вера ў дапамогу духаў памерлых прабацькоў, ствараюцца перадумовы для развіцця культу лідараў. Зараджаецца вера ў наяўнасць у некаторых людзей (старэйшын, военачальнікаў, ведзьмакоў) нейкай звышнатуральнай сілы.

Культ продкаў праявіўся ў шматлікіх рытуалах, звязаных з пахаваннямі. Яны мелі розны характар, практыкавалася трупапалажэнне ў могільніках, а таксама трупаспаленне. Побач з нябожчыкам клалі розныя бытавыя рэчы, зброю, запасы ежы, што павінна было забяспечыць яму існаванне ў замагільным жыцці. Магчыма, 

пахавальныя абрады суправаджаліся ахвярапрынашэннямі жывёл ці нават людзей. Самыя старажытныя курганы на тэрыторыі Беларусі выяўлены ля вёскі Ходасавічы Рагачоўскага раёну, археолагі адносяць іх да эпохі бронзы.

4. Першабытнае мастацтва

Разам з узнікненнем у чалавека рэлігійных уяўленняў з’явілася першабытнае мастацтва. Некаторыя навукоўцы лічаць, што яно паходзіць ад магічных абрадаў, звязаных з паляваннем. Верагодна, мужчыны перад паляваннем малявалі на зямлі выяву жывёлы, якую хацелі забіць, цэліліся ў яе і выконвалі вакол малюнка рытуальны танец, імітуючы ў ім рухі паляўнічага. Усе гэтыя дзеянні, на думку першабытных людзей, павінны былі забяспечыць ім удалае паляванне.

Самыя раннія помнікі мастацтва на тэрыторыі Беларусі вядомы з часоў палеа­літу. Гэта нанясенне чалавекам арнаменту на прадметы. На стаянцы ў Юравічах археолагі знайшлі абломак біўня маманта, які быў аздоблены спалучэннем зігзагаў, шасцівугольнікаў і гарызантальных рысак. Таксама ў палеаліце чалавек пачаў вырабляць упрыгажэнні. Для іх выкарыстоўваліся зубы жывёл, ракавіны з прасвідраванымі адтулінамі, касцяныя трубачкі.

Пазней, у неаліце, мастацтва набыло больш разнастайныя формы. Ужо сталі сустракацца прымітыўныя выявы чалавека. Таксама ў Юравічах знайшлі пасудзіну з выявай мужчыны з качкай. На косці з возера Вячэра (Любанскі раён Мінскай вобл.) былі выгравіраваны схематычныя выявы мужчын, адзін з якіх трымае ў руцэ рэч, падобную да сякеры. Майстэрства старажытных скульптараў бачнае таксама ў чалавекападобных выявах са стаянкі Асавец Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобл. (драўляны і касцяны ідалы). Вучоныя лічаць, што для гэтага перыяду характэрныя толькі мужчынскія выявы.

Найбольш распаўсюджанымі формамі першабытнага мастацтва на тэрыторыі Беларусі з’яўляюцца арнаменты на керамічных вырабах. Арнаменту, што ўпрыгожваў вырабы, часам надаваўся магічны характар.

Мяркуючы па археалагічных знаходках, арнамент на гліняным посудзе вядомы з часоў неаліту. Арнамен­таванне керамікі дасягнула росквіту ў канцы гэтага перыяду. Узоры першапачаткова ўяўлялі сабой адбіткі канца палачкі з наматаным шнуром, пальцаў, розных завостраных прадметаў. Затым з’явіліся новыя малюнкі — ​зігзагі, ялінкі, ромбы, трохвугольнікі, шматграннікі, якія ўтва­ралі адмысловыя кампазіцыі (часцей на шыйках пасудзін). На сценках гаршкоў рабілі схематычныя выявы жывёл. Удасканаленне прылад працы ў бронзавым веку дазволіла звярнуць увагу на іх знешняе афармленне. Шырока распаўсюджаныя каменныя свідраваныя сякеры шліфавалі і часам аздаблялі валікамі, выступамі і нарэзкамі.

Распаўсюджанне вытворчай гаспадаркі і з’яўленне культу Сонца ўплывалі на мастацтва. Так, заштрыхаваныя трохвугольнікі з’яўляліся сімвалам багіні неба і знакам зямлі. Арнамент у выглядзе паўкругоў з кропкамі па перыметры мог абазначаць зерне, якое арашаецца нябеснай вільгаццю. Дождж сімвалізаваўся зігзагам. Сімваламі салярных божастваў былі адзінарныя або двайныя крыжападобныя фігуры. Даследчыкі адзначаюць, што некаторыя матывы арнаменту керамікі брон­завага веку захаваліся да нашага часу ў беларускай народнай вышыўцы.

У гэты час насельнікі тэрыторыі Беларусі аздаблялі сваё цела і вопратку — 
​з’явіліся разнастайныя металічныя ўпрыгажэнні: дыядэмы, грыўні, бранзалеты, пярсцёнкі, скроневыя кольцы з медзі. Гэты метал з-за сваёй малой распаўсюджанасці, колеру і бляску, хутчэй за ўсё, лічыўся каштоўным. Прыгожа выглядалі бронзавыя жаночыя падвескі, якія нагадвалі сярпок месяца. Сучасныя даследчыкі называюць іх «лунніцамі».

Таксама продкі беларусаў выраблялі акулярападобныя падвескі і скроневыя кольцы з косці і бурштыну. З часам упрыгажэнні страцілі свой магічны сэнс, набыўшы эстэтычную і сацыяльную функцыі. У жалезным веку дэкор гэтых прадметаў стаў больш разнастайным. Новай рысай можна лічыць аздабленне чалавекам дэталей адзення — ​прадметаў, якія мелі функцыянальнае прызначэнне (фібулы, шпількі і г. д.), выраб прадметаў са шкла. Як сведчаць археалагічныя знаходкі, упрыгажэнні на тэрыторыі Беларусі былі як мясцовымі, так і прывазнымі.

5. Адлюстраванне гаспадарчай дзейнасці ў мастацтве

Разам з рэлігійнымі ўяўленнямі ўзнікла і перашбытнае мастацтва — статуэткі, упрыгажэнні, малюнкі, музычныя інструменты, арнамент на посудзе, адзенні і інш. Існуе гіпотэза, што мастацтва ўзнікла з магічных абрадаў, якія выконвалі першабытныя людзі.

Вядома, што найбольш старажытныя ўзоры мастацтва, якія былі знойдзены археолагамі на тэрыторыі Беларусі, адносяцца да позняга палеаліту. Напрыклад, касцяная пласціна з біўня маманта, на якую разцом нанесены арнамент, што напамінае рыбную луску. У асноўным старажытныя насельнікі беларускіх зямель рабілі скульптурныя выявы жывёл і птушак, на якіх палявалі. Толькі на стаянках ранняга жалезнага веку археолагі знайшлі 100 фігурак, найперш коней. Гэта сведчыла не толькі пра існаванне жывёлагадоўлі, але і пра выкарыстанне коней у земляробстве. З магічнымі ўяўленнямі археолагі звязваюць знаходкі драўлянага рала — старажытнай ворыўнай прылады, якая папярэднічала сасе і плугу. На тэрыторыі Беларусі такая старажытная прылада знойдзена каля вёскі Капланавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці. А ў Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі, дзе значную ролю адыгрывала паляванне, людзі працягвалі насіць амулеты з іклаў мядзведзя і дзіка.

Таксама з пераходам да вытворчай гаспадаркі ўзніклі такія элементы арнаменту, як круг, крыжападобныя фігуры, зорка. Яны сімвалізавалі Сонца і іншыя нябесныя свяцілы, жыццёвую сілу, плоднасць, вечнасць прыроды, яе кругаварот.

Такім чынам, першабытнае мастацтва ўзнікла ў глыбокай старажытнасці і было непарыўна звязана з рэлігійнымі ўяўленнямі і гаспадарчай дзейнасцю чалавека.

Пытанні і заданні

1. Калі і чаму ўзніклі рэлігійныя вераванні на тэрыторыі Беларусі?
2. Якія змены ў грамадскім жыцці старажытнага чалавека выклікалі з’яўлен­не новых элементаў у рэлігійнай свядомасці людзей? Якімі фактамі гэта можна пацвердзіць? Выкарыстайце матэрыялы параграфа.
3. Вызначце асаблівасці першабытных вераванняў.
4. Назавіце асаблівасці міфалогіі. Якія вераванні ўтрымлівае беларуская міфалогія?
5. Вызначце, ці існуе сувязь паміж рэлігіяй і мастацтвам. Дакажыце свой пункт гледжання.
6. Прасачыце змены ў развіцці старажытнага мастацтва на тэрыторыі Беларусі. 
Складзіце табліцу:

 7. З дапамогай дадатковых крыніц інфармацыі высветліце, якія міфы, падан­ні і легенды захаваліся ў вашай мясцовасці і маюць дачыненне да старажыт­нага перыяду гісторыі. Прадстаўце вынік работы ў выглядзе інфаграфікі, плаката або прэзентацыі.