§ 3-2. Эвалюцыя сацыяльнай структуры першабытнага грамадства на тэрыторыі Беларусі

4. Эвалюцыя сямейных адносін

У сучаснай гістарычнай навуцы дыскусійным застаецца пытанне аб шлюбных адносінах у праабшчыне. Большасць даследчыкаў лічаць яе эндагамным калектывам, гэта значыць з неўпарадкаванымі палавымі адносінамі. З узнiкненнем родавай арганiзацыi з’явіўся шлюб — iнстытут, якi рэгулюе адносiны памiж паламi. У родавай абшчыне існавала экзагамія — забарона на шлюб паміж родзічамі, што перашкаджала кровазмяшэнню. Пры гэтым члены аднаго роду мелі права і павінны былі ўступаць у шлюб з прадстаўнікамі другога роду. Дарэчы дазвалялася мець некалькі мужоў і жонак. Але муж і жонка жылі кожны ў сваім родзе. Такі від шлюбу называецца парным. Але сям’я яшчэ не складала самастойнай эканамiчнай адзiнкi, сувязi ў межах родавай абшчыны былi больш цеснымi. Мужчыны i жанчыны працавалi асобна, часцей дзялiлiся i супрацоўнічалі са сваiмi суродзiчамi, чым са сваякамi па шлюбу. Калi з’явілася і пачала перадавацца ў спадчыну маёмасць, то яна пераходзіла да блiжэйшых суродзiчаў. Дзецi выхоўвалiся не столькi бацькамi, колькi ўсiм родам.

У бронзавым і раннім жалезным вяках парная сям’я (не зусім устойлівая) канчаткова перайшла ў манагамную, гэта значыць аднашлюбную сям’ю. Калектыўная гаспадарка і калектыўная ўласнасць абшчыны паступова трансфармаваліся ў прыватную гаспадарку і прыватную ўласнасць асобных сем’яў. Сям’я ператварылася ва ўстойлiвую цэласную эканамiчную i сацыяльную адзінку.