§ 3-2. Эвалюцыя сацыяльнай структуры першабытнага грамадства на тэрыторыі Беларусі

1. Праабшчына

Пачатковую форму арганізацыі грамадства ў айчыннай навуцы прынята называць праабшчынай. Эпоха праабшчыны пачынаецца з вылучэннем чалавека з жывёльнага свету. Асноўны крытэрый гэтай падзеі — пачатак вырабу прылад працы. Канец эпохі праабшчыны звязаны з пераходам да родавай абшчыны. Праабшчына адрознівала людзей ад жывёльнага свету. Па-першае, у ёй існавала мэтанакіраваная грамадская дзейнасць. Па-другое, было арганізавана грамадскае харчаванне, што прадугледжвала прасцейшы падзел працы па палавых і ўзроставых прыкметах.

Праабшчына ўяўляла сабой невялікія па колькасці групы людзей, кожная з якіх налічвала каля 20—30 дарослых. Групы займаліся збіральніцтвам, паляваннем, вялі вандроўны лад жыцця, што было абумоўлена абмежаванасцю кармавых рэсурсаў. Чалавек гэтага перыяду ствараў адносна складаныя прылады працы. Зарадзіліся гукавая мова, шлюбныя адносіны і інш.