§ 3-2. Эвалюцыя сацыяльнай структуры першабытнага грамадства на тэрыторыі Беларусі

3. Пераход да суседскай абшчны

У раннім жалезным веку кроўныя сувязі пачалі саступаць месца тэрытарыяльным. Паступова стала фарміравацца суседская абшчына. Кіраванне абшчынай знаходзілася ў руках знаці, якая любымі шляхамі імкнулася да ўзбагачэння. Войны з мэтай захопу накопленых запасаў і людзей хутка сталі звычайнай з’явай. Аб гэтым сведчыць характар паселішчаў. Асноўным іх тыпам сталі ўмацаваныя гарадзішчы. Яны абгароджваліся драўлянымі сценамі, умацоўваліся землянымі валамі, равамі і стромкімі схіламі. 

У час войнаў захоплівалі статкі жывёлы, лішкі прадуктаў, прылады працы і інш. Частка палонных выкарыстоўвалася ў якасці рабоў. Пачало фарміравацца «патрыярхальнае рабства».

На поўдні Беларусі пераход да суседскай абшчыны пачаўся раней, чым на поўначы. Гэтаму садзейнічала суседства са скіфамі і сарматамі, у якіх гэтыя працэсы ішлі даволі інтэнсіўна. Археолагі сцвярджаюць, што на поўдні краіны вялікія абшчынныя дамы, якія адпавядаюць позняй родавай абшчыне з патрыярхальнай сям’ёй, зніклі ў канцы І тыс. да н. э.

У познім жалезным веку на ўсходзе і поўдні Беларусі атрымаў пашырэнне  новы тып паселішчаў — селішчы. Для іх выбіралі адкрытыя неўмацаваныя месцы на невысокіх берагах рэк. Плошча селішчаў складала ад 2 да 10 гектараў. Побач размяшчаліся могільнікі.