§ 3-2. Эвалюцыя сацыяльнай структуры першабытнага грамадства на тэрыторыі Беларусі

2. Родаплемянная арганізацыя першабытнага грамадства

Удасканаленне каменных прылад працы і з’яўленне чалавека сучаснага тыпу выклікалі перамены ў грамадскім жыцці. Праабшчына каля 40 тыс. гадоў назад саступіла месца ранняй родавай абшчыне, якая стала пануючай формай арганізацыі жыцця першабытных людзей у познім палеаліце, мезаліце і неаліце.

Родавая абшчына ўяўляла сабой калектыў сваякоў-родзічаў з некалькіх дзясяткаў чалавек, аб’яднаны агульнай уласнасцю на сродкі вядзення гаспадаркі і калектыўнай працай.

У мезаліце пачалі фарміравацца аб’яданні родавых калектываў. Яны мелі сваю мову, тэрыторыю, абрады, аднолькавую матэрыяльную і духоўную культуру. Такія аб’яднанні атрымалі назву «плямёны».

У бронзавым і раннім жалезным вяках адбываўся пераход да жывёлагадоўча-земляробчай гаспадаркі. Паступова пачаў разбурацца родавы калектывізм, аб чым сведчыць вылучэнне сем’яў. Патрыярхальныя сем’і, а не роды, як раней, сталі асноўнымі вытворчымі адзінкамі ў грамадстве. Але іх склад яшчэ быў даволі шырокі, яны часцей за ўсё ўключалі некалькі пакаленняў і налічвалі некалькі дзясяткаў чалавек (50—70). Кіраваў вялікай патрыярхальнай сям’ёй бацька. Разам з ім працавалі яго жонка, жанатыя сыны, унукі, а часам і іншыя родзічы.

Вылучэнне патрыярхальнай сям’і сведчыла аб пераходзе ад калектыўнай уласнасці роду да прыватнай уласнасці асобных сем’яў. А гэта прывяло да маёмаснай няроўнасці. З выдзяленнем патрыярхальных сем’яў стварылася глеба для ўзнікнення маёмаснай і сацыяльнай няроўнасці. Пачалі з'яўляцца багатыя і бедныя сем’і, што сведчыць аб распадзе родавых адносін і складванні адносін панавання і прыгнечання.

У першабытнай праабшчыне кіраванне было простым, можна сказаць «прымітыўным». На чале праабшчыны стаяў важак — самая моцная ў фізічных адносінах асоба. Ён адзінаначальна вызначаў і вырашаў пытанні жыццядзейнасці першабытнай праабшчыны, спалучаў адначасова заканадаўчыя, выканаўчыя, судовыя і культавыя паўнамоцтвы. Страта важаком фізічнай перавагі над членамі праабшчыны прыводзіла, як правіла, да яго гібелі. Гэта быў у тых умовах амаль адзіна магчымы шлях абнаўлення ўлады і кіравання.

Больш дасканалым было кіраванне ў родавай абшчыне, калі адбылося своеасаблівае яго размежаванне. Найбольш важныя пытанні жыцця роду вырашаліся на агульным сходзе ўсіх дарослых людзей. Да іх адносіліся пытанні аб пачатку вайны і заключэнні міра, перамене месца стаянкі, асуджэнні суродзіча, які пакінуў поле бою, і г. д.

Штодзённае кіраванне ажыццяўлялі старэйшыны. Старэйшынам выбіраўся, як правіла, самы паважаны, мудры, сталы суродзіч, чалавек з вялікім жыццёвым вопытам, які валодаў арганізацыйнымі здольнасцямі і моцнай воляй. Пасада старэйшыны не давала ніякіх пераваг перад іншымі, бо не вызваляла яго ад выканання ўсіх тых абавязкаў, якія выконвалі суродзічы. Старэйшына працаваў разам з усімі і меў такую ж долю ў харчаванні, як і ўсе. Адначасова ён арганізоўваў паўсядзённае жыццё роду, кіраваў справамі, разглядаў спрэчкі паміж суродзічамі і г. д.

Падчас вайны з ліку суродзічаў выбіраўся военачальнік. Як правіла, гэта быў самы дасведчаны ў вайсковых пытаннях чалавек. Звычайна военачальнікамі былі людзі, якія адрозніваліся фізічнымі якасцямі, адвагай, моцнай воляй, якія маглі арганізаваць усіх суродзічаў для нападу на ворагаў ці на абарону ад іх. Военачальнікі мелі вялікае значэнне для ваяўнічых родаў і плямёнаў, тых, якія пражывалі на поўначы і займаліся паляваннем, а таксама качэўнікаў, якія безупынна вандравалі і вымушаны былі часта ўступаць у сутычкі з іншымі родамі і плямёнамі. Вакол военачальніка гуртавалася і ваенная дружына. Паўнамоцтвы военачальніка звычайна спыняліся тады, калі спынялася вайна і заключаўся мір.