Практыкум

2. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі (В. А. Белазаровіч)

Адным з першых апісанняў Беларусі, зробленых замежнымі падарожнікамі, лічацца нататкі фламандца Жылібера дэ Ланаа — камергера бургундскага герцага. У 1413 г. ён быў накіраваны паслом у Ноўгарад. Назад, у Францыю, вяртаўся праз Дынабург — Вільню — Трокі — Коўна — Мемель (Даўгаўпілс — Вільнюс — Тракай — Каунас — Клайпеда). На зваротным шляху сустракаўся з вялікім князем літоўскім Вітаўтам, атрымаў ад яго падарункі. У сваім кароткім і вельмі агульным апісанні адзначыў наяўнасць у жыхароў ВКЛ асобнай мовы і 12 епархій.

Болей інфармацыі аб Беларусі ў ХV ст. пакінулі два венецыянцы — пасол Амброджа Кантарыні і Джозафата Барбара. Магчыма, апошні тут не быў, а тэкст скампіляваў у А. Кантарыні (выдадзены ў 1543 г.). А. Кантарыні ў лютым 1477 г. праязджаў праз ВКЛ, накіроўваючыся з Масковіі ў Заходнюю Еўропу, а праз дзесяць гадоў апублікаваў свае ўражанні.

У ХVI ст. Папу Рымскага наведаў рускі пасол Дзмітрый Герасімаў. Яго аповеды пра ВКЛ запісаў італьянскі гісторык Паола Джовія Навакомскі. Потым невядомы аўтар амаль слова ў слова паўтарыў звесткі, прыведзеныя Паола Джовія, у кнізе «Данясенні аб Масковіі» (1557 г.). Дарэчы, у той час кампіляцыя не лічылася справай крамольнай. Напрыклад, Папа Рымскі Пій ІІ паўтарыў апісанне ВКЛ, зробленае чэхам Геранімам. Той сцвярджаў, што на тэрыторыі Беларусі можна ездзіць толькі зімой, а замест грошай мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць кавалачкі медзі і серабра.

Асабліва цікавыя звесткі пакінуў пасол Свяшчэннай Рымскай імперыі Сігізмунд Герберштэйн… У 1516—1517 гг. і 1526—1527 гг. ён двойчы прыязджаў у Маскву і Ноўгарад. Вынікам гэтых падарожжаў стала кніга «Записки о Московии», у якой асобны раздзел прысвечаны Беларусі — «Аб Літве». Аўтар пад Літвой разумеў ВКЛ. Ён пісаў: «Бліжэй за ўсіх да Масковіі Літва. Я гавару цяпер не пра адну толькі вобласць, але аб краінах, якія да яе прылягаюць і разумеюцца пад агульнай назвай Літва. Яна цягнецца доўгай паласой ад горада Чаркасы, які знаходзіцца ля Барысфена (Дняпра), аж да Лівоніі». Раздзел пачынаецца з панегірыка Яўстафію Дашковічу, ад якога Герберштэйн даведаўся не толькі пра падрабязнасці набегу на Северскую зямлю, але і пра характар узаемадзеяння літоўскіх і крымскіх войскаў падчас набегу 1521 г., дэталі адносінаў чаркаскага ваяводы з крымскім ханам Мухамедам-Гірэем. Пра войны з Масковіяй у 1517—1518 гг. расказваў канцлер ВКЛ Ольбрахт Гаштольд, якому Герберштэйн прыпісвае і звесткі пра гандаль у Кіеве. У іншым месцы Герберштэйн называў беларускія землі Руссю, сцвярджаючы, што большай часткай Русі валодае вялікі князь маскоўскі, а астатнімі яе часткамі — вялікі літоўскі князь Жыгімонт. Паводле Герберштэйна, усе гарады на заходнім беразе Дняпра былі «падпарадкаваны каралю польскаму, тыя ж, што ляжаць па ўсходняму берагу, падуладны гаспадару Маскоўскаму, акрамя Дуброўны і Мсціслава, якія знаходзяцца пад уладай Літвы»…

Герберштэйн прыкмеціў, што праваслаўныя жыхары перамешаны з «чужымі, іншамоўнымі і іншавернымі плямёнамі». Аўтара здзіўляла бяспраўнае становішча прыгоннага сялянства і дробнай шляхты. «Народ там прыгнечаны цяжкім рабствам», — сцвярджаў ён. Пра мясцовую шляхту Герберштэйн пісаў так: «Калі ёй пагражае адкуль-небудзь вайна, і яна павінна абараняць сваю маёмасць ад варожай сілы, то яна з’яўляецца на месца збору з вялікай пышнасцю, гатовая больш да самахвальства, чым да вайны, а па заканчэнні збору яна хутка разыходзіцца; тыя ж, хто застаецца, адпраўляюць дамоў лепшых коней і рыштунак... А магнаты, абавязаныя пасылаць за свой кошт вызначаную колькасць воінаў, адкупляюцца за грошы, якія даюць ваеначальніку, і застаюцца дома... Сярод іх назіраецца такое самахвальства ва ўсіх учынках, што, відаць, яны не толькі карыстаюцца непамернай свабодай, але і злоўжываюць ёю».

Ёсць звесткі пра гаспадарку тагачаснай Беларусі. Пра Гарадзеншчыну Герберштэйн напісаў: «У тым княстве даволі добрыя ўраджаі, у адпаведнасці з прыродай той краіны». Сцвярджаў, што з Беларусі ў Гданьск, а адтуль у Нідэрланды адпраўлялі мёд, воск і паташ, а таксама смалу, збожжа і драўніну для пабудовы караблёў, быў сведкам таго, што з усходу сюды завозілі соль, скуры, футра і «доўгія белыя зубы звяроў, якія завуцца маржамі і жывуць у Паўночным моры». Як відаць з запісак Герберштэйна, беларускія купцы карысталіся ў гандлі з Маскоўскай дзяржавай прывілегіямі: «Не ўсякаму купцу, акрамя літоўцаў, палякаў ці падначаленых іхняй уладзе, адкрыты свабодны доступ у Масковію». Дыпламат падае таксама спіс епіскапстваў, якія існавалі ў ВКЛ. Адзначае тры каталіцкія — Віленскае, Жамойцкае і Кіеўскае, і праваслаўныя — Віленскае, Полацкае, Уладзімірскае, Луцкае, Пінскае, Холмскае і Перамышльскае. Называе двух найбольш знакамітых тагачасных палкаводцаў — Канстанціна Астрожскага і Міхала Глінскага. Герберштэйн падрабязна апісвае мяцеж апошняга супраць караля Жыгімонта І Старога.

Для чужаземных падарожнікаў адметнымі рысамі ВКЛ былі суровыя зімы з маразамі і мноствам снегу, вялікая колькасць лясоў, рэчак і балотаў. Як правіла, чужаземцы скардзіліся на сцюжу.

Герберштэйн пісаў, што 1 студзеня 1527 г., калі ён выехаў з Гродна ў м. Крынкі, «ударылі жорсткія маразы, а імклівы вецер, падобны віхуры, круціў і раскідваў снег так, што ад гэтага холаду памерзлі коні і сабакі». Іёган Корб пісаў пра неверагодную глыбіню снежных сумётаў, пра непраглядныя завеі ў канцы лютага 1698 г. Падарожнікі добра апісалі беларускія рэкі і азёры. Аўгусцін Маерберг падаў падрабязныя звесткі пра Днепр і яго прытокі. Шмат месца адведзена апісанню густых і непраходных лясоў, расліннага і жывёльнага свету Беларусі.

 1. Вызначце, у якіх абставінах з’явіліся першыя апісанні ВКЛ у замежных творах.
2. Якія высновы можна зрабіць з паведамлення чэха Гераніма аб ВКЛ?
3. Якім падзеям прысвечана кніга С. Герберштэйна «Записки о Московии»?
4. Што ў ВКЛ здзіўляла аўтара «Записок о Московии»?
5. Як С. Герберштэйн характарызаваў шляхту ВКЛ?
6. Якія звесткі аб развіцці гаспадаркі ВКЛ можна знайсці ў творы С. Герберштэйна?
7. Якія адметныя рысы ВКЛ называлі чужаземныя падарожнікі?
8. Зрабіце вывад аб тым, якія магчымасці даюць для вывучэння гісторыі Беларусі звесткі сучаснікаў гістарычных падзей (гл. памятку «Як рабіць вывад»).