§ 1. Асаблівасці гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да канца ХVIII ст.

3. Перыяды фарміравання беларускага этнасу (народнасці)

Этнас (народ) — ​устойлівая супольнасць людзей, якая гістарычна склалася на пэўнай тэрыторыі і характарызуецца агульнасцю мовы, гаспадарчага жыцця, культуры, побыту, рысаў псіхікі і самасвядомасці.

Асноўныя прыкметы этнасу:

— этнічная тэрыторыя;
— асаблівыя антрапалагічныя рысы (знешні выгляд);
— асаблівасці псіхічнага складу (характар);
— мова;
— этнічная самасвядомасць;
— саманазва (этнонім);
— своеасаблівая культура.

Навука, якая вывучае бытавыя і культурныя асаблівасці этнасаў, праблемы іх паходжання (этнагенезу), рассялення і культурнага ўзаемадзеяння, называецца этнаграфіяй.

  

Адной з асноўных прыкмет любога этнасу з’яўляецца тэрыторыя яго пражывання. Этнічная тэрыторыя — ​гэта тэрыторыя кампактнага рассялення пэўнага народа, з якой цесна звязаны яго паходжанне і гісторыя. Этнічная тэрыторыя характарызуецца пэўнай нязменнасцю на працягу многіх стагоддзяў, але пры гэтым практычна ніколі не супадае з дзяржаўнай тэрыторыяй.

Найбольш важнай рысай этнасу з’яўляецца культура, якую падзяляюць на матэрыяльную і духоўную. Да матэрыяльнай культуры адносяцца прылады працы, жытло, гаспадарчыя пабудовы, зброя, адзенне, упрыгажэнні, а таксама культурныя расліны і свойская жывёла. Духоўная культура ўключае прадукты дзейнасці калек­тыўнай (індывідуальнай) свядомасці і розуму — ​напрыклад, літаратуру, музыку, тэатр і г. д. У фарміраванні этнічнай культуры важную ролю адыгрывае мова народа. Агульная мова аб’ядноўвае этнас, у першую чаргу дзякуючы ўзаемаразумен­ню паміж людзьмі. Мова фарміруе гістарычную памяць народа і перадае яе з пакалення ў пакаленне. Найважнейшым кампанентам развіцця этнасу з’яўляецца этнічная самасвядомасць — ​усведамленне людзьмі сваёй прыналежнасці да пэўнага народа.

Працэс фарміравання беларускага этнасу таксама быў складаным і разнапланавым. Складванне фізічнага аблічча беларусаў, іх мовы і культуры, ментальна­сці адбывалася на працягу многіх стагоддзяў.

Для развіцця любога этнасу (народа) характэрныя наступныя перыяды (стадыі, формы).

Племя — першая этнічная супольнасць у гісторыі чалавецтва, што ўзнікла
ў першабытную эпоху. Спачатку складалася з некалькіх родаў і груп, вылучалася максімальным адзінствам мовы і культуры.

Народнасць была ўласціва рабаўладальніцкаму і феадальнаму ладу. У працэсе складвання народнасці вялікую ролю адыгрывалі адзіная дзяржаўнасць, адзінае паходжанне насельніцтва, што спрыяла фарміраванню агульнай этнічнай тэрыторыі, мовы, самасвядомасці, пэўнага культурнага і эканамічнага адзінства.

Нацыя — форма этнічнай супольнасці людзей, што гістарычна склалася
ў індустрыяльную эпоху. Кожная нацыя абавязкова мае ўласны механізм перадачы этнакультурнай інфармацыі праз адукацыю, мастацкую культуру і срод­кі масавай інфармацыі, якія выкарыстоўваюць літаратурную мову.

Гарантам існавання нацыі з’яўляецца нацыянальная дзяржава. Пры гэтым у нацыянальнай дзяржаве прысутнічаюць этнічныя меншасці (у Беларусі гэта рускія, палякі, татары, літоўцы і інш.), што ў сваю чаргу выклікае праблему між­этнічных адносін. Яе сутнасць заключаецца ў характары ўзаемаадносін тытульнай нацыі (этнас, які мае сваё дзяржаўнае ўтварэнне, што носіць яго імя) і этнічных меншасцяў.
Этнічная гісторыя Беларусі ўмоўна падзяляецца на два перыяды: даіндаеўрапейскі і індаеўрапейскі. Першы перыяд ахоплівае час ад з’яўлення чалавека на сучаснай тэрыторыі Беларусі па неаліт. Індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі пачынаецца ў бронзавым веку з рассялення на яе тэрыторыі індаеўрапейскіх плямёнаў (сярэдзіна ІІІ тыс. да н. э.) і працягваецца па сённяшні дзень. У яго межах вылучаюцца балцкі і славянскі этапы.