§ 1. Асаблівасці гісторыі Беларусі ад старажытных часоў да канца ХVIII ст.

2. Перыядызацыя гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст.

Вывучэнне мінулага немагчымае без яго перыядызацыі — ​падзелу на собныя храналагічныя прамежкі часу, кожны з якіх адлюстроўвае пэўныя асаблівасці грамад­скага развіцця. Традыцыйна ў сусвет­най гісторыі вылучаюць пяць вялікіх храналагічных эпох: гісторыя першабытнага грамадства, гісторыя Старажытнага свету, гісторыя Сярэдніх вякоў, гісторыя Новага часу, гісторыя Навейшага часу.

Перыядызацыя гісторыі Беларусі не ва ўсім супадае з агульнапрынятай для сусветнай гісторыі і на працягу развіцця гістарычнай навукі мянялася ў залежнасці ад крытэрыяў, пакладзеных у яе аснову.

У савецкай гістарычнай навуцы з 1930-х гг. панаваў фармацыйны падыход, заснаваны на вучэнні аб грамадска-эканамічных фармацыях. Згодна з ім гістарычны працэс падзяляўся на пяць буйны́х перыядаў, якія адпавядалі спосабам вы­творчасці (фармацыям): першабытнаабшчынны,  абаўладальніцкі, феадальны, капіталістычны, камуністычны.

Фармацыйны падыход да гісторыі аддаваў перавагу матэрыяльнаму фактару ў развіцці грамадства і ігнараваў сферу яго духоўнага жыцця — ​напрыклад, дзяржаўнасць, рэлігію, культуру. Таму гісторыкі ў 1990-я гг. пачалі актыўны пошук іншых падыходаў да перыядызацыі айчыннай гісторыі. Пры гэтым яны абапіраліся на напрацоўкі беларускай і замежнай гістарычнай навукі.

У канцы ХХ ст. перыядызацыя гісторыі Беларусі стала грунтавацца на цывілізацыйным падыходзе, згодна з якім вылучаліся перыяды, звязаныя з развіццём грамад­ства, духоўнай і матэрыяльнай культуры. У пачатку ХХІ ст. гісторыя Беларусі разглядаецца ў кантэксце гісторыі еўрапейскай цывілізацыі. Адначасова ажыццяўляецца пошук агульных працэсаў, характэрных для сусветнай і айчыннай гісторыі.

Цывілізацыйны падыход прадугледжвае вылучэнне наступных перыядаў: Старажытны час, Сярэднія вякі, Новы і Навейшы час.

Старажытны перыяд гісторыі Беларусі ўключае каменны, бронзавы і жалез­ны вякі.

На тэрыторыі Беларусі каменны век, як самы старажытны перыяд у гісторыі чалавецтва, пачаўся разам з прыходам першых людзей і працягваўся да пачатку выкарыстання металу. Ён складаецца з наступных перыядаў: палеаліту (старажытны каменны век), мезаліту (сярэдні каменны век) і неаліту (новы каменны век). Палеаліт, у сваю чаргу, падзяляецца на ранні (ніжні), сярэдні (мусцье) і позні (верхні). Ран­ні палеаліт у гісторыі Беларусі не вызначаецца, паколькі на тэрыторыі нашай Радзімы яшчэ адсутнічалі продкі людзей, а ў сярэднім каменным веку яны, магчыма, з’явіліся на тэрыторыі Беларусі. Эпоха Старажытнасці на беларускіх землях характарызуецца развіццём сацыяльнай арганізацыі на­сельніцтва, зменамі ў матэрыяльнай і духоўнай культуры. У новым каменным веку адбыўся пераход да вытворчых формаў гаспадарання, таксама ўзніклі промыслы.

Бронзавы век — ​перыяд у гісторыі чалавецтва, звязаны з узнікненнем і пачат­кам распаўсюджвання металургіі, апрацоўкай і выкарыстаннем медзі і бронзы. У гэты перыяд на беларускія землі прыйшлі старажытныя індаеўрапейскія плямёны. На тэрыторыі нашай краіны ў гэты час з’явіліся курганы.

Жалезны век у гісторыі Еўропы лічыцца заключным перыядам першабытнай гісторыі. Выкарыстанне металу прывяло да карэнных змен у развіцці грамадства, выклікала вялікія перамены ў грамадскіх адносінах, істотна паўплывала на далейшы ход гістарычнага працэсу. У гэты час адбылося фарміраванне розных племянных і этнічных супольнасцяў, якія ў далейшым сталі асновай сярэднявечных народнасцяў.

На змену старажытнаму часу прыйшла эпоха Сярэднявечча, якая падзяляецца на тры перыяды: Ранняе, Высокае і Позняе сярэднявечча. У гісторыі Беларусі гэтыя перыяды вызначаны наступным чынам: Ранняе сярэднявечча — ​з канца V па IX ст., Высокае — ​з X па XIII ст., Позняе — ​з XIV па XV ст. Сярэднія вякі былі часам значных змен у эканамічным, палітычным, культурным жыцці насельніцтва беларускіх зямель і Еўропы. У ІХ ст. на тэрыторыі Беларусі з’явіліся гарады, а затым першая дзяржаўнасць. З развіццём феадальных адносін адбыўся пераход да раздробленасці першых дзяржаў-княстваў. У гэты час змянілася рэлігія — ​жыхары беларускіх зямель з язычніцтва перайшлі ў хрысціянства.

З XVI ст. пачаўся перыяд Новага часу. Ён падзяляецца на два этапы: 1) XVI —  канец XVIII ст.; 2) канец XVIII ст. — 1917 г. У 10 класе вы будзеце вывучаць толькі першы этап Новага часу, які характарызуецца заключэннем Люблінскай уніі і ўтварэннем Рэчы Паспалітай, першай эканамічнай рэформай, фарміраваннем беларускай народнасці, развіццём культуры.

У вучэбным дапаможніку прапанавана наступная перыядызацыя гісторыі Беларусі са старажытных часоў да канца ХVІІІ ст.