§ 27. Развіццё адукацыі, навукі, літаратуры, мастацтва і спорту ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь

1. Палітыка Рэспублікі Беларусь у галіне культуры

Абвяшчэнне суверэнітэту і незалежнасці абумовіла новы этап у развіцці нацыянальнай культуры, якая разглядаецца як неад'емны складнік нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва на сучасным этапе. Упершыню былі прынятыя законы «Аб культуры», «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», «Аб бібліятэчнай справе», «Аб музеях і музейным фондзе» і інш., якія вызначылі яе месца ў жыццядзейнасці дзяржавы.

Штогод, пачынаючы з 1994 г., у нашай краіне адзначаецца Дзень беларускага пісьменства, які стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам і значнай падзеяй культурнага жыцця. У 1997 г. быў заснаваны Фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. З 1997 г. прысуджаецца прэмія «За духоўнае адраджэнне», а з 1998 г. — спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры, навукі і педагагічнай дзейнасці.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2009 г. быў аб'яўлены ў нашай краіне Годам роднай зямлі, што спрыяла захаванню і прымнажэнню нацыянальнай духоўнай і культурнай спадчыны і традыцый беларускага народа. У 2010 г. пачалася акцыя «Культурная сталіца Беларусі». Гэта своеасаблівы аналаг праекта «Культурная сталіца Еўропы», які праводзіцца сярод краін — членаў Еўрасаюза. Культурнай сталіцай Беларусі ў 2010 г. стаў старажытны Полацк, які раней атрымаў статус Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. На працягу 2010—2021 гг. статус «Культурная сталіца Беларусі» быў прысвоены Гомелю, Нясвіжу, Магілёву, Брэсту і іншым беларускім гарадам.