Печатать книгуПечатать книгу

§ 27. Развіццё адукацыі, навукі, літаратуры, мастацтва і спорту ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь

1. Калі Рэспубліка Беларусь стала суверэннай дзяржавай?

2. Якімі былі асноўныя дасягненні ў развіцці культуры ў БССР да канца 1980-х гг.?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 27. Развіццё адукацыі, навукі, літаратуры, мастацтва і спорту ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 19 Май 2025, 06:00

1. Палітыка Рэспублікі Беларусь у галіне культуры

Абвяшчэнне суверэнітэту і незалежнасці абумовіла новы этап у развіцці нацыянальнай культуры, якая разглядаецца як неад'емны складнік нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва на сучасным этапе. Упершыню былі прынятыя законы «Аб культуры», «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», «Аб бібліятэчнай справе», «Аб музеях і музейным фондзе» і інш., якія вызначылі яе месца ў жыццядзейнасці дзяржавы.

Штогод, пачынаючы з 1994 г., у нашай краіне адзначаецца Дзень беларускага пісьменства, які стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам і значнай падзеяй культурнага жыцця. У 1997 г. быў заснаваны Фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. З 1997 г. прысуджаецца прэмія «За духоўнае адраджэнне», а з 1998 г. — спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры, навукі і педагагічнай дзейнасці.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2009 г. быў аб'яўлены ў нашай краіне Годам роднай зямлі, што спрыяла захаванню і прымнажэнню нацыянальнай духоўнай і культурнай спадчыны і традыцый беларускага народа. У 2010 г. пачалася акцыя «Культурная сталіца Беларусі». Гэта своеасаблівы аналаг праекта «Культурная сталіца Еўропы», які праводзіцца сярод краін — членаў Еўрасаюза. Культурнай сталіцай Беларусі ў 2010 г. стаў старажытны Полацк, які раней атрымаў статус Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. На працягу 2010—2021 гг. статус «Культурная сталіца Беларусі» быў прысвоены Гомелю, Нясвіжу, Магілёву, Брэсту і іншым беларускім гарадам.

2. Афармленне дзяржаўнага статусу беларускай і рускай моў

Абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь паклала пачатак новаму этапу ў развіцці нацыянальнай культуры, пераасэнсаванню гістарычнага мінулага беларускага народа і ролі беларускай мовы як важнага фактару ў развіцці культуры.

Прыняты 26 студзеня 1990 г. Закон «Аб мовах у Беларускай ССР» абвяшчаў беларускую мову дзяржаўнай, а рускую — сродкам міжнацыянальных зносін. Дзяржаўнай праграмай развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў прадугледжваўся паэтапны перавод на беларускую мову справаводства, навучання ва ўстановах адукацыі, павелічэнне колькасці беларускамоўных СМІ, выкарыстанне беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця. Канстытуцыя 1994 г. заканадаўча замацавала дзяржаўны статус беларускай мовы.

14 мая 1995 г. на рэспубліканскім рэферэндуме большасць насельніцтва краіны выказалася за наданне рускай мове роўных правоў з беларускай.

Новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, прынятая 24 лістапада 1996 г., замацавала палажэнне аб дзвюх раўнапраўных дзяржаўных мовах.

На мяжы XX—XXI стст. на заканадаўчым узроўні былі ўведзеныя новыя правілы правапісу на беларускай мове. Асноўныя змены зводзіліся да ўдакладнення правіл пераносу слоў, напісання малой і вялікай літар, а таксама да пашырэння напісання «ў» («у кароткага») і распаўсюджвання прынцыпу акання на значную частку запазычаных слоў.

3. Адукацыя ў Беларусі

За гады незалежнасці ў Рэспубліцы Беларусь склалася нацыянальная сістэма адукацыі, якая дазваляе рэалізаваць канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне адукацыі. Асноўнымі прынцыпамі развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі з’яўляюцца забеспячэнне роўнага доступу і павышэнне якасці адукацыі для кожнага.

У Рэспубліцы Беларусь рэалізуецца прынцып «Адукацыя праз усё жыццё». Адукацыйныя адносіны ў нашай краіне рэгулююцца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Асноўная адукацыя ў Беларусі ўключае дашкольную, агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую і сістэму адукацыі пасля заканчэння ВНУ.

У рэспубліцы добра развіта сістэма дашкольнай адукацыі. Дзіцячыя дашкольныя ўстановы наведваюць каля 80 % дзяцей, гэта адзін з самых высокіх узроўняў ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй сярод краін СНД. У Беларусі 100 % дзяцей пяцігадовага ўзросту ахоплены падрыхтоўкай да школы.

Агульная сярэдняя адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца 11-гадовай і ўключае пачатковую адукацыю (I–IV класы), базавую адукацыю (V–IX класы), сярэднюю адукацыю (X–XI класы). Паспяхова скончыўшы базавую школу, маладыя людзі маюць магчымасць працягнуць навучанне ў каледжах, ліцэях і прафесійна-тэхнічных вучылішчах, дзе адначасова атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю і прафесійную падрыхтоўку.

У 10–11 класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўведзена профільнае навучанне: вучні могуць вывучаць асобныя прадметы на павышаным узроўні. Функцыянуюць класы прафесійнай накіраванасці, у якіх навучэнцы акрамя вучэбных прадметаў на павышаным узроўні абавязкова наведваюць факультатыўныя заняткі па такіх кірунках, як педагагічны («Уводзіны ў педагагічную прафесію»), аграрны («Уводзіны ў аграрныя прафесіі»), спартыўна-педагагічны («Уводзіны ў спартыўна-педагагічныя прафесіі»), ваенна-патрыятычны.

Вышэйшая адукацыя ў рэспубліцы з’яўляецца прэстыжнай і даступнай. Па колькасці студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў на 10 тыс. насельніцтва Беларусь знаходзіцца на ўзроўні развітых краін Еўропы і свету.
У гады незалежнасці Рэспублікі Беларусь былі адкрыты новыя вышэйшыя дзяржаўныя ўстановы адукацыі: Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (заснавана ў 1991 г.), Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт (2004 г.), Палескі дзяржаўны ўніверсітэт (2006 г.) і інш. Атрыманне вышэйшай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь сёння забяспечваюць 42 дзяржаўныя, 8 прыватных устаноў.

Ва ўстановах вышэйшай адукацыі рыхтуюць спецыялістаў з улікам новых патрэб беларускай эканомікі, з’яўляюцца новыя спецыяльнасці, звязаныя з падрыхтоўкай кадраў у галіне лагістыкі, рэгіёназнаўства, робататэхнікі і штучнага інтэлекту, для працы на атамнай электрастанцыі і інш.

У 2015 г. Беларусь афіцыйна стала ўдзельнікам Балонскага працэсу, арыентаванага на стварэнне еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.

Падрыхтоўка навуковых і навукова-педагагічных кадраў вядзецца ў аспірантуры і дактарантуры.

У краіне склалася эфектыўная сістэма павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў. Ва ўстановах вышэйшай і дадатковай адукацыі дарослых навучанне вядзецца па 385 спецыяльнасцях перападрыхтоўкі. Пры гэтым пералік спецыяльнасцей перападрыхтоўкі пастаянна карэкціруецца з улікам патрабаванняў арганізацый — ​заказчыкаў кадраў.

Нацыянальная сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэалізуецца праз цэнтры аднапрофільныя (тэхнічнага, экалагічнага, турысцка-краязнаўчага, фізкультурна-спартыўнага профілю) і шматпрофільныя, а таксама дзіцячыя школы мастацтваў. На базе ўстаноў дадатковай адукацыі праходзіць значная частка сацыяльных, культурных, спартыўна-масавых мерапрыемстваў, праектаў навучэнцаў, працуюць дзіцячыя забаўляльныя пляцоўкі і профільныя лагеры.

1 студзеня 2021 г. у краіне быў створаны Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк. Асноўная яго задача — ​падтрымка адораных вучняў, развіццё ў іх цікавасці да навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк рэалізуе адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі.

Беларуская адукацыя цэніцца ў свеце, таму многія замежныя студэнты выбіраюць для навучання адукацыйныя ўстановы Беларусі.

4. Дасягненні ў развіцці навукі

Паступальнае сацыяльна-эканамічнае развіццё з сярэдзіны 1990-х гг. зрабіла станоўчы ўплыў на навуковы прагрэс.

Беларускія вучоныя ўносяць істотны ўклад у развіццё эканомікі краіны. Навуковыя распрацоўкі паспяхова ўкараняюцца ў машынабудаванні, прыборабудаванні, энергетыцы, мікрабіялогіі, медыцыне і іншых галінах. У машынабудаванні, напрыклад, створаны першы ў свеце самазвал БелАЗ грузападымальнасцю 450 т, які занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса, распрацаваны электробус «Вітаўт». У медыцыне прымяняюцца тэхналогіі лячэння з дапамогай ствалавых клетак, штучныя клапаны для сэрца, лазеры новага пакалення, прыбор для экспрэснай аптычнай дыягностыкі ракавых пухлін, новыя тэхналогіі атрымання лекаў. Для сельскай гаспадаркі навукоўцы стварылі экалагічна чыстае мікраўгнаенне «Нанаплант». Праводзяцца даследаванні па стварэнні штучнага інтэлекту, сістэм беспілотнага транспарту. Беларусь паспяхова стварае ўласную станцыю ў Антарктыдзе.

У чэрвені 2012 г. Беларусь стала касмічнай дзяржавай. З касмадрома Байканур у Казахстане быў запушчаны беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Цэнтрам развіцця беларускай навукі з’яўляецца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Яна забяспечвае каардынацыю і правядзенне навуковых даследаванняў. У сферы навуковай і інавацыйнай дзейнасці важную ролю адыгрывае Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. Яго задачы — ​стварэнне новых інавацыйных прадпрыемстваў, якія будуць выпускаць арыентаваную на экспарт прадукцыю, укараненне і камерцыялізацыя навуковых ідэй і распрацовак.

На праведзеных І (2007) і II (2017) з’ездах навукоўцаў Беларусі былі падведзеныя вынікі папярэдняга развіцця навукі і вызначаны прыярытэты яе далейшага развіцця: рэсурсазберагальныя і энергаэфектыўныя тэхналогіі, нанаматэрыялы і новыя крыніцы энергіі, інфармацыйныя і аэракасмічныя тэхналогіі, тэхналогіі вытворчасці, перапрацоўкі і захоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі, экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне.

5. Літаратура

Ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь важнымі тэмамі беларускай літаратуры сталі ўсведамленне ўнікальнасці гістарычнага мінулага і нацыянальнае адраджэнне беларускага народа.

Творы сучасных беларускіх пісьменнікаў паказваюць светаадчуванне чалавека «мяжы стагоддзяў», які задумваецца над станам сучаснага глабалізаванага свету, над праблемай захавання і ўмацавання духоўных і маральных каштоўнасцей чалавека — ​чалавечай годнасці, дабра, сумленнасці, над праблемай захавання навакольнага асяроддзя, зберажэння гістарычнай памяці.

Літаратура канца ХХ — ​пачатку ХХІ ст. характарызуецца жанравай і стылістычнай разнастайнасцю. Сучасных беларускіх пісьменнікаў цікавіць не толькі адлюстраванне рэалій жыцця, але і перадача ўласных, суб’ектыўных адносін, думак, эмоцый да разнастайнага навакольнага свету.

Беларуская літаратура застаецца найважнейшым сродкам фарміравання светапогляду і грамадзян­ска-культурнага развіцця асобы.

6. Музыка

Сучаснае музычнае мастацтва Беларусі імкнецца захаваць нацыянальныя традыцыі, адначасова развіваючы папулярныя ў свеце жанравыя стылі і кірункі.

Вядучымі канцэртнымі арганізацыямі і калектывамі краіны з’яўляюцца Дзяржаўны сімфанічны аркестр, Беларуская дзяржаўная філармонія, Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны канцэртны аркестр, Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р. Шырмы.

Канцэртную дзейнасць у нашай краіне ажыццяўляюць Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны ансамбль «Харошкі», Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры» і інш.

Традыцыйна праводзяцца розныя фестывалі: Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», фестываль песні «Залаты шлягер» і фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне.

7. Выяўленчае мастацтва

Асаблівасцю развіцця беларускага выяўленчага мастацтва ў гады суверэнітэту рэспублікі стала вяртанне да гістарычных каранёў беларускага народа, мінулага сваёй краіны. Любоўю да беларускай зямлі прасякнуты цыкл карцін «Мая Беларусь» лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь М. Селяшчука.

Замалёўкі архітэктурных помнікаў Нясвіжа, галерэя партрэтаў Радзівілаў былі выкананы народным мастаком БССР У. Стэль­ма­шон­кам.

Народны мастак СССР, БССР, акадэмік жывапісу, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Беларусі М. Савіцкі ў сваёй творчасці звярнуўся да чарнобыльскай і біблейскай тэматыкі. Цыкл яго прац «Запаведзі», палотны «Пахаванне Ефрасінні Полацкай», «Зняцце з крыжа» сцвярджаюць хрысціянскія каштоўнасці.

Беларускі пейзажыст, народны мастак Рэспублікі Беларусь Павел Васільевіч Масленікаў паклаў пачатак цэлай дынастыі мастакоў. Мастакамі сталі і яго сын Уладзімір Паўлавіч Масленікаў, і яго ўнук Павел Уладзіміравіч Масленікаў.

Адным з новых кірункаў сучаснага мастацтва стаў стрыт-арт (вулічнае мастацтва). Асноўнай часткай стрыт-арта з’яўляюцца манументальныя графіці. Муралы на вуліцы Кастрычніцкай у г. Мінску былі створаны ў рамках фестывалю Vulica Brasil.

Для манументальнага мастацтва характэрна адмаўленне ад грандыёзных манументаў абстрактна-сімвалічнага сэнсу. Гістарычная тэматыка знайшла адлюстраванне ў помніках Кірылу Тураўскаму ў Тураве, Францішку Скарыну і Гедыміну ў Лідзе, Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі, Ефрасінні Полацкай у Мінску і Рэчыцы, Усяславу Чарадзею ў Полацку, Альгерду і Аляксандру Неўскаму з сям’ёй у Віцебску, Давыду Гарадзенскаму ў Гродне, Льву Сапегу ў Лепелі і Слоніме.

У 1990-я гг. характэрнай прыкметай часу сталі помнікі ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў. У 1996 г. у Мінску быў адкрыты мемарыял воінам, загінулым у Афганістане, вядомы як «Востраў Мужнасці і Смутку».

У 1990-я гг. і ў пачатку XXI ст. шырокае распаўсюджванне атрымала жанравая гарадская скульптура, характэрнымі асаблівасцямі якой з’яўляюцца адсутнасць манументальнасці і дэмакратызм.

8. Тэатр і кіно

У цяперашні час у краіне працуе 28 дзяржаўных тэатраў. Вядучае месца ў тэатральным мастацтве займаюць Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Коласа ў Віцебску, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага, Дзяржаўны музычны тэатр, Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача і інш.

Аснову рэпертуару беларускіх тэатраў складае драматургія беларускіх аўтараў, руская і замежная класіка. Сучасныя аўтары ў сваіх пастаноўках звяртаюцца да гістарычнай тэматыкі, фальклорных сюжэтаў.

Вялікую колькасць прыхільнікаў і ўдзельнікаў збіраюць шматлікія міжнародныя фестывалі тэатральнага мастацтва: Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «Март@контакт» у Магілёве, Міжнародны фестываль лялечных тэатраў «Лялькі над Нёманам» у Гродне, Міжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» ў Брэсце, «Славянскія Тэатральныя сустрэчы» ў Гомелі і інш.

Для сучаснага нацыянальнага кінамастацтва характэрна пераасэнсаванне гістарычнага мінулага і адлюстраванне надзённых праблем. Папулярнасцю карыстаюцца кінастужкі, знятыя на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм»: «Анастасія Слуцкая», «У жніўні 44-га…», «Дняпроўскі рубеж», « Снайпер: Зброя адплаты», «У чэрвені 41-га». Падзеяй у беларускім кінематографе стаў выхад на шырокі экран фільма «Брэсцкая крэпасць» — ​першага кінапраекта Саюзнай дзяржавы.

З 1994 г. у Мінску штогод праводзіцца Міжнародны кінафестываль «Лістапад». У яго працы прымаюць удзел кінематаграфісты многіх краін свету, прэзентуючы гледачу свае конкурсныя кінастужкі. У Магілёве штогод праводзіцца Міжнародны анімацыйны кінафорум «Анімаёўка».

З 1997 г. штогод праходзіць уручэнне прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва.

9. Дасягненні беларускіх спартсменаў

У Рэспубліцы Беларусь з першых дзён суверэнітэту былі знойдзены магчымасці для падтрымкі і развіцця спорту як аднаго з важнейшых паказчыкаў культуры і здароўя нацыі. За апошнія 15 гадоў у Беларусі пабудавана каля 20 лядовых палацаў.

Самы буйны́ з іх — ​шматпрофільны культурна-спартыўны комплекс «­Мінск-Арэна» — змяшчае больш за 15 тыс. гледачоў. Пры гэтым збудаванне лядовых палацаў вядзецца не толькі ў буйны́х гарадах, але і ў невялікіх раённых цэнтрах.

Пасля рэканструкцыі ў чэрвені 2018 г. быў адкрыты стадыён «Дынама». Тут у 2019 г. прайшлі асноўныя спаборніцтвы II Еўрапейскіх гульняў, Цырымонія іх адкрыцця і закрыцця.

Галоўнымі базамі падрыхтоўкі нацыянальных каманд па зімовых і летніх відах спорту з’яўляюцца спартыўныя комплексы «Раўбічы» (зімовыя віды) і «Стайкі» (летнія віды). Яны адпавядаюць міжнародным стандартам і дазваляюць падрыхтавацца да выступленняў на самым высокім узроўні (у тым ліку на Алімпійскіх гульнях).

У 1996 г. на ХХVІ летніх Алімпійскіх гульнях у Атланце (ЗША) Рэспубліка Беларусь была ўпершыню прадстаўлена самастойнай нацыянальнай камандай. Абсалютным рэкордам для Беларусі стаў удзел у Алімпіядзе ў Пекіне, якая прайшла ў 2008 г. Беларускія спартсмены ўстанавілі новы нацыянальны рэкорд — ​заваявалі 19 узнагарод, а нацыянальная зборная заняла шаснаццатае месца па якасці і трынаццатае — ​па колькасці медалёў. У той год беларусы прывезлі на радзіму тры залатыя медалі.

На XXX летніх Алімпійскіх гульнях 2012 г. у Лондане два новыя сусветныя рэкорды ўстанавіў беларускі стралок С. Мартынаў. Тэнісістка В. Азаранка, якая ўпершыню ў гісторыі беларускага тэніса ў 2012 г. стала першай ракеткай свету, разам з М. Мірным змагла перамагчы гаспадароў тэніснага корта і заваяваць золата Алімпіяды.

На XXXII летняй Алімпіядзе 2021 г. у Токіа ўладальнікам залатога медаля стаў Іван Літвіновіч, ён выйграў спаборніцтвы ў скачках на батуце.

Паспяхова выступіла паралімпійская зборная Беларусі. Плывец Ігар Бокій стаў пяціразовым пераможцам Паралімпійскіх гульняў і заваяваў 5 залатых медалёў.

Спартыўныя традыцыі — ​адзін з ключавых фактараў, якія спрыяюць праслаўленню Беларусі ў свеце. Беларусь, дзякуючы дасягненням сваіх спартсменаў і спартыўным аб’ектам, стала адной з самых спартыўных і вядомых краін Еўропы.

Пытанні і заданні

1. Якія падзеі грамадска-палітычнага жыцця суверэннай Рэспублікі Беларусь у найбольшай меры паўплывалі на развіццё яе культуры? Сваё меркаванне патлумачце.

2. Дакажыце, што за гады незалежнасці ў Рэспубліцы Беларусь склалася нацыянальная сістэма адукацыі, якая рэалізуе прынцып «Адукацыя праз усё жыццё».

3. Ахарактарызуйце прыярытэтныя навуковыя напрамкі, якія садзейнічаюць развіццю навукова-тэхнічнага патэнцыялу краіны.

4. Якія фактары, на вашу думку, спрыяюць разнастайнасці тэматыкі сучаснай беларускай літаратуры і мастацтва? Сваё меркаванне патлумачце.

5. Пры дапамозе дадатковай літаратуры і інтэрнэт-рэсурсаў падрыхтуйце біяграму аднаго з сучасных дзеячаў беларускай культуры ці спорту.