§ 25–2. Культура Заходняй Беларусі 1921—1939 гг.

1. Стан адукацыі ва ўмовах палітыкі паланізацыі

Польскія ўлады праводзілі на тэрыторыі Заходняй Беларусі палітыку паланізацыі. Яны ўсяляк перашкаджалі выкарыстанню беларускай мовы ў сістэме адукацыі. Калі ў пачатку 1920-х гг. на акупаванай тэрыторыі дзейнічала каля 400 пачатковых беларускіх школ, 8 беларускіх гімназій, 2 беларускія настаўніцкія семінарыі, то да 1924 г. засталося толькі 37 беларускіх школ і 4 гімназіі (Вільня, Наваградак, Клецк, Радашковічы). Беларускія настаўніцкія семінарыі былі зачыненыя. Высокая плата за навучанне, перашкоды з боку ўлад, нацыянальная прыналежнасць, палітычныя матывы — усё гэта абмяжоўвала доступ заходнебеларускай моладзі да атрымання сярэдняй і вышэйшай адукацыі. У Віленскім універсітэце, дзе навучанне вялося на польскай мове, доля беларусаў не перавышала 3 %. У 1938/39 навучальным годзе беларускіх школ фактычна не засталося. Міністр асветы Польшчы Л. Скулскі ў пачатку 1939 г. заявіў журналістам: «Запэўніваю вас, што праз дзесяць гадоў у Польшчы нават са свечкай не знойдзеце ніводнага беларуса». Каля 35 % насельніцтва краю заставалася непісьменным.