Печатать книгуПечатать книгу

§ 25–2. Культура Заходняй Беларусі 1921—1939 гг.

1. Калі і якім чынам адбылося ўключэнне Заходняй Беларусі ў склад Польшчы?

2. У чым заключаліся асноўныя напрамкі нацыянальна-культурнай палітыкі польскіх улад?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 25–2. Культура Заходняй Беларусі 1921—1939 гг.
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 19 Май 2025, 05:53

1. Стан адукацыі ва ўмовах палітыкі паланізацыі

Польскія ўлады праводзілі на тэрыторыі Заходняй Беларусі палітыку паланізацыі. Яны ўсяляк перашкаджалі выкарыстанню беларускай мовы ў сістэме адукацыі. Калі ў пачатку 1920-х гг. на акупаванай тэрыторыі дзейнічала каля 400 пачатковых беларускіх школ, 8 беларускіх гімназій, 2 беларускія настаўніцкія семінарыі, то да 1924 г. засталося толькі 37 беларускіх школ і 4 гімназіі (Вільня, Наваградак, Клецк, Радашковічы). Беларускія настаўніцкія семінарыі былі зачыненыя. Высокая плата за навучанне, перашкоды з боку ўлад, нацыянальная прыналежнасць, палітычныя матывы — усё гэта абмяжоўвала доступ заходнебеларускай моладзі да атрымання сярэдняй і вышэйшай адукацыі. У Віленскім універсітэце, дзе навучанне вялося на польскай мове, доля беларусаў не перавышала 3 %. У 1938/39 навучальным годзе беларускіх школ фактычна не засталося. Міністр асветы Польшчы Л. Скулскі ў пачатку 1939 г. заявіў журналістам: «Запэўніваю вас, што праз дзесяць гадоў у Польшчы нават са свечкай не знойдзеце ніводнага беларуса». Каля 35 % насельніцтва краю заставалася непісьменным.

2. Дзейнасць Таварыства беларускай школы

Супраць паланізацыі Заходняй Беларусі выступіла Таварыства беларускай школы (ТБШ, заснавана ў 1921 г.) — культурна-асветніцкая арганізацыя, якая імкнулася распаўсюджваць асвету сярод беларусаў, адкрываць беларускія школы. Асноўная яе мэта была абвешчана ў Статуце: «Пашыраць і дапамагаць асвеце ў беларускім нацыянальным, людскім і хрысціянскім духу». Ля вытокаў стварэння ТБШ стаялі Б. Тарашкевіч, А. Луцкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, А. Станкевіч і інш. Арганізацыя стварала беларускія школы, абараняла ўжо існуючыя, дапамагала ўтрымліваць беларускія гімназіі, адкрывала бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні, гурткі мастацкай самадзейнасці, народныя хоры. За перыяд свайго існавання (да 1937 г.) ТБШ стала масавай арганізацыяй, якая мела шырокую падтрымку заходнебеларускага насельніцтва.

3. Літаратура

Заходнебеларуская літаратура развівалася ва ўмовах нацыянальнага прыгнёту. І. Канчэўскі (І. Абдзіраловіч) у сваім філасофскім эсэ «Адвечным шляхам» («Извечным путем») раскрыў драматызм гістарычнага лёсу беларусаў, іх неадольнае імкненне захаваць сваю незалежнасць. Пісьменнік, крытык, выкладчык Віленскай гімназіі М. Гарэцкі ў 1920 г. напісаў першую «Гісторыю беларускай літаратуры». Кніга была прызначана самаму шырокаму колу чытачоў з арыентацыяй на нацыянальныя беларускія прыярытэты.

З'явіліся маладыя паэты, творчасць якіх была звязана з рэвалюцыйна-дэмакратычным кірункам у паэзіі, адлюстроўвала барацьбу беларускага народа за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Пратэст супраць нацыянальнага прыгнёту прысутнічаў у творчасці В. Таўлая, М. Машары, М. Засіма, М. Танка і многіх іншых маладых паэтаў Заходняй Беларусі.

4. Жывапіс

Мастакі асаблівую ўвагу надавалі гісторыі, роднай прыродзе і народным тыпажам. Яны імкнуліся захаваць нацыянальную і індывідуальную ідэнтычнасць. Да найбольш вядомых мастакоў Заходняй Беларусі адосяцца П. Сергіевіч, І. Драздовіч, М. Сеўрук, П. Южык, Б. Залкінд, С. Вішнеўскі, З. Крачкоўскі. Створаная імі галерэя вобразаў вельмі дакладна перадае атмасферу часу, стаўленне да навакольнага свету, нацыянальныя ідэалы прыгажосці. Творчасць гэтых мастакоў, пры яркай індывідуальнасці кожнага з іх, адлюстроўвае асноўныя тэндэнцыі развіцця рэалістычнага мастацтва 1920—1930-х гг.

 

5. Музычнае мастацтва

Музычнае мастацтва Заходняй Беларусі было цесна звязана з дзейнасцю Таварыства беларускай школы. У гарадах і паветах вялікай папулярнасцю карысталіся хоры гурткоў ТБШ. Зборам і папулярызацыяй беларускага песеннага фальклору займаліся А. Грыневіч, Р. Шырма. У 1923 г. А. Грыневіч выдаў першы беларускі падручнік па музыцы «Навука спеву», а ў 1923 г. «Дзіцячы спеўнік». Шмат песеннага фальклору сабраў Р. Шырма, які выдаў у 1929 г. свой першы зборнік «Беларускія народныя песні». Р. Шырма ўзначаліў шэраг мастацкіх калектываў — хары ў Пружанах, Віленскай беларускай гімназіі. Шырокую папулярнасць пад яго кіраўніцтвам у 1930-я гг. здабыў хор Беларускага студэнцкага саюза ў Вільні.

6. Архітэктура

У архітэктуры Заходняй Беларусі ў 1920—1930-я гг. актыўна развіваўся канструктывізм з уласцівай яму строгасцю, лаканічнасцю і функцыянальнасцю. Пабудаваныя ў стылі канструктывізму будынкі сфармавалі цэнтральную частку горада Гродна, паўплывалі на планіроўку Брэста і іншых заходнебеларускіх гарадоў. Нараўне з канструктывізмам пераважаў «Закапанскі стыль» — спалучэнне прынцыпаў гарадскога будаўніцтва з фальклорнымі рэгіянальнымі матывамі. Яскравым прыкладам такога комплекснага праекта можна лічыць комплекс будынкаў у цэнтры Браслава, збудаваных па праекце прафесара Віленскага ўніверсітэта і актыўнага дзеяча Віленскага таварыства аматараў навук Ю. Клоса. Яго праекты абапіраліся на багаты мясцовы матэрыял, сабраны падчас шматлікіх экспедыцый па тэрыторыі Віленскага ваяводства. У выніку новыя пабудовы гарманічна ўпісваліся ў існуючыя гарадскія комплексы і былі блізкія да традыцыі беларускага драўлянага дойлідства.

У «закапанскім стылі» ўзводзіліся культавыя пабудовы, напрыклад, драўляны касцёл у вёсцы Межаны Браслаўскага павета, які таксама быў узведзены па праекце Ю. Клос.

Архітэктура заходнебеларускіх гарадоў і мястэчак звязаная з творчасцю Л. Вітан-Дубейкаўскага. Па яго праектах у міжваенны перыяд былі пабудаваныя манастыр у Друі, касцёл Святога Пятра і Паўла ў Дрысвятах.

Пытанні і заданні

1. Раскрыйце асноўныя напрамкі і значэнне дзейнасці Таварыства беларускай школы.

2. У чым заключаліся асаблівасці развіцця архітэктуры і мастацтва ў Заходняй Беларусі?

3. У чым складаліся адрозненні ў развіцці культуры на тэрыторыі БССР і Заходняй Беларусі?

4. Падрыхтуйце разгорнутае паведамленне (на выбар) аб адным з дзеячаў культуры Заходняй Беларусі або аб развіцці якога-небудзь віду мастацтва (жывапіс, архітэктура, тэатр, скульптура і г. д.) у дадзены перыяд.