§ 24–4. Асноўныя тэндэнцыі развіцця культуры Беларусі ў пачатку ХХ ст.

1. Роля газеты «Наша Ніва» ў развіцці культуры Беларусі

Перыяд пачатку ХХ ст. у развіцці беларускай культуры атрымаў назву «нашаніўскага». На старонках газеты «Наша Ніва» ўпершыню былі надрукаваныя ўрыўкі з паэм «Курган» і «Бандароўна» Я. Купалы, «Новая зямля» Я. Коласа. Чытачы атрымалі магчымасць прачытаць на сваёй роднай мове творы А. Чэхава, Л. Талстога, А. Міцкевіча, В. Брусава, Т. Шаўчэнкі, Э. Ажэшкі і іншых вядомых аўтараў. У «Нашай Ніве» з апавяданнем «Музыка» дэбютаваў М. Багдановіч. З публікацый у беларускім тыднёвіку пачалі свой творчы шлях М. Гарэцкі, А. Гарун, К. Буйло, З. Бядуля, Ц. Гартны, Я. Журба, У. Галубок. Пры рэдакцыі газеты існавала друкарня, якая з 1910 г. выдавала папулярны сярод сялянства «Беларускі каляндар», з 1912 г. — ​сельскагаспадарчы часопіс «Саха», літаратурны штомесячнік для моладзі «Лучынка».