Печатать книгуПечатать книгу

§ 24–4. Асноўныя тэндэнцыі развіцця культуры Беларусі ў пачатку ХХ ст.

Якімі былі асноўныя дасягненні беларускай культуры ў XIX ст.?

Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас
Книга: § 24–4. Асноўныя тэндэнцыі развіцця культуры Беларусі ў пачатку ХХ ст.
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 4 Июль 2025, 01:22

1. Роля газеты «Наша Ніва» ў развіцці культуры Беларусі

Перыяд пачатку ХХ ст. у развіцці беларускай культуры атрымаў назву «нашаніўскага». На старонках газеты «Наша Ніва» ўпершыню былі надрукаваныя ўрыўкі з паэм «Курган» і «Бандароўна» Я. Купалы, «Новая зямля» Я. Коласа. Чытачы атрымалі магчымасць прачытаць на сваёй роднай мове творы А. Чэхава, Л. Талстога, А. Міцкевіча, В. Брусава, Т. Шаўчэнкі, Э. Ажэшкі і іншых вядомых аўтараў. У «Нашай Ніве» з апавяданнем «Музыка» дэбютаваў М. Багдановіч. З публікацый у беларускім тыднёвіку пачалі свой творчы шлях М. Гарэцкі, А. Гарун, К. Буйло, З. Бядуля, Ц. Гартны, Я. Журба, У. Галубок. Пры рэдакцыі газеты існавала друкарня, якая з 1910 г. выдавала папулярны сярод сялянства «Беларускі каляндар», з 1912 г. — ​сельскагаспадарчы часопіс «Саха», літаратурны штомесячнік для моладзі «Лучынка».

2. Стан адукацыі

У пачатку XX ст. рэвалюцыйныя падзеі з аднаго боку і рост капіталістычных адносін з другога выклікалі станоўчыя зрухі ў развіцці адукацыі. Павялічылася колькасць народных вучылішчаў. Гарадскія вучылішчы былі пераўтвораны ў вышэйшыя пачатковыя школы — чатырохкласнай агульнаадукацыйныя навучальныя ўстановы павышанага тыпу. Гімназіі і рэальныя вучылішчы давалі поўную сярэднюю адукацыю, прагімназіі — няпоўную. Колькасць сярэдніх навучальных устаноў вырасла да 88 з лікам навучэнцаў у 31,5 тыс. чалавек. У 1914 г. у 7682 школах усіх тыпаў вучылася пятая частка дзяцей школьнага ўзросту.

Падрыхтоўка спецыялістаў для галін народнай гаспадаркі і культуры вялася ў рамесных, сельскагаспадарчых, камерцыйных, педагагічных, медыцынскіх, музычных навучальных установах. У 1914 г. у Беларусі было 12 прафесійных вучэльняў з 14 тыс. навучэнцаў. Вышэйшых навучальных устаноў у краі не было. Царскія чыноўнікі неаднаразова адхілялі хадайніцтвы грамадскасці аб адкрыцці ў Мінску ўніверсітэта ці політэхнічнага інстытута.

Пашырэнне сеткі навучальных устаноў абвастрыла недахоп педагогаў. Праблема падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў вырашалася шляхам адкрыцця новых настаўніцкіх інстытутаў і семінарый. Для падрыхтоўкі педагогаў у 1909—1916 гг. былі адкрыты пяць настаўніцкіх семінарый і тры настаўніцкія інстытуты, якія давалі няпоўную вышэйшую адукацыю. У 1910 г. быў адкрыты настаўніцкі інстытут у Віцебску, у 1913 г. — у Магілёве, у 1914 г. — у Мінску.

3. Навуковыя даследаванні Беларусі

Ва ўмовах уздыму грамадска-палітычнага і нацыянальнага руху ў Беларусі ў пачатку ХХ ст. узмацнілася ўвага да гістарычнага мінулага беларускага народа.

На працягу 1903—1922 гг. была апублікавана фундаментальная праца акадэміка Я. Карскага «Беларусы», у якой падрабязна даследаваны беларуская мова і літаратура, складзена этнаграфічная карта рассялення беларусаў. У 1916 г. Я. Карскі быў удастоены звання акадэміка Пецярбургскай акадэміі навук. Вялікі ўклад у вывучэнне гістарычнага мінулага зрабілі навуковыя працы М. В. Доўнар-Запольскага. На беларускай мове ў 1910 г. В. У. Ластоўскі выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі», дзе паспрабаваў паказаць адметнасць гістарычнага лёсу беларускага народа.

У 1914 г. у Беларусі дзейнічала больш за 50 навуковых і культурна-асветніцкіх таварыстваў. У 1902 г. у Магілёве былі створаны Таварыства па вывучэнні беларускага краю і гісторыка-этнаграфічны музей. У 1908 г. у Мінску быў арганізаваны царкоўны археалагічны камітэт. У 1909 г. створана Віцебская архіўная камісія, якая выяўляла і публікавала гістарычныя дакументы па гісторыі Віцебшчыны.

У 1912 г. у Мінску з’явілася Таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі, якое правяло шэраг даследаванняў рэк Палесся. 

4. Развіццё літаратуры і беларускай літаратурнай мовы

Рэвалюцыйныя падзеі 1905—1907 гг. выклікалі ўздым літаратурнай творчасці. Новыя вобразы, тэмы, матывы прыўнесла ў беларускую літаратуру Цётка (А. Пашкевіч). Яе кнігі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» — першыя выдадзеныя ў ХХ ст. беларускія паэтычныя зборнікі.

Як адзін з заснавальнікаў нацыянальнай драматургіі і школы перакладу ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры Я. Купала. Разам з ім ля вытокаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы стаяў Я. Колас. Па матывах іх твораў ставіліся п'есы, у прыватнасці, Я. Купалы — «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо».

У пачатку ХХ ст. раскрыўся паэтычны талент М. Багдановіча і літаратурны М. Гарэцкага, З. Бядулі, Ц. Гартнага, К. Каганца. Іх творы былі прасякнутыя пафасам сацыяльнага вызвалення і нацыянальнага самавызначэння беларусаў, ідэямі роўнасці, братэрства, дэмакратыі і гуманізму. М. Багдановіч у сваёй працы «Беларускае адраджэнне» (1915) аб'ектыўна паказаў тэндэнцыі і этапы нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі ў XIX — пачатку XX ст.

5. Станаўленне беларускага прафесійнага тэатра

У фарміраванні новага Беларускага прафесійнага тэатра вялікую ролю адыграла тэатральная культура рускага, украінскага і польскага народаў. У беларускіх гарадах гастралявалі драматычныя трупы з Расіі, Украіны, Польшчы. Вядучым драматургам у 1840–1850-я гг. быў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У 1852 г. ім была створана першая беларуская трупа спецыяльна для пастаноўкі яго камедыі-оперы «Сялянка» («Ідылія»). Пазней В. Дуніным-Марцінкевічам былі напісаны п’есы «Рэкруцкі яўрэйскі набор», «Пінская шляхта».

У пачатку ХХ ст. актывізавалася тэатральнае жыццё, арганізоўваліся шматлікія музычна-драматычныя гурткі і «беларускія вечарынкі». Іх праграма складалася з дэкламацыі твораў беларускіх пісьменнікаў, музычных нумароў, танцаў, харавых выступленняў. У 1906 г. у в. Пятроўшчына пад Мінскам з поспехам прайшла першая «беларуская вечарынка». У Вільні пад кіраўніцтвам А. Бурбіса дзейнічаў беларускі музычна-драматычны гурток, на сцэне якога была пастаўлена п’еса паводле твора Я. Купалы «Паўлінка».

На аснове традыцый «беларускіх вечарынак» у 1907 г. паўстала першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага — ​тэатр прафесійнага тыпу. У яго дзейнасці арганічна перапляталіся драматургія, вакальнае выкананне, танцы. Выступленні трупы ў Вільні, Пецярбургу і Варшаве заўсёды мелі вялікі поспех. Напярэдадні Першай сусветнай вайны фінансавыя цяжкасці фактычна спынілі дзейнасць тэатра І. Буйніцкага.

Прадаўжальнікам традыцый І. Буйніцкага было «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», якое ўзнікла ў Мінску вясной 1917 г. пад ­кіраўніцтвам Ф. Ждановіча. Яно ўпершыню ажыццявіла пастаноўку драмы Я. Купалы «Раскіданае гняздо».

6. Выяўленчае мастацтва

Большасць жывапісцаў, чыя творчая дзейнасць была звязана з Беларуссю, атрымалі мастацкую адукацыю ў галоўных мастацкіх цэнтрах Расійскай імперыі — Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, Маскоўскім вучылішчы скульптуры і дойлідства, а таксама за мяжой. Аднак у пачатку ХХ ст. пачалі адкрывацца прыватныя школы малявання ў Мінску, Віцебску, Магілёве. Арганізоўваліся выставы.

Мастакі-пейзажысты распрацоўвалі тып пейзажу, дзе галоўнай задачай мастака з'яўляецца лірычны малюнак асобнага характэрнага матыву роднай прыроды. У іх творчасці вялікае месца займае пейзажны эцюд або пейзаж, напісаны непасрэдна з натуры.

У бытавым жанры працавалі габрэйскія Мастакі Ю. Пэн, Я. Кругер, Л. Альпяровіч. Графіка папоўнілася працамі Я. Драздовіча, К. Каганца.

7. Распаўсюджванне стылю мадэрн у архітэктуры

На рубяжы XIX—XX стст. распаўсюдзіўся новы архітэктурнае кірунак — мадэрн. Для яго характэрныя перапляценне ліній, асіметрычныя кампазіцыі, багаты ляпны дэкор. Мадэрн прымяняўся для новых тыпаў пабудоў, пры гэтым выкарыстоўваліся новыя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі (цэмент, металічная арматура). Шырока выкарыстоўвалася шкло, з якога рабілі нават дахі. У стылі мадэрн ствараліся будынкі фінансава-крэдытных і адміністрацыйных устаноў — банкаў, чыгуначных вакзалаў, гімназій і інш. Яркімі прыкладамі архітэктуры мадэрна з'яўляюцца гасцініца «Еўропа» ў Мінску, будынак пазямельна-сялянскага банка ў Магілёве і інш. Аднак з прычыны залішняй вытанчанасці і дарагоўлі мадэрн страціў сваю актуальнасць і да пачатку Першай сусветнай вайны як стыль спыніў сваё існаванне ў архітэктуры Беларусі.

Пытанні і заданні

1. Вызначце ролю газеты «Наша Ніва» ў развіцці беларускай нацыянальнай культуры.

2. Растлумачце прычынна-выніковую сувязь паміж уздымам грамадска-палітычнага руху ў пачатку XX ст. і актывізацыяй вывучэння гісторыі і культуры беларускага народа.

3. Ці можна сцвярджаць, што развіццё беларускага тэатра ў пачатку ХХ ст. было цесна звязана з развіццём беларускай літаратуры? Дайце аргументаваны адказ.

4. З дапамогай праекта GoogleArts&Culture знайдзіце творы мастакоў — ураджэнцаў Беларусі пачатку ХХ ст. і азнаёмцеся з іх зместам. Дакажыце, што выяўленчае мастацтва характарызавалася шматграннасцю жанраў і кірункаў. Падрыхтуйце кароткае паведамленне пра творчасць аднаго з жывапісцаў.

5. Якія помнікі архітэктуры пачатку ХХ ст. захаваліся ў вашым населеным пункце? Падрыхтуйце прэзентацыю пра іх для ўрока «Наш край».