§ 24–3. Побыт і лад жыцця насельніцтва Беларусі ў XIX ст.

1. Сельская абшчына, яе ўплыў на звычаі і абрады беларусаў

Народныя звычаі і традыцыі ўяўляюць сабой унікальны пласт матэрыяльнай і духоўнай беларускай культуры. Іх характэрныя рысы былі цесна звязаны з сельскай абшчынай, якая гістарычна склалася на беларускіх землях.

Агульнапрынятыя ў рамках сельскай абшчыны звычаі і абрады з'яўляліся складовай часткай ладу жыцця беларусаў. Самымі распаўсюджанымі былі талака, сябрына, бонда, вячоркі, калядаванне, валачобны абрад.

Абшчынны характар мелі вячоркі — пасядзелкі, якія звычайна арганізоўваліся па заканчэнні палявых работ. У асенне-зімовы перыяд моладзь збіралася ў адным вялікім доме, дзяўчаты звычайна прыходзілі кожная са сваім рукадзеллем, калаўротам або вышыўкай. У працэсе працы вялі размовы, спявалі народныя песні. Маладыя людзі часцей за ўсё падчас такіх вячорак плялі лапці.

Беларускія вячоркі. Рэканструкцыя падчас рэгіянальнага фальклорнага свята ў Ашмянскім раённым Цэнтры культуры

Характэрнай з'явай былі ігрышчы і забавы з нагоды таго ці іншага хрысціянскага свята. Узімку, у калядны перыяд, званы ў народзе Калядамі, запрашалі музыкаў, спявалі, скакалі, праводзілі гульні, напрыклад, «Ката ў печ», «Рэдзька», падчас якіх маладым людзям трэба было прайсці розныя выпрабаванні. Папулярнай была гульня «Жаніцьба Цярэшкі» («гумарыстычнае» вяселле, у адзін вечар з чатырма дзяўчатамі). Асноўным атрыбутам калядак з'яўлялася кадядаванне — маладыя людзі, пераапранутыя ў шкуры «казы», «мядзведзя» або іншых жывёл, з песнямі-калядкамі хадзілі па вёсцы, віншавалі ўсіх з Новым годам, жадалі здароўя, багацця, шчасця, добрага ўраджаю гаспадарам дамоў, атрымліваючы за гэта пачастунак са святочнага стала.

З Вялікаднем быў звязаны валачэбны абрад. Валачобнікі абыходзілі з абрадавымі песнямі ўсе дамы, праслаўлялі іх гаспадароў і членаў іх сем'яў, жадалі міру, шчасця і дабра.

Папулярным было свята, звязанае з днём летняга сонцастаяння, — Івана Купалы, які адзначалі ў ноч з 23 на 24 чэрвеня па старым стылі. Абавязковай часткай абрадаў у ноч гэтага свята з'яўляліся карагоды, хлопцы і дзяўчаты скакалі праз вогнішча, які, па старажытных павер'ях, спрыяў ачышчэнню душы і абараняў ад хвароб, вядзьмарскіх чар і благога вока. Згодна з традыцыйнай легендай, у ноч на Івана Купалу распускаецца кветка папараці, і той, хто знойдзе яе, абавязкова будзе багатым і шчаслівым.

Самыя важныя абрады былі звязаны са зборам ураджаю — дажынкі і зажынкі, якія суправаджаліся песнямі. У змесце песень магічная сіла надавалася першаму і апошняму снапу — сімвалу ўрадлівасці і дастатку. У іх апяваліся сялянская праца, надзеі на лепшую долю, пратэст супраць прыгонніцтва.