§ 23–2. Канфесійная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь

1. Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных канфесій

У канцы ХХ ст. спачатку ў сувязі з працэсамі дэмакратызацыі ў Савецкім Саюзе, а затым з абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь адбылася пераацэнка ролі і месца рэлігіі і яе інстытутаў у жыцці беларускага грамадства. Былі створаны перадумовы для адраджэння хрысціянскіх каштоўнасцей і дзейнасці рэлігійных арганізацый. Гэтаму спрыялі змены ў канфесійнай палітыцы дзяржавы і прыняцце новага заканадаўства.

Рэспубліка Беларусь — ​шматканфесійная дзяржава. На 1 студзеня 2021 г. у нашай краіне зарэгістравана 25 рэлігійных канфесій і кірункаў. Агульная колькасць рэлігійных арганізацый у цяперашні час дасягнула 3569. У ад­паведнасці са сваімі статутамі дзейнічаюць 174 рэлігійныя арганізацыі, якія маюць агульнаканфесійнае значэнне (рэлігійныя аб’яднанні, манастыры, місіі, брацтвы, сястрынствы, духоўныя навучальныя ўстановы). У рэспубліцы зарэгістравана 3315 рэлігійных су­полак.

Беларуская праваслаўная царква аб’ядноўвае 1643 праваслаўныя па­рафіі, 15 епархій, 7 духоўных навучальных устаноў, 35 манастыроў, 15 брацтваў, 10 сястрынстваў. Дзейнічаюць 1535 праваслаўных храмаў, яшчэ 194 бу­дуюцца.

Рыма-каталіцкая царква ў Рэспубліцы Беларусь аб’ядноўвае чатыры ­дыяцэзіі, якія налічваюць 491 суполку. Дзейнічаюць 5 духоўных навучальных ­устаноў, 11 місій і 9 манастыроў. Абшчыны валодаюць 488 касцёламі, 36 будуюцца.

Пратэстанцкія рэлігійныя арганізацыі прадстаўлены 1057 рэлігійнымі суполкамі, 21 аб’яднаннем, 22 місіямі і 5 духоўнымі навучальнымі ўстановамі 14 рэлігійных кірункаў.
У Рэспубліцы Беларусь зарэгі­страваны 33 рэлігійныя абшчыны старавераў, у распараджэнні вернікаў маецца 27 культавых будынкаў.

У трох іўдзейскіх рэлігійных аб’яд­наннях налічваецца 52 рэлігійныя абшчыны, 10 з іх маюць аўтаномны статус, валодаюць 9 культавымі будынкамі.

Таксама ў рэспубліцы дзейнічаюць 25 мусульманскіх рэлігійных суполак, у тым ліку 24 суніцкага кірунку і 1 шыіц­кага. Дзейнічаюць 7 культавых будынкаў і Саборная мячэць у г. Мінску.

Канфесійная палітыка дзяржавы накіравана на падтрыманне і ўмацаванне міжканфесійнага міру і згоды ў беларускім грамадстве, развіццё ўзаемадзеяння з гістарычна традыцыйнымі канфесіямі.

Дзеючае заканадаўства Рэспублікі Беларусь стварае прававое поле, у якім рэлігійныя арганізацыі могуць паўнавартасна дзейнічаць і развівацца, а грамадзянам гарантуюцца іх канстытуцыйныя правы на свабоду сумлення і веравызнання.

Такім чынам, для сучаснага беларускага грамадства характэрныя верацярпімасць, адкрытасць да дыялогу, адсутнасць канфліктаў і вострых супярэчнасцей на нацыянальнай і рэлігійнай аснове. Беларусь з’яўляецца тэрыторыяй міжнацыянальнага і міжканфесійнага міру і згоды. Важную ролю ў забеспячэнні іх адыгрываюць як менталітэт беларусаў, так і палітыка дзяржавы ў галіне міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, накіраваная на мірнае суіснаванне рэлігійных і этнічных супольнасцей у інтарэсах устойлівага развіцця краіны.

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» быў прыняты 31 кастрычніка 2002 г. Ён рэгулюе праваадносіны ў галіне правоў чалавека і грамадзяніна на свабоду сумлення і свабоду веравызнання.

Закон вызначае прававыя асновы стварэння і дзейнасці рэлігійных арганізацый зыходзячы з наступных прынцыпаў:

  • права кожнага на свабоду сумлення і свабоду веравызнання, а таксама на роўнасць перад законам, незалежна ад стаўлення да рэлігіі;
  • роўнасць рэлігій перад законам;
  • прызнанне вызначальнай ролі Праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа;
  • прызнанне духоўнай, культурнай і гістарычнай ролі Каталіцкай царквы на тэрыторыі Беларусі;
  • прызнанне неаддзельнасці ад агульнай гісторыі народа Беларусі Евангелічна-лютэранскай царквы, іўдаізму і ісламу;
  • прызнанне неабходнасці садзеяння дасягненню ўзаемнага разумення, цярпімасці і павагі рэлігійных пачуццяў грамадзян у пытаннях свабоды сумлення і веравызнання.