§ 23–1. Беларуская нацыя ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь

1. Умовы развіцця сучаснай беларускай нацыі

Стварэнне 1 студзеня 1919 г. Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі адыграла лёсавызначальную ролю ў практычнай рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Менавіта БССР выканала ролю цэнтра дзяржаўнага, палітычнага, эканамічнага і культурнага аб’яднання беларускай нацыі.

У БССР упершыню былі створаны эфектыўна дзеючы апарат дзяржаўнага кіравання, нацыянальная сістэма адукацыі і культуры, магутны эканамічны патэн­цыял. Іншымі словамі, была закладзена аснова для ўзнікнення незалежнай і суверэннай дзяржавы — ​сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Такім чынам, на працягу ХХ ст. беларуская нацыянальная ідэя атрымала рэальнае ўвасабленне: беларускі народ завяршыў кансалідацыю ў адзіную нацыю, здабыў уласную дзяржаву. БНР дэкларавала, але не забяспечыла дзяржаўнасць беларусаў. Утварэнне БССР, абвяшчэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь сталі этапамі на шляху станаўлення беларускай дзяржаўнасці. БССР рэалізавала дзяржаўнасць у рамках федэратыўнай дзяржавы — ​СССР. Абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь стала ўвасабленнем сапраўднай, рэалізаванай у поўным аб’ёме ў агульнапрызнаных міжнароднай супольнасцю рамках беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.

Сучасная беларуская нацыя функцыянуе ў новых гістарычных умовах. Галоўным зместам дадзенага этапу развіцця нацыянальнай дзяржаўнасці з’яўляецца фарміраванне эфектыўнай, дэмакратычнай прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці, развіццё грамадскага самакіравання, забеспячэнне міжнацыянальнага, міжканфесійнага міру і згоды.