§ 23–1. Беларуская нацыя ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь
1. Назавіце вядомыя вам гістарычныя і нацыянальныя формы беларускай дзяржаўнасці.
2. Калі быў абвешчаны дзяржаўны суверэнітэт БССР?
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас |
Книга: | § 23–1. Беларуская нацыя ва ўмовах дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Понедельник, 19 Май 2025, 06:06 |
Оглавление
- 1. Умовы развіцця сучаснай беларускай нацыі
- 2. Нацыянальны склад насельніцтва Беларусі
- 3. Характарыстыкі сучаснага менталітэту беларусаў
- 4. Нацыянальная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь
- 5. Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы ва ўмовах умацавання дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь
- 6. Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы
- Пытанні і заданні
1. Умовы развіцця сучаснай беларускай нацыі
Стварэнне 1 студзеня 1919 г. Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі адыграла лёсавызначальную ролю ў практычнай рэалізацыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Менавіта БССР выканала ролю цэнтра дзяржаўнага, палітычнага, эканамічнага і культурнага аб’яднання беларускай нацыі.
У БССР упершыню былі створаны эфектыўна дзеючы апарат дзяржаўнага кіравання, нацыянальная сістэма адукацыі і культуры, магутны эканамічны патэнцыял. Іншымі словамі, была закладзена аснова для ўзнікнення незалежнай і суверэннай дзяржавы — сучаснай Рэспублікі Беларусь.
Такім чынам, на працягу ХХ ст. беларуская нацыянальная ідэя атрымала рэальнае ўвасабленне: беларускі народ завяршыў кансалідацыю ў адзіную нацыю, здабыў уласную дзяржаву. БНР дэкларавала, але не забяспечыла дзяржаўнасць беларусаў. Утварэнне БССР, абвяшчэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь сталі этапамі на шляху станаўлення беларускай дзяржаўнасці. БССР рэалізавала дзяржаўнасць у рамках федэратыўнай дзяржавы — СССР. Абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь стала ўвасабленнем сапраўднай, рэалізаванай у поўным аб’ёме ў агульнапрызнаных міжнароднай супольнасцю рамках беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.
Сучасная беларуская нацыя функцыянуе ў новых гістарычных умовах. Галоўным зместам дадзенага этапу развіцця нацыянальнай дзяржаўнасці з’яўляецца фарміраванне эфектыўнай, дэмакратычнай прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці, развіццё грамадскага самакіравання, забеспячэнне міжнацыянальнага, міжканфесійнага міру і згоды.
2. Нацыянальны склад насельніцтва Беларусі
У сілу гістарычнага мінулага ў нашай краіне на працягу многіх пакаленняў мірна суіснуюць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей. Па дадзеных перапісу насельніцтва 2019 г. на тэрыторыі Беларусі пражывалі прадстаўнікі больш як 130 народаў і народнасцей. Сярод іх беларусы (7 990 719, або 84,9 %), рускія (706 992, або 7,5 %), палякі (287 693, або 3,1 %), украінцы (159 656, або 1,7 %), яўрэі (13 705), армяне (9392), татары (8445), цыганы (6848), азербайджанцы (6001), літоўцы (5287), туркмены (5231). У Рэспубліцы Беларусь таксама пражывае ад 1 да 3,5 тыс. малдаван, немцаў, грузінаў, кітайцаў, узбекаў, латышоў, казахаў, арабаў і таджыкаў.
На нацыянальны састаў насельніцтва Беларусі вялікі ўплыў аказалі міграцыйныя працэсы ў пачатку 1990-х гг. Удзельная вага прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей у Беларусі мянялася ў залежнасці ад розных фактараў, звязаных з войнамі, дзяржаўнай палітыкай, міграцыяй і інш.
3. Характарыстыкі сучаснага менталітэту беларусаў
Традыцыйнымі рысамі менталітэту беларускага народа з’яўляюцца патрыятызм, мужнасць, гуманнасць, добразычлівае стаўленне да іншых народаў.
Для сучаснага беларускага менталітэту характэрная адсутнасць пачуцця перавагі над іншымі народамі. Само жыццё навучыла беларусаў думаць пра інтарэсы грамадства ў цэлым, а не толькі пра свае ўласныя. Цярплівасць, цягавітасць і неагрэсіўнасць, свабодалюбства, адвага і рашучасць беларусаў звязаны з гістарычным мінулым нашага народа, насычаным войнамі і ваеннымі канфліктамі. Лепшыя якасці беларускага народа ярка праявіліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны — на франтах, у масавым партызанскім і падпольным руху на тэрыторыі Беларусі.
Важнае значэнне маюць паважлівае стаўленне беларусаў да іншых поглядаў, пазіцый, узораў культуры, імкненне да ўзаемапаважлівага суіснавання з прадстаўнікамі іншых нацый, канфесій, сацыяльных груп і г. д.
Беларускі нацыянальны характар таксама ўключае такія рысы, як сталасць, устойлівасць, пазбяганне крайнасцей у праяўленні сваіх пачуццяў і эмоцый. Распаўсюджванне хрысціянства на нашых землях прыўнесла ў менталітэт жыхароў Беларусі новыя рысы. Хрысціянская вера паступова фарміравала ў беларусаў гуманнасць у адносінах адзін да аднаго. Яшчэ адной рысай псіхалогіі беларусаў можа лічыцца іх адносная кансерватыўнасць, якая выяўляецца ў нежаданні хуткіх і радыкальных пераўтварэнняў, змен, у схільнасці жыць па традыцыі.
4. Нацыянальная палітыка ў Рэспубліцы Беларусь
У нашай краіне створана трывалая заканадаўчая база, якая рэгламентуе нацыянальныя адносіны і заклала аснову міжнацыянальнай згоды ў Беларусі.
Асноўныя прынцыпы нацыянальнай палітыкі беларускай дзяржавы вызначаны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Беларуская дзяржава рэгулюе адносіны паміж сацыяльнымі, нацыянальнымі і іншымі супольнасцямі на аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі правоў і інтарэсаў іх прадстаўнікоў. Дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у краіне.
У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацаванае права кожнага чалавека на захаванне сваёй нацыянальнай прыналежнасці. У артыкуле 50 гаворыцца аб тым, што ніхто не можа быць прымушаны да ўказання нацыянальнай прыналежнасці. Нацыянальная прыналежнасць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь не фіксуецца ў дакументах і не прымаецца пад увагу пры разглядзе дзелавых якасцей саіскальнікаў любой пасады ў органах дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь.
Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін, навучання і выхавання. Нацыянальным супольнасцям даецца права на адраджэнне нацыянальнай культуры і традыцый. У дзяржаўных навучальных і выхаваўчых установах у адпаведнасці з пажаданнямі прадстаўнікоў нацыянальных супольнасцей дазваляецца вывучэнне нацыянальных моў, можа ажыццяўляцца навучанне і выхаванне на гэтых мовах.
Знявага нацыянальнай годнасці ў Рэспубліцы Беларусь пераследуецца па законе.
26 студзеня 1990 г. быў прыняты Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», які вызначаў статус беларускай мовы як дзяржаўнай. Пры гэтым забяспечвалася права карыстацца рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін. У маі 1995 г. на рэспубліканскім рэферэндуме 83 % грамадзян, якія ўдзельнічалі ў галасаванні, выказаліся за наданне рускай мове роўнага статусу з беларускай. Увесну 1998 г. былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», якія замацавалі дзеючы на сучасным этапе механізм ажыццяўлення двухмоўя ў нашай краіне.
Характэрнай рысай беларусаў з'яўляецца паважлівае стаўленне да іншых поглядаў, пазіцый, узораў культуры, імкненне да ўзаемапаважлівага суіснавання з прадстаўнікамі іншых нацый, канфесій, сацыяльных груп.
Рэспубліка Беларусь характарызуецца стабільнасцю, адсутнасцю канфліктаў на этнічнай, расавай, канфесійнай аснове. Гэта абумоўлена перш за ўсё менталітэтам насельніцтва краіны, памяркоўнасцю, традыцыйным мірным міжэтнічным узаемадзеяннем, а таксама нацыянальнай палітыкай, якая праводзіцца дзяржавай. Прадстаўнікі шматлікіх нацыянальных меншасцей займаюць высокія статусныя пазіцыі ў эканоміцы, палітыцы, сацыяльнай структуры, культуры беларускага грамадства.
Дадзеныя шматлікіх сацыялагічных даследаванняў сведчаць аб тым, што пераважная большасць грамадзян Рэспублікі Беларусь не ўлічвае ў паўсядзённым жыцці нацыянальныя фактары, не надае ім ніякага значэння пры выбары сяброў і знаёмых, спадарожніка жыцця, на працы і ў іншых выпадках узаемадзеяння з людзьмі.
5. Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы ва ўмовах умацавання дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь
Згодна Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь — суверэнная дзяржава. Суверэнітэт Рэспублікі Беларусь — уласцівасць дзяржаўнай улады на аснове волі народа самастойна і незалежна ад іншых дзяржаў рэалізоўваць унутраныя і знешнія функцыі дзяржавы.
Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе сваю ўнутраную і знешнюю палітыку. Яна абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак. Самастойнасць дзяржаўнай улады заключаецца ў тым, што яна рэалізуе сваё прызначэнне без умяшання ў яе дзейнасць знешніх палітычных сіл.
Ва ўмовах суверэннай дзяржавы паступова адбываецца фарміраванне дзяржаўнай ідэалогіі. У аснове ідэалогіі беларускай дзяржавы закладзена ідэя ўсебаковага развіцця беларускай нацыі, якая разумеецца як суверэнная супольнасць усіх грамадзян Рэспублікі Беларусь.
6. Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы
Кожны народ у ходзе свайго гістарычнага развіцця выпрацоўвае пэўную сістэму ўяўленняў, паняццяў, прынцыпаў фарміравання сваёй нацыянальнай супольнасці, форм свайго дзяржаўнага і эканамічнага жыцця, сваіх узаемаадносін з іншымі народамі. Гэтыя ідэі і ўяўленні заўсёды складалі і будуць складаць аснову пабудовы народам сваёй дзяржавы.
Сістэму выпрацаваных народам ідэй і ўяўленняў аб гісторыі станаўлення і развіцця сваёй дзяржаўнасці, асаблівасцях уладкавання інстытутаў дзяржаўнай улады, аб кірунках, мэтах і задачах далейшага развіцця дзяржавы, формах і спосабах яго ўзаемадзеяння з іншымі народамі з поўнай упэўненасцю можна назваць ідэалогіяй нацыянальнай дзяржаўнасці, якая акумулюе ўсё канструктыўнае, карыснае для Беларусі з вопыту мінулага і дасягненняў сучаснасці.
Характэрнымі рысамі ідэалогіі з’яўляюцца патрыятызм, адданасць Айчыне, гонар за свой народ. Ідэалогія беларускай дзяржавы заклікана ўмацаваць у народзе Беларусі стагоддзямі існуючы імунітэт супраць нацыянальнай абмежаванасці, пагарды да іншых народаў. Ідэалогія арыентавана на забеспячэнне інтарэсаў Рэспублікі Беларусь у сусветнай супольнасці, але не праз адасобленасць і самаізаляцыю, а праз імкненне да шматвектарнага супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі свету.
Такім чынам, сучасная ідэалогія беларускай дзяржавы з’яўляецца своеасаблівай «духоўнай канстытуцыяй» краіны. Яна аб’ядноўвае грамадзян рознай этнічнай, моўнай і канфесійнай прыналежнасці і ўладныя структуры ў адзіны арганізм.
Ва ўмовах развіцця Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы ўсё большае значэнне набывае пытанне афармлення агульнанацыянальнай ідэі. Беларуская агульнанацыянальная ідэя ў сучасных умовах — гэта ідэя ўзнаўлення і ўсебаковага развіцця беларускай нацыі, якая разумеецца як суверэнная супольнасць усіх грамадзян Рэспублікі Беларусь. Гэтая ідэя можа быць забяспечана ператварэннем Беларусі ў моцную і квітнеючую дзяржаву шляхам яе бесперапыннага інавацыйнага абнаўлення, уключэння ў інтэграцыйныя працэсы.
Паняцце «агульнанацыянальная ідэя» лічыцца больш шырокім па змесце, чым ідэя нацыянальная. Агульнанацыянальная ідэя здольная аб’яднаць большасць грамадзян рэспублікі, стаць асновай для кансалідацыі і стабілізацыі грамадства.
Асноўнымі задачамі дзяржаўнай ідэалогіі з'яўляюцца аб'яднанне большасці грамадзян Рэспублікі, кансалідацыя і стабілізацыя грамадства.
Пытанні і заданні
1. Дакажыце, што ў ХХ — пачатку XXI ст. беларуская нацыянальная ідэя атрымала сваё рэальнае ўвасабленне.
2. Якія гістарычныя ўмовы, на ваш погляд, абумовілі шматнацыянальны склад насельніцтва Беларусі? Сваё меркаванне аргументуйце.
3. Як, на вашу думку, суадносяцца паняцці «беларуская нацыянальная ідэя» і «ідэалогія беларускай дзяржавы»?
4. Ахарактарызуйце ідэалогію беларускай дзяржавы па наступным плане: прызначэнне; характэрныя рысы; асноўныя прыярытэты; роля ў сучасным беларускім грамадстве.
5. Выкарыстоўваючы дадатковыя крыніцы (мясцовыя СМІ, сайт райвыканкама і інш.), даведайцеся аб нацыянальным складзе насельніцтва рэгіёна, у якім вы жывяце.
6. Як вы разумееце меркаванне: «Ідэалогія нацыянальнай дзяржаўнасці акумулюе ўсё канструктыўнае, карыснае для Беларусі з вопыту мінулага і дасягненняў сучаснасці»?